Фота Андрэя Лянкевіча

На фэсьце застой, а сярод адкрыцьцяў ізноў магілёўцы. З Гарадка вярнуўся Сяргей Будкін.

17-га па ліку «Басовішча» чакалі ўсе. Удзельнікі суполкі «Studenty.by» – каб давесьці, што яны здольныя зладзіць найбуйнейшы беларускі фэст ня горш, чым ранейшыя арганізатары. Удзельнікі конкурсу – у спадзеве, што ім абломіцца бясплатны запіс альбому, а гледачы – каб ізноў акунуцца ў тую незабыўную атмасфэру ва ўрочышчы Барок, калі можна пачуць улюбёныя песьні зь якасным гукам ды паматляць пры гэтым Сваім Сьцягам. «Вы на Гарадок? Гэй-ля-ля будзе?» – пытаецца на беластоцкім вакзале тамтэйшы прыхільнік «энэрэмаў» і радуецца нашаму станоўчаму адказу. «Колькі можна смажыць адну і тую ж катлету?» – скепсіс зыходзіць з вуснаў лідэра «Zero-85» Сенькі пры азнаямленьні з праграмай сёлетніх «Басаў». Частка выступоўцаў сапраўды ўдзельнічала ў леташнім і пазалеташнім фэстах. Аднак былі і сюрпрызы.

Лёгкі першы дзень

Афіцыйна «Басовішча-2006» сваім выступам адкрылі літоўскія рок-зоркі з «IR», якія дзеля цікавасьці пагадзіліся прыехаць за бясцэнак. Прыстойны эўра-рок мала хто ацаніў – яшчэ засьветла, і ля сцэны таўкуцца толькі тутэйшыя. Вакаліст «IR» Герман пасьля наведаньня «Басоў» цьвёрда вырашыў вучыць беларускую мову і паабяцаў нават запісаць песьню па-беларуску – ягоны дзед колісь кіраваў беларускім хорам у Вільні.

Перад літоўцамі ў межах «Вольнай сцэны» грымелі мясцовыя гурты. Адзін зь іх выконваў тыпова кабацкія песьні і распужаў нешматлікіх гледачоў сваім кавэрам на «Ехалі на тройцы з бубянцамі».

«Басовішча» канчаткова адышло ад свайго цяжкага фармату і стала больш рознастылёвым. Але ад гэтага ня сталася модным эўрапейскім фэстывалем. У першы дзень палова выступоўцаў былі з Польшчы. На правах гаспадароў ігралі гарадоцкія «5set5» i «Rima», якія мала каго абудзілі. Ад уроцлаўскай «Siddhartha» зыходзіла яшчэ меней драйву. Хацелася б пачуць сапраўды найлепшыя польскія каманды побач зь беларускімі музыкамі.

Скандальная песьня Крова

У першы дзень запомніўся сваёй скандальнай песьняй «Чырвоным па белым» Кроў, у якой ён надаваў аплявух шэрагу беларускіх рок-зорак. Дзікавата падпявалі першыя шэрагі: «Памідор-оф/Фак-оф!» «Хіп-хоп – гэта найперш шчырасьць. І я не хачу хаваць сваё стаўленьне да некаторых асобаў», – растлумачыў мне рэпэр, які падчас выступу зьняў сваю фірмовую маску.

У гадзіну ночы чаравала сваёй музыкай «Тройца», якая сёлета дэбютавала на «Басовішчы». Калі б давалі спэцпрыз за самы магутны голас фэсту, яго б атрымаў Іван Кірчук – «Яблынь мая» гучала на ўвесь абсяг, будзячы ў намётах пры- хмялелых гасьцей і не даючы гарадоцкім заснуць у сваіх хатах.

Бязь зьменаў

Млявае ранішняе сонейка будзіць часовых жыхароў Барка. Раней за астатніх уздымаюцца канкурсанты. Менавіта яны распачнуць другі дзень фэсту. Сёлета на «Басовішча» трапілі дзесяць камандаў – абсалютна розных у стылістычным пляне і прыкладна роўных па ўзроўні. Вынятак – гурт «Моцарт», якому давялося граць першаму. Музыкі добра папрацавалі ў агітацыйным пляне (іх выбралі паводле вынікаў інтэрнэт-галасаваньня на «Тузіне гітоў»), але ж іх наіўны поп-рок зь беднымі аранжыроўкамі і яшчэ бяднейшымі тэкстамі мала каго крануў.

З адкрыцьцяў конкурсу – ізноў магілёўцы. Выдатная love-рок-каманда «Vodar Susviet» з клявішамі і гітарным драйвам (крышачку пад «HIM»), простымі песьнямі і пазытыўнай энэргіяй.

А слэм можна зладзіць пад іншых магілёўцаў – «Nevma». Іх вакаліст запальваў на сцэне – калі б Мулявін нарадзіўся пасьля сьмерці Брэжнева, ён бы выконваў такую музыку.

Паводле вынікаў конкурсу магілёўцы ўзялі свае прызы. «Vodar Susviet» атрымаў электрагітару ад радыё «Рацыя», а «Nevma» – прыз ад радыё «Палёнія» за «найлепшы дэбют».

Асноўны прыз (ад БАСу і студыі «Apollo Records») дасталі «вэтэраны» адбору – гурт «Parason» на чале з Андрэем Карповічам, вядомым яшчэ як мінімум з трох гуртоў – «Млын», «Біп» і «Крона».

«Парасонаўцы» былі ўпэўнены ў сваёй перамозе, але ўсё роўна радаваліся як дзеці. Другімі героямі конкурсу сталі маладзенькія «S.D.M.» – мэнтальныя браты «Мроі» – «N.R.M.», якія атрымалі права бясплатна запісаць свой альбом на студыі «Рэмбрант».

Старшыня журы Лявон Тарасэвіч са сцэны жорстка праходзіцца па канкурсантах, кажучы, што конкурс на «Басах» ператвараецца ў нейкую «Славянскую восень». Той жа Сенька з «Zero-85» за сцэнай кажа, што «Басовішча» ператвараецца ў «запаведнік беларускага року».

Размовы пра застой на «Басовішчы» не сьціхаюць ужо каторы год, але кардынальна на фэсьце нічога не мяняецца. «Басовішча» застаецца адначасова найбуйнейшым беларускім рок-фэстывалем і местачковай зьявай. Ці як можна назваць фэст, які праводзіцца без сур’ёзнай рэклямнай кампаніі, прэс-канфэрэнцый, з абы-як скляпанай праграмай, без харызматычных вядучых і сур’ёзных музыкаў з польскага боку?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0