Наведайце стракатую Астравеччыну, пакуль няма АЭС. Піша Алесь Пілецкі.

 Гервяты, Астравеччына. Фота Андрэя Лянкевіча.

Гервяты, Астравеччына. Фота Андрэя Лянкевіча.

 Фантастычныя астравецкія краявіды. Фота Алеся Пілецкага.

Фантастычныя астравецкія краявіды. Фота Алеся Пілецкага.

У Слуцку ўсё па-людcку,

У Оршы не горшай,

У Мінску — па-свінску,

А Астравец — гэта свету канец...

Такой прымаўкай мяне сустрэлі аднакурснікі ў Гродне, калі я прыехаў туды з Астравеччыны.

Можна крыўдаваць на такое катэгарычнае сцверджанне, але гэты памежны раён сёння насамрэч выглядае канцом беларускага свету. Мяжа тут адчуваецца ва ўсім: у вялікай колькасці памежнікаў і мытнікаў, аўтамабіляў з літоўскімі нумарамі, прадуктах і таварах з суседняй краіны, шматмоўі жыхароў і нават дзікасці мясцовай прыроды.

Кавалкі Літвы

«Лабасы! Лабасы едуць!» Такімі крыкамі мясцовыя дзеці сустракаюць фуры і легкавікі з Літвы.

У самой Літве жыхары Астравеччыны бываюць часта, і шмат хто жыве з розніцы цэнаў там і тут. Літоўцы таксама не адстаюць — прыязджаюць за таннейшым палівам. Па той бок мяжы большасць насельніцтва размаўляе на той самай мове, што і жыхары Астравеччыны, хіба толькі польскіх словаў ужываюць больш, а расійскіх менш. Літоўскамоўныя вёскі пачынаюцца за Вільняй. Аднак і на Астравеччыне ёсць некалькі такіх, дзе можна пачуць літоўскую гутарку. Рымдзюны і Гервяты — найбольш вядомыя. Там нават дзеці малыя да сёння размаўляюць дома па-літоўску, а маштабам Літоўскага культурна-адукацыйнага цэнтра ў Рымдзюнах можна толькі пазайздросціць.

Фэст у Гудагаі

Літоўцамі, аднак, жыхароў Астравеччыны не называюць. Часам называюць іх палякамі. Чаму тут здзіўляцца — адзіная царква на цэлы раён была пабудаваная толькі ў 1990-я гады. Раней існавала толькі стараверская царква XIX ст. у Стрыпішках, цяпер не дзейнічае. Гэта за 3 км ад мяжы са Свянцянскім раёнам Літвы. Тамтэйшая мясцовасць называецца ў нас Святая Русь. Спрэс каталікі жывуць на Астравеччыне. Праваслаўныя — гэта збольшага прыезджыя. Называюць дык называюць — нічога з тым не паробіш. А вось польскую мову ў ваколіцах Астраўца пачуць складана. Толькі палякі-ксяндзы да паствы на ёй звяртаюцца, дый то нядоўга.

У Гудагаі можна пабачыць абраз Маці Божай Гудагайскай, які быў каранаваны ў 2007 годзе. Тамсама месціцца невялічкі жаночы кляштар кармелітаў. Штогод 16 ліпеня ў Гудагаі ладзяць вялікі фэст. Самым відовішчным дзействам фэсту з’яўляецца адмысловая працэсія, пад час якой па мястэчку праносяць каранаваны абраз. Гэтае свята вартае увагі — атмасфера неперадавальная.

Ад этнографа Марыюша Кавальскага мне давялося чуць, што на Астравеччыне ён сустрэў самых беларускіх беларусаў ва ўсёй краіне. Можа, яно і так. Не раз даводзілася чуць, як мясцовыя падлеткі смяюцца з набытай ў гарадах старэйшымі землякамі расійшчыны. Мой бацька, калі малы бегаў, называўся Алесем, і толькі ў школе настаўнікі зрабілі з яго Сашу.

Вёскі, прырода і людзі

Назвы вёсак на Астравеччыне перадаюць спадчыну розных плямёнаў, нашчадкі якіх зліліся ў беларускі этнас, — славянскіх і балцкіх. Астравеччына якраз была ў сэрцы балцкага Нальшчанскага княства. Гудагай — ад літоўскага «гудас». Гудамі даўней літоўцы называлі беларусаў. На поўдзень ад балтаў рухаліся ад Балтыкі да Чарнамор’я готы, і беларусы назаўжды засталіся ў этнічнай памяці літоўцаў готамі — гудамі.

Байканы размешчаныя ўсяго за два кіламетры ад Дайноўкі, назва якой паказвае, што тут некалі асяліліся выхадцы з летапіснага племені Дайнава, ад літоўскага «dainuoti» — што значыць «спяваць». Акрамя вёсак, яшчэ процьма жылых і закінутых хутароў. Цэны на нерухомасць рэзка завагаліся пасля вестак аб будаўніцтве АЭС.

Сарачанскія азёры

Калі адмыслова ехаць на Астравеччыну з мэтай адпачыць блізка да прыроды, то для гэтага варта выбраць паўночную частку раёна. Там месцяцца Сарачанскія азёры — ажно 12 вадаёмаў, злучаных паміж сабой пратокамі. Асабліва маляўніча выглядаюць азёры Тумскае, Ёдзі і Белае. Ніякая цывілізацыя сюды пакуль не дабралася. Навокал ціша.

Радзіма Сваяка, Мальдзіса

Ёсць на Астравеччыне і мясціны, дзе гадаваліся вядомыя людзі.

