Кіроўца цягача Юры Кузьміч сваю віну прызнаў, аднак лічыць вінаватым і кіраўніцтва часці.

Прысуд па гучнай крымінальнай справе суддзя Брэсцкага міжгарнізоннага ваеннага суда агучыў 15 верасня.

Салдат тэрміновай службы Юры Кузьміч прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч. 2 арт. 464 «Парушэнне правіл кіравання альбо эксплуатацыі баявой, спецыяльнай ці транспартнай машыны, якое пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека, альбо прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання» КК РБ і асуджаны да 4 гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на 2 гады.

Кіроўца цягача Юры Кузьміч сваю віну прызнаў, аднак лічыць, што вінаваціць за здарэнне трэба не толькі яго, але і кіраўніцтва часці, якое не здолела належным чынам забяспечыць бяспечны рух вайсковай тэхнікі па ажыўленай дарозе.

На судовым паседжанні ён распавёў, што ў дзень, калі калона вайсковай тэхнікі вярталася з палігону, было вельмі горача і пыльна. Шлейф пылу ад машыны, што ішла наперадзе, быў настолькі густым, што ён практычна нічога не бачыў перад сабой і арыентаваўся толькі па слядах ад тракаў і па габарытных агнях лідэра калоны МТЛБу.

– Калі мы толькі выязджалі з палігону, я сказаў старшаму машыны, што з-за пылу практычна нічога не бачу, – распавёў салдат, – але той толькі паціснуў плячыма, маўляў, нічога не зробіш, трэба ехаць. Калі мы ўжо былі на лясной дарозе, насустрач нашай калоне праехала нейкая машына, падняўшы яшчэ большы слуп пылу, так што я наогул перастаў арыентавацца. Я адразу ж стаў скідаць хуткасць, але літаральна праз пару секунд адчуў удар.

Салдат сказаў таксама, што калі б у ягоным цягачы працавала радыёстанцыя (яна якраз напярэдадні выйшла са строю, так што сувязь паміж кіроўцамі ажыццяўлялася, паводле ягоных слоў, толькі з дапамогай жэстаў), то, магчыма, яго маглі б папярэдзіць пра небяспеку і сутыкнення можна было б пазбегнуць.

У суддзі таксама выклікала пытанні тое, якім чынам можна кіраваць кіроўцам без сувязі, карыстаючыся толькі жэстамі, не будучы ўпэўненым у тым, што гэтыя жэсты зразумеюць і пачуюць, а таксама чаму калона рухалася без суправаджэння, якое кіраўніцтва часткі чамусьці не палічыла патрэбным арганізаваць.

Пакуль невядома, ці будуць пераследавацца ў судовым парадку тыя ваенныя, якія адказвалі за арганізацыю і бяспеку руху тэхнікі. Аднак да моманту пачатку разбіральніцтва яны атрымалі толькі службовыя спагнанні.

Пацярпелыя, у тым ліку і бацькі загінулага хлопчыка, прасілі суддзю, каб да салдата было ўжытае мінімальнае пакаранне. Яны ўказвалі на тое, што вінаваціць у здарэнні найперш трэба камандзіраў. Пра больш мяккі прысуд прасіла і камандаванне брэсцкай часткі, у якой служыў юнак: па службе ён характарызаваўся выключна станоўча і нават хацеў працягнуць службу на кантрактнай аснове.

Аднак суд прысудзіў хлопца да пазбаўлення волі. А з той прычыны, што салдат атрымаў адтэрміноўку на 2 гады, то пакуль ён працягне вайсковую службу. Акрамя таго, вайсковую частку абавязалі выплаціць пацярпелым матэрыяльную шкоду – больш за 5 млн рублёў, выдаткаваных на лекаванне пацярпелых дзяўчат, пахаванне загінулага хлопчыка і аказанне юрыдычных паслугаў.

Таксама бацька загінулага падлетка падаваў хадайніцтва на кампенсацыю маральнай шкоды на суму 100 млн рублёў (па 50 млн кожнаму з бацькоў), аднак суд па просьбе прадстаўніка часці знізіў суму і ў выніку бацькам будзе выплачана сума ў 10 разоў меншая за тую, якую яны заявілі – толькі 10 млн. рублёў.

Бацька загінулага хлопчыка Сяргей Ізотаў лічыць, што сума, якую абавязалі выплаціць у якасці кампенсацыя маральнай шкоды, проста смешная. Сяргей прызнаўся, што ён наогул не збіраўся падаваць гэты пазоў і не зрабіў бы гэтага, калі б хаця б адзін прадстаўнік часці прыйшоў і прабачыўся за тое, што здарылася.

Аднак апратэстоўваць прысуд пацярпелы не будзе, ён збіраецца спагнаць з часткі толькі кошт аўтамабілю, што пацярпеў у выніку ДТЗ. Яго адвакат ужо рыхтуе грамадзянскі пазоў.

Дарожна-транспартнае здарэнне, у якім загінуў 17-гадовы падлетак і сур’ёзна пацярпелі дзве ягоныя аднагодкі, адбылася 28 мая 2009 года на лясной дарозе непадалёк ад в. Палонка Баранавіцкага раёну.

У той дзень з палігону в. Дзераўная ў вайсковую частку вярталася калона гусенічнай тэхнікі, якая складалася з сямі машын. На павароце дарогі ўлева гусенічны цягач МТЛБу выехаў на паласу стрэчнага руху і сутыкнуўся з джыпам «Хундай-Галопер», за рулём каторага знаходзіўся 17-гадовы жыхар в. Палонка Арцём Ізотаў.

У выніку ДТЗ хлопец атрымаў сур’ёзныя траўмы і ў той жа дзень памёр у бальніцы. Траўмы атрымалі і дзве ягоныя аднакласніцы, якіх ён у той дзень падвозіў з школы дахаты.

Intex-press

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0