Вадзіцельскія пасведчанні новага ўзору плануецца пачаць выдаваць у Беларусі не пазней за 1 ліпеня 2010 года. Пра гэта на прэс‑канферэнцыі 21 верасня паведаміў старшы інспектар Упраўлення ДАІ МУС Андрыян Мачульскі.

Узор новага вадзіцельскага пасведчання распрацоўваецца ў МУС. Увядзенне новых пасведчанняў выклікана папраўкамі ў Канвенцыю аб дарожным руху 1968 года, якія набудуць моц 29 сакавіка 2011 года.

Мачульскі паведаміў, што новыя пасведчанні будуць мець выгляд пластыкавай карткі з некалькімі ступенямі абароны, у тым ліку галаграмамі і подпісам уладальніка. Катэгорыі транспартных сродкаў будуць пазначаны піктаграмамі на адваротным боку пластыкавай карткі. Да тых, што ёсць, плануецца дадаць яшчэ чатыры катэгорыі транспартных сродкаў: А1 (матацыклы з аб’ёмам рухавіка менш як 120 куб. см), BE (легкавы аўтамабіль з прычэпам), СЕ (грузавы аўтамабіль з прычэпам), DE (аўтобус з прычэпам або сучленены аўтобус).

Плануецца, што кошт вадзіцельскіх пасведчанняў для грамадзян складзе 30—35 тыс. рублёў. Выдаваць правы будуць усе ўпаўнаважаныя падраздзяленні ДАІ ў дзень звароту грамадзяніна.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0