Шклоўшчына сёньня – адзін вялізны аграгарадок. Аляксандар Лукашэнка не шкадуе грошай для разбудовы сваёй малой бацькаўшчыны. Рэпартаж Сяргея Мікулевіча, Барыса Тумара.

Жыхара Полаччыны Шклоўшчына ўразіць прасторам. Лясоў тут мала, у вайну партызанаў амаль не было. Скрозь палі, і вёска на вёсцы сядзіць. Жыхара Случчыны Шклоўшчына ўразіць усюдыісным Дняпром. Ён увесь час трапляецца на шляху, яго пераяжджаеш то па адным, то па другім мосьце.

Уладзімер Караткевіч даводзіў, што ў падняпроўцаў ёсьць свой кшталт. Што жыцьцё ля вялікіх рэк накладае адбітак на людзей, дадае ім дынамізму й пэўнасьці. Праўда, сваіх Загорскіх і Вылівахаў ён пісаў з рагачоўцаў. Але і Шклоўшчына – край урадлівы, густанаселены, з даўняй гісторыяй. Толькі імем агульным Шклоў зрабіўся зусім зь іншай прычыны. Шклоўшчына дала краіне першага прэзыдэнта, Аляксандра Лукашэнку. А што Аляксандар Лукашэнка даў малой радзіме?

Горад прасторных плошчаў

У Шклоў найлепей уяжджаць аксамітным летнім вечарам з боку аршанскае шашы. Зьлева зіхаціць агнямі стартавая пляцоўка А.Лукашэнкі – саўгас «Гарадзец». А за Дняпром адкрываецца від на места. Падсьветленыя, як на менскім праспэкце, будынкі, сьпічастая вежа ратушы, аграмадзіна праваслаўнай царквы. Перад адштукаваным гатэлем пераліваецца бэзавымі колерамі фантан з падсьветкай – такіх і ў Менску няма.

Пры гэтым у гатэлі, як і ва ўсім горадзе няма гарачай вады – адрубаюць на лета. Яшчэ ў гатэлі пахне Савецкім Саюзам. Старыя ложкі нязносна рыпяць. У прыбіральні няма туалетнай паперы. Пасьнедаць можна, толькі калі загадзя замовіць сьняданак у бармэна.

Затое які прасторны ранішні Шклоў! Яго цэнтральныя вуліцы ператвораныя ў праспэкты, што лучаць каскад прасторных плошчаў. Перад Ратушай адна, за Ратушай другая. Між царквой і крамамі трэцяя, між гатэлем і райвыканкамам чацьвертая. Між Домам культуры, паркам і базарам пятая... Толькі яны пустыя. Гэткі беларускі адміністрацыйны клясыцызм. Узорнаму асяродку для жыцьця чалавека не хапае насельнікаў. Каб яшчэ машыны параздаваць шклоўцам, тыя плошчы запоўніць... Бо гужавому транспарту ў цэнтар гораду ўезд забаронены адпаведнымі знакамі. Ці саслаць сюды бунтоўных берасьцейскіх таксоўшчыкаў?

Шклоўскія плошчы з тае ж кагорты, што й сьвятлафоры ва ўзорна паказальных вёсках калгасаў-мільянэраў машэраўскай пары. Практычнай карысьці ніякай, затое прыгожа.

Яшчэ ў сонечным сьвятле заўважна, што з фантанам нешта напартачылі, і ён пералівае праз край. У сырое надвор’е на плошчы побач зь ім утвараецца вялікае балота, паўшэптам паведамляюць месьцічы.

