У ваўкавыскага прадпрымальніка Уладзіміра Асіпенкі апісалі маёмасць. Пра гэта БелаПАН паведаміў праваабаронца Алег Волчак.

Паводле яго слоў, 17 верасня ў сям’і Асіпенкі следчыя МУС апісалі маёмасць. Для ажыццяўлення гэтай фармальнай працэдуры ў Ваўкавыск прыехаў кіраўнік следчай групы па справе Мікалая Аўтуховіча, Уладзіміра Асіпенкі і Юрыя Лявонава, начальнік упраўлення па расследаванні асабліва цяжкіх злачынстваў мінулых гадоў галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі Віктар Клачко.

«Гэта стандартная працэдура — накладанне арышту на маёмасць. Мяркуючы па ўсім, следства падыходзіць да канца.

Я лічу, што гэта адна з завяршальных стадый. Калі б спынялі крымінальную справу — арышт на маёмасць не накладвалі б. Гэта сігнал, што хутка будзе азнаямленне з матэрыяламі справы і яго накіруюць на ацэнку пракурору, потым у суд»,— сказаў Волчак.

Мікалай Аўтуховіч праходзіць цяпер па адной справе з Уладзімірам Асіпенкам. Адвакат Аўтуховіча — Павел Сапелка — паведаміў БелаПАН, што ніякіх новых звестак аб прасоўванні справы яго падабароннага ён не мае, і нагадаў, што ён знаходзіцца пад падпіскай аб невыдаванні тайны следства.

«Найбліжэйшым часам я сустрэнуся з маім падабаронным», — сказаў адвакат.

***

Прадпрымальнікі Мікалай Аўтуховіч, Юрый Лявонаў і Уладзімір Асіпенка былі затрыманыя ў Ваўкавыску (Гродзенская вобласць) 8 лютага і дастаўленыя ў мінскі следчы ізалятар №1.
18 лютага ім было прад’яўлена абвінавачанне па арт. 218 Крымінальнага кодэкса (наўмыснае знішчэнне альбо пашкоджанне маёмасці). 23 чэрвеня ў дачыненні да Аўтуховіча і «іншых асобаў» (фармулёўка прэс‑службы МУС) была распачата справа па арт. 359 КК (тэрарыстычны акт) у выглядзе падрыхтоўкі (арт. 13).

З 16 красавіка па 16 ліпеня Аўтуховіч праводзіў галадоўку, патрабуючы ў самыя сціслыя тэрміны або перадаць справу ў суд, або змяніць усім падследным меру стрымання з утрымання пад вартай на падпіску аб нявыездзе.

8 жніўня Лявонава вызвалілі з СІЗА, змяніўшы меру стрымання на падпіску аб нявыездзе. Асіпенка і Аўтуховіч застаюцца пад вартай.

Сяргей Пульша, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0