У самім Астраўцы і Малях усталяваныя помнікі Язэпу Гашкевічу — першаму расійскаму консулу ў Японіі, аўтару першага расійска-японскага слоўніка. Гашкевіч атрымаў Малі за сваю службу Расійскай імперыі, а нарадзіўся ён у Рэчыцкім павеце.

Вёска Барані вядомая як малая радзіма Казіміра Сваяка — ксяндза, паэта і дзеяча нацыянальнага руху, у Клюшчанах ён сядзеў у глухой парафіі ў фактычнай ссылцы пры Польшчы.

А ў Расолах, дзе цяпер зусім нікога не знойдзеш, у 1932 годзе нарадзіся патрыярх беларускай гуманітарыстыкі Адам Мальдзіс. З Астравеччынай звязаныя таксама імёны брата Казіміра Сваяка Альбіна Стаповіча — кампазітара, грамадскага дзеяча, пасла ў польскі Сойм, а таксама Адольфа Клімовіча — аднаго з лідэраў беларускіх хрысціянскіх дэмакратаў.

АЭС

Калі летась было вырашана будаваць першую беларускую АЭС на Астравеччыне, насельніцтва раёна з палёгкай уздыхнула. Чаго можна патрабаваць ад людзей, калі на цэлы раён адзінае вялікае прадпрыемства — Альхоўская кардонная фабрыка. Таму людзі і спадзяюцца на новае будаўніцтва як на адзіны шанец мець працу на бацькаўшчыне. Аб экалогіі людзі пакуль не думаюць. Вось і чакаюць у Астраўцы расійскага крэдыту на будаўніцтва той станцыі нават больш, чым у прэзідэнтуры.

Пакуль станцыі няма. Пачалі былі будаваць дамы для працаўнікоў АЭС, але спыніліся на ўзроўні катлаванаў. Злыя языкі кажуць, што станцыя пабудаваная не будзе.

Па Астравеччыне аўтамабілем

Калі па віленскай шашы даехаць з Мінска да Ашмян, адтуль да Астравеччыны застанецца 15 кіламетраў. Пачаць вандроўку можна з касцёла ў мястэчку Гудагай. Дарэчы, мястэчка — гэта афіцыйная назва, нават на дарожным указальніку так напісана. Пасля можна наведаць барочны архітэктурны ансамбль у Варнянах. Цікавы і касцёл Узвышэння Святога Крыжа ў Быстрыцы. Першы храм тут збудавалі яшчэ ў часы Ягайлы. Неагатычны касцёл у Гервятах здзіўляе магутнай мелодыяй сценаў, 59-метровай вежай ды шыкоўным батанічным садам. А касцёл у Міхалішках — наадварот, сваёй унутранай аздобай, якую пакінулі нам знакамітыя фларэнційцы П’етра Пярэці, Джавані Марыя Галі, Андрэа Капонэ, Ян Пенс ды мясцовы майстар Мікола Жылевіч.

Рай для ровараў

Густая сетка вёсак і хутароў робіць камфортным падарожжа па гэтым «канцы беларускага свету» на ровары. Стартаваўшы з чыгуначнай станцыі ў Гудагаі, можна праз Астравец даехаць да Гервят, адтуль у Варняны, Міхалішкі і далей на поўнач — у кірунку Сарачанскіх азёр. У цэлым працягласць маршруту складзе каля 60 кіламетраў у адзін бок. Яны дадуць ацаніць усю прыгажосць і разнастайнасць мясцовага ландшафту. У рэках уздоўж маршруту сустракаецца фарэль (стронга), а ласі проста па дарогах шпацыруюць.

***

На Астравеччыне знойдзеце толькі адзін гатэль у Астраўцы, прычым з суботы на нядзелю вам не дасць заснуць вяселле ў суседняй рэстарацыі. Можна скарыстацца паслугамі аграсядзібы ў прыазёрных Клюшчанах, а таксама сядзібамі сумежных з Астравеччынай раёнаў.

Сядзіба «Клюшчаны»

размешчаная на тэрыторыі заказніка «Сарачанскія азёры». Сюды можна трапіць як на ўласным транспарце, так і скарыстаўшыся аўтобусам маршруту «Мінск-Свір».

Тэл. (029) 365-64-59, e-mail: [email protected]

Конна-спартовы цэнтр «Гіпіка»

месціцца ў вёсцы Грынцы Ашмянскага раёна. Сюды зручна дабірацца як з Ашмян, так і з шашы Мінск-Вільня.

Тэл. (029) 355-13-73, e-mail: [email protected]

Сядзіба ў Солах

Солы размешчаны на чыгунцы, і гэта вельмі спрашчае даезд — тут спыняецца большасць цягнікоў. Скарыстаўшыся момантам, можна наведаць месца нараджэння Ф.Багушэвіча. Непадалёк таксама знаходзяцца Крэўскі замак, Гальшаны, сядзіба Агінскіх у Залессі.

Тэл. (029) 971-40-41

Як атрымаць дазвол на ўезд у памежную зону

Праз памежны Гудагай цягнікоў курсуе шмат. Праўда, Гудагай знаходзіцца ў зоне шчыльнага памежнага кантролю, і прыйдзецца паклапаціцца аб дазволе на ўезд у памежную зону. Цяпер працэдура атрымання такога дазволу спрошчаная. Дастаткова звярнуцца ў пашпартны стол па месцы жыхарства з адпаведнай заявай.

***

Аўтар дзякуе А.Ю. за дапамогу ў падрыхтоўцы артыкула.

Гэтая і іншыя вандроўкі — на нашай віртуальнай мапе:

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?