Пра вяртанне, якога не было, пра новае аблічча гурту «Крыві» , які застаўся верны сабе, інтэрв’ю з Веранікай Кругловай.

 Фота Алеся Пілецкага.

Фота Алеся Пілецкага.

Найвышэйшай формай айчыннага рока ёсць фольк. Альфа і Амега (ці «Бітлз» і «Дып Пёрпл») гэтага накірунку, «Песняры», не мудруючы, пабудавалі на народных спевах кар’еру. Неразбаўленыя прыхільнікі гітарнай электрычнасці, Слава Корань і Піт Паўлаў, пазіцыянуючы сябе як найдалей ад бабульчыных мелодыяў, не-не ды звярталіся да фальклорнага матэрыялу. А што казаць пра «залаты» супольнік рок-музыкі «Народны альбом», пра гэты рок брута, але фольк нета.

Таму няма дзіва, калі пры канцы 1990-х бліскучы «Крыві», колішняе адгалінаванне фолькмадэрнавага «Палаца», у адзін пагодны дзень былі прылічаныя да самых папулярных рок-гуртоў краіны, а пабудаваныя на народнай аўтэнтыцы «Хэй-лолі» і «За туманам» — аднымі з найлепшых альбомаў у гісторыі беларускай рок-музыкі.

Пасля доўгай пары невыступаў у Беларусі «Крыві» зрабіліся хэдлайнерамі фольк-фэсту «Камяніца» пад Мінскам. Пра вяртанне, якога не было, пра новае аблічча гурту, які застаўся верны сабе, інтэрв’ю з Веранікай Кругловай.

«Наша Ніва»: Вераніка, такім чынам, «Крыві» вяртаюцца дамоў?

Вераніка Круглова: Я не вяртаюся, бо ніколі не з’язджала. Плёткі ўсё гэта, няпраўда. Можа, мой дом і там, дзе мае любыя людзі, але Радзіма адна — Беларусь. Так, збольшага я знаходзілася ў Нямеччыне: там ёсць праца, ёсць запрашэнні. Мне так прасцей. А «Крыві» як былі, так і ёсць. Як спявалі беларускі фальклор, так і спяваюць. Я заўсёды кажу падчас выступу: Das ist Kriwi-band. Wir kommen aus Belarus./Мы — гурт «Крыві», мы прыехалі з Беларусі.

«НН»: Але адчуваеце, што цяпер дома да вас трошкі менш увагі?

ВК: Адчуваем. Працоўны момант: ёсць узвівы, ёсць і падзенні. Можа, раней і быў перапынак, так бы мовіць, дэкрэтны адпачынак— у мяне нарадзілася дачка, — але асабіста для мяне нічога не сканчалася і не перарывалася.

«НН»: А якія ў вас адносіны з былымі ўдзельнікамі гурту, Юрыем Выдронкам, Змітром Вайцюшкевічам і Пітам Паўлавым? Ці сочыце за іх далейшай творчасцю?

ВК: З Выдронкам, на жаль, не падтрымліваю адносінаў. А са Змітром і Пітам перыядычна дзе-нідзе сустракаемся на супольных тусоўках: на «Народным альбоме», напрыклад. Нармальныя адносіны з імі, чалавечыя. Але за іхняй творчасцю не асабліва сачу: мае інтарэсы пайшлі трохі ў другі бок.

«НН»: Пасля таго як вы зняліся ў «Настассі Слуцкай», а вашыя песні пайшлі ў саўндтрэк стужкі, «Крыві» запрашалі на ТБ, вы раздавалі інтэрв’ю... А як цяпер у вас з масавай культурай? Ці вы пачуваецеся яе часткай?

ВК: Рыбак — гэта супер, гэта добра. Але «Крыві» не поп-гурт, у нас свае пэўныя крытэры: нам не важна колькасць, важна якасць. Гэта, так бы мовіць, хто на каго вучыўся.

«НН»: Што сабой уяўляе сучасны «Крыві»?

ВК: Прафесійныя музыкі. Граем толькі беларускі фальклор, але ідзём у нагу з часам, з жыццём, з моладдзю. Маем стыль: этна-джаз, або клубнае этна, і намагаемся яго пільнавацца. Гэта адмысловы накірунак, разлічаны найперш на маладых, адаптацыя фальклорнага матэрыялу на розны густ. Апрацавалі старыя песні: «За туманам», «Добры дзень», дадалі новых. Па-іншаземнаму, па-нямецку, ёсць толькі адзін нумар, дзе рэфрэнам гучыць «Ziaziulia, ziaziulia». З нефальклорных — антываенная песня Марлен Дзітрых «А дзе ж тыя кветкі?», перакладзеная на беларускую. Пішам новы альбом, працы вядуцца цэлы год. Ездзім: Францыя, Данія, Польшча.

«НН»: А што можаце параіць паслухаць з беларускай музыкі?

ВК: Я фанатка Іван Іванавіча Кірчука. Безумоўна, «Тройца» — твар нашай краіны. А яшчэ «Гаротніца», «Джамбібум».

«НН«: Як вам беларуская публіка? Як вам такая ідэя фольк-фэсту сярод старажытных хат?

ВК: Цудоўная ідэя. Вельмі спакойна, вольна, дэмакратычна. Добры настрой, добрае паветра. Увогуле, «Крыві» хочуць выступаць дома: на фэстах, у клубах — куды запросяць...

***

«Крыві» можна ўбачыць і пачуць

на іх сольным канцэрце 19 верасня ў Моладзевым тэатры эстрады (вул.Маскоўская, 18а, ст.м. «Інстытут Культуры»). Пачатак а 19-й.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?