Сельская гаспадарка Польшчы адрозьнівалася ад нашай нават за савецкімі часамі — у Польшчы сялянаў не заганялі ў калгасы. Пасьля таго, як Польшча ўвайшла ў ЭЗ, вёска яшчэ больш аддалілася ад беларускай. Сельскагаспадарчаму вытворчаму каапэратыву «Рольмак» у Макоўцы — ужо 40 гадоў. Але дзякуючы намаганьням старшыні праўленьня каапэратыву Віктара Рэента гаспадарка набыла новы выгляд.

Сп.Віктар заяжджае па мяне а сёмай раніцы на навюткай «Шкодзе-Актавіі». Машына не раўня беларускім калгасным «Нівам». Аб’яжджаем гаспадарку, і пан Віктар распавядае пра каапэратыў, праблемы ды новыя магчымасьці, што зьявіліся пасьля ўваходу ў Эўразьвяз.

«Рольмак» мае 2054 га зямлі, раскіданых у карэнна беларускіх гмінах Нараў, Чыжы і Гайнаўка. У Чыжах былі падпісчыкі яшчэ той, дасавецкай «Нашай Нівы». 1600 га выкарыстоўваецца як ворныя землі, 300 га — як пашы і лугі. Пад збожжа штогод засяваецца 1000 га, кукурузай — 400 га, цукровымі буракамі — 175 га. Дзяржава і ЭЗ датуюць ячмень, жыта і кукурузу.

Эўрапейскія цэны, эўрапейскія заробкі

Зямля ў Польшчы дарагая. 1 га на Беласточчыне пазалетась каштаваў 4000—5000 даляраў. Надзелаў ніхто не прадае. Пэнсіянэры, якія самі ня могуць абрабляць зямлю, здаюць надзелы ў арэнду буйным гаспадаркам.

Мы спыняемся каля вялізных — больш за 2 м — купаў цукровых буракоў. Яны цягнуцца абапал дарогі на кілямэтар. «Найлепшыя землі, — кажа сп.Рэент. — Сёлета, хто пасадзіў бурак, добра зарабіў — эўрапейскія цэны гэтаму спрыяюць».

На полі грукоча нямецкі камбайн, недалёк чакаюць загрузкі два грузавікі. «У вас у Беларусі, відаць, ужо ўсе буракі выкапалі», — больш сьцьвярджае, чым пытае пан Віктар.

Сёньня [8 лістапада] у Беларусі, магчыма, усё выкапана, але ў гэты дзень нашыя калгасьнікі больш пахмяляюцца, чым працуюць. Дый капаюць у нас больш рукамі. Польскія сяляне працуюць у некалькі зьменаў. Тыя, што на полі, працавалі ўначы, і цяпер чакаюць зьмены.

Перапрашаючы за нахабства, пытаюся пра заробкі. Тыя, якіх бачылі мы на полі, штомесяц зарабляюць 500 эўра, — чую ў адказ. Г.зн. мільён трыста тысяч рублёў на беларускія.

Зернем топяць печы

У каапэратыве — 124 асобы. Зь іх 14 працуюць наймітамі, на падставе дамовы, астатнія — чальцы каапэратыву. Гаспадарка прадукуе за год прыкладна 7000 т цукровых буракоў, 4000 т збожжа і 2000 т кукурузы.

Цэны пайшлі долу па ўсёй Эўропе. У некаторых гаспадарках у гады перавытворчасьці рэнтабэльна выкарыстоўваюць зерне як паліва. У Польшчы ўжо прадаюцца печы, што працуюць адмыслова на зерні.

Плянуецца, што да 2007 году ўся сельская гаспадарка Польшчы будзе скарыстоўваць 5% натуральнага паліва. Пачулі пра гэта ў нас, з нашымі мільёнамі зерня, што зьбіраюцца штогод, як апошні раз, быццам бы напярэдадні сусьветнай паводкі.

Кіраўнік «Рольмаку» таксама падумвае пра набыцьцё такой печы. Але пакуль што гаспадарка атрымала крэдыт на восем год на пакупку прэса для саломы.

Гной пад норму

Мы едзем далей. Сп.Віктар расказвае пра дапамогу ад Эўразьвязу, адрасаваную польскім земляробам. Датацыю ў 300 тысяч злотых (75 тысяч даляраў) можа атрымаць любая гаспадарка. Для малой фірмы гэта добрыя грошы, а для вялікай — ня гэтак і шмат. Да таго ж дзеля атрыманьня трэба выконваць шматлікія экалягічныя патрабаваньні. Асабліва складаныя яны для тых, хто займаецца жывёлагадоўляй: кожная сьвіньня, карова ці авечка прывязваецца да зямлі. Эўразьвязам прызначаны нормы ўгнаеньняў на плошчу ворыва — 170 кг азоту на гектар. Таму вялікіх сьвінакомплексаў, як раней, ня створыш, бо патрэбна мець да кожнай галавы адмысловую колькасьць зямлі.

Сп.Рэент кажа: «Праз гэта можам трымаць толькі 650 сьвінаматак ды 40 тысяч бройлераў кур. Аднак можна падпісаць дамову з суседзямі, дробнымі земляробамі, што будзеш вывозіць угнаеньне да іх. З 1 сьнежня да 1 сакавіка гной на палі вывозіць нельга».

