Вядомы літоўскі псіхатэрапеўт Алег Лапін аналізуе псіхалогію «дыктатара» на прыкладзе Лукашэнкі.

Аляксандра Лукашэнку ў краінах Захаду называюць «апошнім дыктатарам Еўропы». Манеры паводзін беларускага прэзідэнта, яго тэмперамент і ўтоенае за сямю пячаткамі асабістае жыццё на фоне прысутнасці пазашлюбнага сына Колі, якога сам лідэр Беларусі называе пераемнікам, наводзяць на гістарычныя паралелі з дыктатарамі ў іншых краінах.

Вядомы літоўскі псіхатэрапеўт Алег Лапін распавёў літоўскаму парталу DELFI пра такі тып чалавечых істот, як «дыктатар», на прыкладзе беларускага прэзідэнта.

«Што ж вы мяне штурхаеце ў дыктатуру?»

«Што ж вы мяне штурхаеце ў дыктатуру?»

– Калі казаць пра дыктатараў увогуле, з Вашага пункта гледжання, у чым прычына таго, што людзі іх выбіраюць? Бо гісторыі вядомыя выпадкі, калі яны прыходзяць да ўлады дэмакратычным шляхам, гэта значыць праз выбары? Аляксандр Лукашэнка таксама стаў прэзідэнтам праз усеагульнае галасаванне.

– Калі ў чалавека ёсць нейкія асобасныя рысы, яго выбіраюць. Улада з'явілася задоўга да дэмакратыі, выбар быў патрэбен роду, грамадзе, каб хтосьці браў на сябе адказнасць і рабіў жыццё ясным і простым.

Асобы, што пасавалі для ўлады, павінны былі валодаць больш-менш простымі, прымітыўнымі якасцямі, мець вонкавыя характарыстыкі, што вылучаюцца на фоне іншых людзей: ростам, голасам, тэмпераментам.
Да прыкладу, калі возьмеце пяць выпадковых чалавек, зачыніце іх у машыне, прыспіце і завезяце ў лес, дзе высадзіце, то ім непазбежна давядзецца кагосьці абраць у якасці важака. І звычайна на ролю важака патрапіць чалавек з пэўным характарам. Гэта значыць, самы буйны, самы гучны і самы нецярпімы мужчына. Ён не будзе разважаць, хавацца, ён будзе дзейнічаць. Людзі будуць пачувацца з ім лепш.
Калі сітуацыя запатрабуе дыпламатыі, то патрэбныя будуць дэмакратычныя лідэры. Але для сітуацыі, калі незразумела што адбываецца і вакол ворагі – такія людзі будуць абраны аўтаматычна. А ці прымуць яны такую ролю? Хутчэй за ўсё прымуць, бо чалавек любіць, каб яго паважалі, прызнавалі. Таму чалавек з такімі якасцямі не будзе адмаўляцца. Таму беларусы абралі Лукашэнку, і Лукашэнка абраў беларусаў.
Ён ніколі б не патрапіў у прэзідэнты ЗША, прэм'ер-міністры Брытаніі і яго наўрад ці абралі б немцы.

– Гэта значыць, што нікога іншага ў той момант беларусы абраць не маглі?

– На той перыяд, калі яго выбіралі, Лукашэнка быў аптымальным прэзідэнтам для Беларусі. Для Літвы ён ці наўрад быў бы адпаведным прэзідэнтам. Можа быць і для Расіі не вельмі добрым, бо ён занадта небяспечны.

– Які тып тэмпераменту ў Аляксандра Лукашэнкі?

– Тэмперамент у Лукашэнкі відавочна халерычны.

Халерыкі пераконваюць сваёй нецярпімасцю.
Калі чалавек вельмі перакананы, калі чырванее пры гутарцы, калі ў яго з рота ідзе пена, то мы яму верым. Верым, што ён кажа праўду. Калі чалавек усміхаецца, калі яго вочы бегаюць, ён ветлівы – мы яму не давяраем. Калі ж ён дэманструе нецярпімасць, мы яму верым.

