Стварыць у Беларусі буйное дрэваапрацоўчае прадпрыемства.

«У перамовах з кампаніяй IKEA мы выйшлі на фінішную прамую па стварэнні сур'ёзнай вытворчасці па перапрацоўцы драўніны ў раёне Барысава (Мінская вобласць)», — паведаміў журналістам 15 верасня міністр лясной гаспадаркі Пётр Сямашка.

Аб'ём перапрацоўкі па праекце складзе 600 тыс. куб. м драўніны за год, адзначыў ён.

Як паведамляў БелаПАН, 12 верасня 2007 года на прэс-канферэнцыі ў Мінску намеснік міністра лясной гаспадаркі Мікалай Юшкевіч паведаміў, што канцэрн IКЕА гатовы інвеставаць у Беларусь 25 млн. долараў. Паводле яго слоў, кампанія звярнулася ў Міністэрства эканомікі праз латвійскую кампанію-партнёра з прапановай стварыць у Гродзенскай вобласці комплекс па вытворчасці мэблі.

Пытанне аб стварэнні ўласнай вытворчасці ў Беларусі ўздымалася яшчэ ў 2001 годзе. Тады з пяцідзённым візітам у краіне па запрашэнні Міністэрства прадпрыемства і інвестыцый знаходзілася група шведскіх бізнесменаў на чале з уладальнікам канцэрна Інгварам Кампрадам. Планавалася, што вытворчасць будзе арганізавана шляхам стварэння замежнага прадпрыемства «Шведвуд Беларусь» на тэрыторыі Полацкага раёна (Віцебская вобласць). Паведамлялася, што сума інвестыцый складзе 30 млн. долараў. Прадпрыемства павінна было займацца лесанарыхтоўкамі, распілоўваннем лесу і выпускам мэблі. Аднак яно так і не было створана.

Даведка БелаПАН. Шведская кампанія IКЕА заснавана ў 1943 годзе. Цяпер працуе ў 44 краінах. Выпускае і рэалізуе праз сетку буйных магазінаў недарагую зборную мэблю і аксесуары для дома. Выпускае каля 9,5 тыс. найменняў прадукцыі.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0