Сайт грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» прапаноўвае ўрывак з інтэрв'ю Лукашэнкі літоўскім СМІ у эфіры тэлекампаніі «Lietuvos Rytas».

– Спадар прэзідэнт, Віктар Ганчар, Анатоль Красоўскі, Дзмітры Завадскі, Юры Захаранка – гэта імёны палітыкаў і журналістаў, якія без вестак зніклі ў Беларусі, але злачынцы дагэтуль не знойдзеныя.

– Чаму вы без суду вызначылі кагосьці ў злачынцы? Вы прадстаўнік дэмакратычнага грамадства, таму павінны разумець, што злачынец – гэта тады, калі суд прыняў рашэнне. Ні ваш суд, ні наш, а гэта павінен быць наш суд, не прымаў такога рашэння.

– Але ўсё-ткі гэтыя імёны вы, мусіць, пачуеце ў Вільні. Які будзе ваш адказ?

– Ведаеце, я за свае гады ўжо столькі разоў чуў гэтыя імёны, а адказ просты. Вось ведаючы тое, што вы такія дэмакраты ў нас, я запытаў вось такую інфармацыю. Раю і вам, калі я прыеду ў Літву, паколькі я гэтыя імёны пачую, гэтыя лічбы мець па Літве. Колькасць зніклых без вестак ў Беларусі – 2289 чалавек з 1991 года. 2289 чалавек, на жаль, у нас зніклі без вестак.

– Так, але мы кажам пра высокапастаўленых палітыкаў.

– Паслухайце мяне. У нас няма высокапастаўленых палітыкаў. Тым больш, яны ніяк не былі пастаўленыя. За восем месяцаў гэтага года знойдзена 718 чалавек. У год у вышук у нас аб'яўляецца 1600 чалавек. За год знаходзіцца 900 чалавек, гэта значыць менш, на жаль. У Расеі – гэта сотні тысячаў чалавек, на Украіне - дзясяткі тысячаў. Раю вам пацікавіцца, колькі ў вас без вестак знікла, колькі знайшлі, і гэтак далей. Для мяне гэтыя людзі аднолькавыя. Вы іх называеце высокапастаўленымі палітыкамі. Я так не лічу. Яны звычайныя людзі і як яны маглі быць высокапастаўленыя для мяне цалкам не зразумела. Гэта што, па пасадзе? Дык яны ніякія пасады не займалі. Яны былі ў маім урадзе. І Віктар Ганчар займаў пасаду віцэ-прэм'ера, потым махнуў рукой і сышоў. Не ведаю, праўда, пры чым тут, як вы сказалі, Красоўскі? Красоўскі ніякім пастаўленым не быў.

Дзіма Завадскі – гэта аператар, які са мной працаваў. Я не разумею наогул, якое ён мае дачыненне да палітыкі? Вось у вас хлопцы працуюць аператарамі, якую яны палітыку праводзяць?
Якую яны шкоду могуць прыносіць, тым больш – прэзідэнту? Ну добра, калі прэзідэнт вінаваты і вінаваты ледзь не ў тым, што гэтыя людзі зніклі. Але прычым тут Дзіма Завадскі, прычым тут Віця Ганчар, з якім мы ўвесь час былі разам, мы сябравалі з гэтым чалавекам.
Красоўскі ці Красуцкі? Красоўскі – бізнэсмэн, так? Я яго ніколі не бачыў, не чуў, даведаўся пра яго толькі тады, калі чалавек кудысьці знік.
Захаранка, былы міністр. У гэтага Захаранкі быў бізнэс з Украінай. Вы вось гэтае пытанне вывучыце, калі вам цікава. Камусьці завінаваціўся, папярэджвалі яго, глядзі, будзь уважлівей. Не я папярэджваў, а людзі, з якімі ён у МУС працаваў. Не, у мяне бізнэс! Завінаваціўся мільёны. Мы і гэтую версію разглядаем. Мы не адну з версіяў не адкідаем. І самае галоўнае, вам, напэўна, гэта вядома, у адной з краінаў мы кагосьці ўбачылі. І хутка далі запыт – дайце нам інфармацыю. Вось ён у нас зніклы, а там ходзіць. Фатаграфіі былі і артыкулы ў газетах, у іх, не ў нас. Дагэтуль нам інфармацыю не далі. Разумееце, і цэлы кангламерат пытанняў.
І самае галоўнае, што ні сваякі, не блізкія, не спрабуюць аказаць падтрымку, каб выявіць ісціну. Усё палітызавана.
Трэба інтэрв'ю даць? Жонку, дачку, сваяка, сына, вязуць у Маскву, у Літву, яшчэ кудысьці. Усё гэта выкарыстоўваецца мэтанакіравана - супраць Лукашэнкі. Калі гэта вам хочацца выкарыстаць, дык калі ласка. Я яшчэ раз падкрэсліваю, што я да гэтага прызвычаіўся. Да гэтых выбрыкаў. Гэта, вядома, мая бяда, што ў нас столькі людзей зніклых, але ў вас не менш, па ўдзельнай вазе. Гэта бяда любой краіны і я не вылучаю іх як высокапастаўленых палітыкаў. Яны ў нас былі пастаўленыя ўсе на аднолькавы ўзровень. І, дарэчы, яны не былі апазіцыянерамі.

– Віктар Ганчар быў апазіцыянерам.

– Віктар Ганчар? Ну які ён быў апазіцыянер?! Хто грошай заплаціць, на таго ён і працаваў, ну што вы кажаце. Ну я Віктара ведаю лепш, чым вы. І далей, прад'яўленне прэтэнзіяў з боку сваякоў: дзе мой муж, дзе мой сын і гэтак далей. Гэта я, перш за ўсё, павінен спытаць у сям'і, дзе ваш муж, дзе ваш сын? Чаму вы не глядзелі, калі ён не быў зніклым? Чаму вы ўвагі не звярталі? Як яго не стала, гэта стала палітыкай і заробкам для іх. Мы гэта таксама добра ведаем. Таму не трэба на гэтым рабіць палітыку. Таму не трэба на гэтым горы людскім будаваць палітыку супраць Лукашэнкі, супраць краіны. Не трэба, гэта выгады не прынясе. Паверце, перад вамі сядзіць чалавек больш-менш дасведчаны ў тым, што адбываецца сёння вакол гэтага працэсу. Я не буду канкрэтызаваць, але я ведаю вельмі добра, што адбываецца. Але мяне здзіўляе адно: вы, якія так актыўна змагаецеся супраць расейскай рэчаіснасці, і так актыўна адначасова і збалансавана ўзнімаеце гэтае пытанне і ў Маскве, і ў Вільні? А я ведаю, хто за гэтым стаіць, таму калі вы хочаце пагаварыць, дык калі ласка, я гатовы абмеркаваць гэтую тэму, але давайце размаўляць на гэтую тэму добразычліва. Без усялякіх папрокаў і гэтак далей. Вы хочаце ведаць, на якім узроўні гэты працэс? Калі ласка, да генеральнага пракурора – ён у нас гэтай справай займаецца. Гэтае пытанне знаходзіцца на кантролі ў прэзідэнта, яны мне рэгулярна дакладаюць, што зроблена за апошні час, як і па шмат якіх іншых важных пытаннях, калі ён палітызаваны.

Хартыя’97

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0