Мы праяжджаем празь дзьве закінутыя, але не занядбаныя на выгляд фэрмы. Рэент паказвае мне на іх і кажа: «Гэтыя будынкі таксама нашай гаспадаркі. Засталіся з далёкіх часоў. Думаю прадаваць каму. Пакуль зрэдчас трымаю там парасят перад продажам. Цяпер, каб мець фэрму, трэба мець зямлю. Але зь іншага боку — гэта добра. Такая акалічнасьць стрымлівае вялікія замежныя фірмы ад прыходу на польскі рынак».

Сьвіней жыўцом гаспадарка «Рольмак» прадае ў Калінінград і Ўкраіну. Дзеля гэтага прыяжджалі на фэрмы вэтэрынарныя дактары з тых краін, аглядалі гаспадарку й выдалі дазвол. «Зь Беларусьсю цяжэй. Вэтдактары патрабуюць вакцынацыю такімі прышчэпкамі, якія ў сьвеце кінулі рабіць гадоў 25 таму. Да таго ж на мяжы трэба, каб жывёла адбыла 20 дзён карантыну. Ніводзін бізнэсовец ці гаспадар гэтулькі часу трымаць на граніцы жывёлу ня будзе».

У гэты час машынаю праяжджаем празь невялікае мястэчка. Прыбраныя падворкі з хвоямі і мохам. Пафарбаваныя дагледжаныя хаты. Паўсюль добры плот, а каля брамак — лавачкі. Пасярод сяла, наўзбоч дарогі, здалёк бачна вялікая праваслаўная царква.

Лаўцы курэй

Пад’яжджаем да фэрмы, дзе гадуюцца куры-бройлеры. Пляц з будынкамі агароджаны жалезным плотам. Каля ўваходу ля возу завіхаецца мужык. Укладае на воз зьвязаныя куры. Апрануты, як на Берасьцейшчыне, не адрозьніць. Побач — двое падлеткаў: дзяўчына і хлапец. Іх ужо цяжка ўявіць пасярод нашай вёскі.

Бройлераў жыўцом забіраюць фірмы, якія займаюцца боем, перапрацоўкай і фасаваньнем. За птушкай увечары прыяжджаюць адмысловыя машыны. Ранкам машыны павінны зьяжджаць. Каб налавіць птушку, «Рольмак» наймае мясцовых сялянаў, якія прыходзяць на ноч. Аплата цікавая: за 1000 злоўленых кур — шэсьць аддаецца чалавеку.

Чалавек, якога мы пабачылі, мае шмат дзяцей. Таму заўсёды з ахвотаю прымае ўдзел у начных ловах, беручы з сабою яшчэ колькі сваіх малых — сям’ю карміць трэба.

Фірма кошыкі пляце

Малыя польскія гаспадаркі цяпер на мінусе. Атрымліваюць праграмы і даплаты ад Эўразьвязу на стварэньне нясельскагаспадарчых прадпрыемстваў. Шмат хто з малых гаспадарак пачынае займацца агратурыстыкай ці нават пляценьнем кошыкаў з лазы — хто што прыдумае. Дзякаваць Богу, а знаходжаньне побач Белавежы гэтаму спрыяе.

Тыя самыя даплаты ажывілі экалягічнае гаспадараньне на Гайнаўшчыне. Цяперака такіх гаспадарак тут 37. Галоўныя ўмовы: не прымяняць азотных угнаеньняў. Яны замяняюцца натуральным гноем з-пад авечак. Засяваюцца, а пасьля выворваюцца бабовыя культуры, што зьмяшчаюць у сабе шмат азоту. Кошты на прадукцыю з экалягічнай гаспадаркі ў разы вышэйшыя.

Віктар Рэент мае асабістыя 7 га зямлі, што засталіся па бацьку.

— Тамака вяду экалягічную гаспадарку, за што даплачваецца 700 зл. на га. Займаюся бортніцтвам — прадаю мёд. Яшчэ атрымліваю грошы за экстэнсіўнае гаспадараньне на лугах. Гэта значыцца, што касіць сена на лугах патрэбна пачынаць не раней 1 ліпеня.

Апошнія даплаты падзяляюцца яшчэ на тое, косіш ты адзін раз ці 2 разы (800 злотых). Калі косіш касою, яшчэ большыя надбаўкі. Сена, дарэчы, пан Рэент зьбіраецца выкарыстоўваць як паліва. Бо жывёлы мала, і сена нямашака куды падзець. Але яго нарыхтоўваюць, каб атрымліваць датацыі.

Каб атрымліваць тыя даплаты, трэба выконваць пэўныя ўмовы. Касілка павінна касіць ад сярэдзіны, а не па коле — каб засталіся жывыя зайцы і курапаткі, што хаваюцца сярод травы.

Перад разьвітаньнем я запытаўся пра выкупліваньне зямлі замежнікамі — гэтым палохаюць беларускіх сялян. Згодна з пастановаю польскага сойму, зямля замежнікам прадаецца толькі са згоды міністра.

Польская сельская гаспадарка не сама сабой так прыстасавалася да новых умоваў. Гэтаму папярэднічала падрыхтоўка заканадаўства, навучаньне кадраў. Але і людзі адразу кемяць выгаду, якая заключаецца ня ў тым, каб болей тонаў сабраць ці прыпісаць, а каб болей грошай пакласьці ў кішэню і менш шкоды для прыроды зрабіць.

За што атрымліваюць даплаты польскія сяляне?

За экалягічна чыстае гаспадараньне, без азотных угнаеньняў.

За касьбу пасьля 1 ліпеня.

За касьбу касою (!).

За пераход на нясельскагаспадарчую вытворчасьць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0