– Навошта Лукашэнку спатрэбіўся публічны плюс з імём Коля?

– Тут дзейнічаюць розныя фактары. Як Лукашэнку завуць? Бацька.

Калі на працягу шматлікіх гадоў казаць, што вы – бацька, то рана ці позна вы ім станеце. Будзеце дэманстраваць, што вы – бацька. Людзі схільныя матэрыялізавацца ў сваіх паводзінах.

Калі Лукашэнка з сынам – ён відавочна бацька. І, быўшы з сынам, ён паказвае, што рыхтуе яго ў пераемнікі. Гэта ўласціва для такіх дыктатарскіх натур. Не спадзявацца больш ні на кога, акрамя як на сваю кроў. Успомніце дыктатара Паўночнай Карэі. У краінах Афрыкі ёсць прыклад Аміна ва Ўгандзе, які апранаў свайго сына ў генеральскую форму. Гэта азначае, што я (дыктатар – DELFI) давяраю толькі сваёй крыві, тады як дэмакратычны кіраўнік не звязвае поспех толькі з сабой. Ён ведае, што пасля яго прыйдзе іншы. Дыктатар не можа так думаць. Ён занадта ўпэўнены, што менавіта ён павінен быць цэнтрам, і ў такой сітуацыі сын – яго працяг, а не іншы чалавек. Акрамя таго, маленькага прасцей дэлегаваць. Маленькі сын абагаўляе бацьку да вызначанага ўзросту. І ён прымае гэту ролю. Такіх дзяцей завуць дзеці-дэлегаты. Гэта значыць дзеці без свайго «я». Яны вельмі выразна выконваюць ускладзеную на іх місію. Такія дзеці вераць, што свет уладкаваны так, як кажуць бацькі, прынцыпы ў іх такія ж і місія такая ж. Яны працягваюць дзейнасць сваіх бацькоў. Звычайна такая дэлегацыя рана ці позна сканчаецца. Дзеці разумеюць, што жывуць не сваім жыццём і ў 20 ці нават у 30 гадоў пачынаюць ісці назад, узнімаюць запознены мяцеж, чым вельмі раняць сваіх бацькоў. Пакуль табе мала гадоў, у цябе няма моцных схільнасцяў да самастойнасці. Ты верыш, што свет уладкаваны проста і ясна. Гэта завецца класічным перыядам дзяцінства. Большасць дзяцей ва ўзросце да 10-ці гадоў вераць у тое, што ў свеце ўсё так, як павінна быць. Ёсць наша выдатная краіна, самы лепшы тата, самае смачнае малако. Ёсць дрэнныя людзі, і мы з імі не сябруем, а калі яны нападуць, у нас ёсць знішчальнікі, ракеты. Такі светапогляд вельмі зручны для таго, каб хто-небудзь што-небудзь дэлегаваў. Для дзіцяці гэта проста і ясна. З іншага боку гэта здаецца выкарыстаннем дзяцей:

вы адбіраеце ў дзіцяці дзяцінства, навошта яму генеральская форма?
Але гэта так здаецца з боку. Знутры – гэта натуральна і звычайна. Які хлопчык не жадае быць падобны да таты? Так што тут нельга ўпадаць у крайнасці, асуджаць Беларусь ці самога Лукашэнку. Мы можам параўноўваць. Для нас, Літвы, такі варыянт бы не прайшоў. З іншага боку – для гэтай краіны (Беларусі – DELFI), гэтага народа – гэта звычайна.

– Атрымліваецца, што сваімі паводзінамі Аляксандр Рыгоравіч, у прынцыпе, усім пацвярджае, што ён дыктатар...

