Некаторыя хлопцы сёння разбіраюцца ў модзе і касметыцы не горш за дзяўчат.

З’явілася нават назва для такіх — метрасэксуалы. Карэспандэнт «НН» пагутарыла з адным з прадстаўнікоў сучасных дэндзі Сяргеем Гумінскім.

 Фота Юліі Дарашкевіч.

Фота Юліі Дарашкевіч.

«Наша Ніва»: Сяргей, ты гей?

Сяргей Гумінскі: Не. У мяне ёсць дзяўчына, вельмі прыгожая.

«НН»: У нашым грамадстве ёсць стэрэатып, калі мужчына сочыць за сваім выглядам, то ён нетрадыцыйнай арыентацыі...

СГ: Я думаю, што гэта прапаганда і стэрэатып навязаны савецкімі непрыгожымі жанчынамі. І мужчынамі, якія лічаць, што хлопец павінен быць трошкі прыгажэйшы за малпу. Жанчына, якая сябе паважае, ніколі такога не скажа. Ёй будзе хацецца, каб побач быў прыгожы хлопец. Гэты стэрэатып навязаны няўдачнікамі.

«НН»: Раскажы, як ты сочыш за сваім выглядам. Што робіш?

СГ: На дыетах сяджу. Некаторыя сябры кажуць, што я анарэксік. Я разумею, што худы, але як толькі ў мяне ўзнікаюць лішнія формы, адразу сядаю на дыету. Збіраюся перайсці ў вегетарыянцы, ужо рыхтуюся маральна. Хаця ў мяне і так рацыён — кісла-малочныя прадукты, шакалад і злакавыя. Вельмі мала ем звычайнай ежы.

«НН»: Колькі ты важыш?

СГ: 62 кілаграмы. У мяне норма 61-62. Калі я скідваю да шасцідзесяці, то адчуваю сябе не вельмі добра. Аднак назіраю, бывае, маладыя хлопцы па 20 гадоў, і ў іх тлушч вісіць. Не хачу быць такім. У мяне адна з фобій — я старасці баюся.

«НН»: Цябе палохае смерць ці нешта канкрэтнае ў старасці?

СГ: У старасці пачнуцца праблемы са здароўем, зменіцца знешні стан. Дарэчы, я карыстаюся ўжо гелем супраць зморшчынаў пад вачыма. Я люблю сябе і хачу жыць вечна.

«НН»: Якімі яшчэ касметычнымі сродкамі ты карыстаешся?

СГ: Крэмамі «Джонсан», якія даюць эфект «цела, як у дзіцяці пасля сну». Маскі для валасоў, каб валасы не псаваліся, бо я фарбуюся. Ледзьве не штодня раблю ўкладку валасоў, бо сушыць галаву халодным фенам не заўсёды маю часу.

«НН»: Колькі ў цябе розных крэмаў дома?

СГ: Два для рук, тры для твару і адзін для валасоў. Калі праз месяц паеду ў Польшчу, яшчэ пачну карыстацца маскамі для амаладжэння твару і рук. У Беларусі баюся набываць касметыку, таму абмяжоўваюся тым, што ёсць. Я аддаю перавагу ізраільскай касметыцы на мінералах. Яна вельмі добрая па якасці. Аднак у Беларусі такой няма. Калі я ў Оршы шукаў яе ў крамах, на мяне глядзелі, як на экспанат у цырку.

«НН»: Адкуль такая зацікаўленасць касметыкай узнікла?

СГ: Калі ты добра выглядаеш, гэта надае большай упэўненасці. Мне ўсё жыццё казалі, што я прыгожы. Раней я ў гэта не верыў. Потым надышоў час, калі я пачаў квітнець, і захацелася яшчэ больш гэта прагрэсаваць.

«НН»: Як сябры ставяцца да тваёй увагі да сябе?

СГ: Станоўча ў асноўным. Для некаторых напачатку было дзіка. Аднак я бачу, што раней я адзін у нашай кампаніі карыстаўся касметыкай, а цяпер многа хто пачаў купляць крэмы. Некаторыя ўжо раіцца прыходзяць.

«НН»: Сустракаюцца, хто зусім цябе не разумее?

СГ: На вуліцы часам. Ідзе такі электарат, у беларускім разуменні гэтага слова, і кажа, што я пі..р. Я звычайна адказваю: паглядзіце, з якімі прыгожымі дзяўчатамі я хаджу, і на тых, з кім вы ходзіце. А пазней паглядзім, хто з нас натурал. Бываюць выпадкі агрэсіўныя, але я ведаю, што змагу пастаяць за сябе — я займаюся муайтай, тайскім боксам.

***

Метрасэксуал

тэрмін прыдуманы ў 1994 брытанскім журналістам Маркам Сімпсанам

для абазначэння тых сучасных мужчынаў, якія выдаткоўваюць шмат часу

і грошай на свой выгляд і лад жыцця. Тэрмін «метрасэксуал» супрацьлеглы тэрміну «мача». У XIX ст. быў падобны феномен пад назвай «дэндзі».

Анарэксія

поўная альбо частковая адмова ад ежы пад уплывам псіхапаталагічных разладаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?