– Я думаю, што гэта звязана з тым, што дыктатар адназначна павінен разумець, што быць дыктатарам – дрэнна. Калі мы паглядзім, адкуль з'явілася дэмакратыя, то ўбачым, што ў Старажытнай Грэцыі доўгі час кіравалі дыктатары, іх звалі тыранамі. На адным з іх яны спыніліся і вырашылі, што хопіць з іх тыранаў, і стварылі народны збор. Высветлілася, што стала менш непрадказальнасці, але з'явілася больш бюракратызму, цяганіны і інтрыг. Кожны лічыў сябе разумнейшым за іншых, у сувязі з чым грэкі выганялі на некаторы час па-за межы полісу найболей актыўных, найболей выбітных. У дыктатуры няма праблемы з выбітнымі людзьмі. Рашэнне прымаецца хутка. Ніхто ні за што не павінен галасаваць, а калі і павінен, то парламент у дадзеным выпадку будзе марыянеткавым. Вазьміце Сталіна. Пытанне стаяць ці не стаяць якомусьці ліхтару ў Маскве мог вырашыць сам Сталін. Без правалочак. Для пэўных гістарычных эпох дыктатура лепшая за дэмакратыю. Да прыкладу, у сітуацыі, калі цябе атачаюць ворагі і калі ты жывеш у сельскай мясцовасці. У гарадскіх культурах, і калі ты сябруеш з суседзямі, дыктатары не патрэбныя.

Такая ж сітуацыя, калі вы жывяце ў варожым асяроддзі.

– Лукашэнку часта завуць неадэкватным чалавекам, дэманізуюць яго...

– Дыктатара пры жаданні можна зрабіць хворым і сказаць, што ён псіхапат. Калі мы паглядзім на сітуацыю, у якой ён жыве і вырас, то, магчыма, для такой сітуацыі іншы чалавек і не падыдзе.
Асабліва, калі лічыць, што Беларусь глядзіць на свет варожа, мяркуючы, што яе атачаюць ворагі. У такой сітуацыі без дыктатуры нічога не пасееш і не пажнеш.

– Цікава атрымліваецца, што ў шматлікіх краінах, якія ўтварыліся пасля распаду СССР, ля стырна ўлады стаяць людзі з выразна выяўленымі схільнасцямі да аўтарытарнасці. Ці ў тым справа, што няма паўнавартаснай дэмакратычнай культуры?

– Чаму яе няма, бо ёсць жа неба, дрэвы і зямля і ў Германіі, і ў Расіі. Расія доўгія гады спрабавала ўвесці дэмакратыю. У Ноўгарадзе, у Пскове было самакіраванне, веча. Калі Ілжэдзмітры ішоў на Маскву, цара не было, і ўсё вырашалі зборам. Але з'явіўся Пётр І, з'явіўся флот, гарады, усім абрэзалі бароды. Аднак у Расіі ўсё звальвалася ў дыктатуру.

– І людзі, якія насяляюць гэтыя краіны згодныя з гэтым...

– Безумоўна, у Расіі ёсць дасягненні ў дэмакратыі. Але праходзіць нейкі час і і пачынаюць казаць пра тое, што вакол нас – іншыя людзі, мы – не частка свету. Мы – адмысловая дзяржава, і розумам нас не зразумець. Таму мы аточаныя ворагамі, таму нам патрэбен бацька. Падобныя ідэі распаўсюджаны і ў Расіі. Падобныя настроі часта ідуць побач з дыктатурай. Што патрэбен не разумны, гнуткі, а менавіта моцны чалавек, жалезная рука. Нават у дэмакратычных краінах, напрыклад, у Брытаніі. Калі рэзка пазначылася пагроза перамогі сацыялізму, пачалі страйкаваць шахцёры. І раптам з'яўляецца Маргарэт Тэтчэр і жалезнай рукой наводзіць парадак.

– Усё-ткі хамскія метады прыгнечання людзей у наш час ужо не заўсёды працуюць. Лукашэнку трэба быць, мяркуючы па ўсім, добрым псіхолагам?

– Рэдка псіхолаг можа стаць часткай дзяржавы.

Псіхолагі – людзі другасныя, яны павінны атрымаць інфармацыю, прааналізаваць яе. Для палітыкі гэта занадта павольна. Такога палітыка будуць лічыць асцярожным, нерашучым. Можна заўважыць, што звычайна, калі мы кажам пра палітыка, то ўсё эпітэты звязаныя з сілай.
Мы кажам – жалезная рука, моцны палітык, валявы палітык. Мы кажам – мяккі палітык, ануча, нерашучая палітыка Клемансо, якая развязала рукі фашысткай агрэсіі... Мы, самі таго не разумеючы, увесь час ацэньваем палітыка па яго сіле, а не па розуме.
У сіле вельмі шмат ірацыянальных фактараў. Палітык працуе сваёй воляй і сілай, падобнасцю на выбаршчыка.
Лысыя выбаршчыкі ў акулярах часта выбіраюць такіх жа, як яны.
Гітлера абралі дэмакратычным шляхам, таму што ён быў вельмі падобны да большасці няўдалых, расчараваных істэрычных немцаў міжваеннай пары.
Сталін быў простым. Леніна звалі самым людскім з усіх. Гэта значыць выбіраюць не самага разумнага, а падобнага да нас, але круцейшага.

– У кіраўнікоў дзяржаў прынята паказвацца на афіцыйных мерапрыемствах, падчас візітаў са сваімі сужэнцамі. Аляксандр Лукашэнка наадварот, сваё асабістае жыццё хавае ў літаральным сэнсе за платамі. Пісаць і казаць пра гэта – табу для журналістаў. Але пры гэтым з'яўляецца пазашлюбны сын Коля...

– Вялікую ролю грае тое, што побач з жанчынай некаторыя мужчыны не пачуваюцца ўпэўнена. Калі браць сям'ю, то дыктатарам часцей за ўсё становіцца жонка. Большасць сем'яў – сем'і з відавочным матрыярхатам. І калі вы з такой жонкай з'яўляецеся навідавоку, то псіхалагічна вы не можаце быць дыктатарам. З жонкай можа з'явіцца не мача, а джэнтэльмен, для якога жанчына не ўяўляе небяспекі.

Дыктатары інстынктыўна імкнуцца быць мача, імкнуцца выконваць жаданні выбаршчыкаў, якія шукаюць «крутога мужыка». А круты мужык нідзе не можа з'явіцца з жонкай, інакш тады ён не будзе крутым.
Таму паважаны спадар Лукашэнка правільна робіць, што нікуды не ходзіць з жонкамі ў грамадскія месцы, таму што невядома, што гэтыя жонкі могуць выкінуць.

– Ці магчыма такое, што дыктатар можа рэзка змяніць свае паводзіны, перастаць быць ім?

– На жаль, асобы такога плану схільныя ўпадаць у параною. Замест таго, каб крытычна асэнсаваць тое, кім яны з'яўляюцца, яны пачынаюць пошук ворагаў, якімі становяцца паступова ўсе.
Калі ты самы круты – лагічна, што мала каму гэта падабаецца. Узнікае боязь канкурэнцыі. У дыктатара псіхалогія такая: я цэнтр сітуацыі. У яго заўсёды ёсць зайздроснікі, апазіцыянеры. У кожнага Цэзара ёсць свой Брут, іншымі словамі. Таму ў мэтах прафілактыкі яны пачынаюць з ворагамі барацьбу, і ўзнікае небяспека ўпасці ў параною. Бываюць варыянты, калі чалавека косіць хвароба, як было з Ленінам. І ён пераасэнсоўвае свет. Але гэта здараецца рэдка. Вялікая імавернасць, што Лукашэнка будзе бачыць вакол сябе ворагаў.

– Ён, дарэчы, прыязджаў у Літву, гэта значыць у еўрапейскую краіну, тады як ён не наведваў краін Захаду парадку 10 гадоў...

– Выдатна. Чым далей адцягваецца пачатак параноі, тым лягчэй людзям вакол яго. Чым болей чалавек мае зносінаў, тым слабейшая яго падазронасць. У Беларусі ж таксама адбываюцца некаторыя паслабленні.

Канстанцін Амялюшкін, DELFI.lt

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0