Шклоўскія эксклюзівы

Ратуша ратуе шматпавярховы аграгарадок ад бязьлікасьці. «Яна ўнесеная ў амэрыканскі каталёг помнікаў, – з гонарам заяўляе жыхарка гэтага самага антыамэрыканскага кутка Эўропы. – А гадзіньнік на вежы аднаўляў асабіста наш дэпутат Уладзімер Канаплёў». Абапал уваходу ў ратушу – футбольная і хакейная пляцоўкі школьнага ўзроўню. Аказваецца, тут месьціцца не гарадзкая адміністрацыя і не музэй, а шклоўская гімназія. І гэта добры выбар. Каб яшчэ яе ўнутраны дворык ня быў зроблены «пад эўра» – без увагі на датрыманьне агульнага архітэктурнага стылю. З вуліцы ж не відаць.

Шклоўская ратуша – адзіная, што захавалася ў першасным выглядзе.

Яшчэ адно ранішняе адкрыцьцё – гатэль называецца «Раднічок» не з прычыны русіфікацыі якойсьці там «Крынічкі», а ў гонар славутага сорту гуркоў (так тлумачыць нам работніца Дому культуры). Парнікі пад іх сапраўды стаяць у кожным другім двары. Толькі тая ж жанчына паведамляе, што з кожным годам даюць яны ўсё менш прыбытку. «Масква іх болей не бярэ». Гуркі на базары сьвяжуцькія па 800 рублёў за кг.

Краязнаўчага музэю ў Шклове няма. Былы яго будынак на замку. У Доме культуры, куды ён мусіў пераехаць, выстаўляюць Рэрыха і творы мясцовых народных майстроў. Там можна набыць абсалютна эксклюзіўныя вяхоткі, зьвязаныя з суровых ільняных нітак. Такія маглі б стаць брэндам Шклоўшчыны ўпоравень з гуркамі. Уявіце сабе: «Шклоўская вяхотка! Будзь здаровы, як...» І фота славутага земляка.

Уезд коньмі ў цэнтар Шклова дыскрэдытуе РБ.

Магілёўскае божышча

Пакуль вышэйпамянёнае фота ўпрыгожвае выставу «Беларусь. Дзяржаўнасьць. Незалежнасьць» у раённай бібліятэцы. А яшчэ – убогі кніжны аддзел цэнтральнага ўнівэрмагу. Там на правох турыстычнага эксклюзіву прадаюцца яго партрэты ўсіх магчымых памераў і якасьці. Коштам ад 300 да 41 тысячы рублёў.

Побач з ратушай паўстала Алея герояў – маленькая копія магілёўскай. Па адной мармуровай стэле на кожнага з шклоўскіх Герояў Савецкага Саюзу і Сацыялістычнай працы, падсьветка і цуд савецкай бранятэхнікі ў глыбіні сквэру. На ліхтарнях Алеі трапляюцца налепкі «За Свабоду». Гэтыя налепкі і значкі – адзін з найбольшых набыткаў сакавіцкіх падзеяў. Хоць нешта ды яднае сёньня ўсіх прыхільнікаў дэмакратычных зьменаў. Моладзь з значкамі сустракаецца і ў Шклове.

Яшчэ адзін шклоўскі цуд – прэстыжны шматпавярховік ля Дому саветаў, збудаваны за тры месяцы пе-

рад «Дажынкамі». Гэтулькі гадоў прайшло, а ён усё яшчэ стаіць! – з гонарам кажуць шклоўцы.

Сёньняшняя адміністрацыйная пустэча ў гістарычным цэнтры ня вяжацца з вобразам старога Шклова, места даўняга і слаўнага, што належала Гаштольдам, Хадкевічам, Чартарыйскім. За час існаваньня горад пасьпеў тройчы зьмяніць месца. Першае – гарадзішча Стары Шклоў за чатыры кілямэтры ад сучаснага. Там колісь быў знойдзены вядомы шклоўскі ёлуп, якога ў апошніх падручніках цнатліва перайменавалі ў «магілёўскае божышча». Другі Шклоў стаяў на ўзгорках за вёскай Рыжкавічы. Там ужо некалькі гадоў вядуцца ўпартыя раскопкі. На гэтым месцы плянуецца адбудаваць старую браму і адчыніць археалягічны музэй пад шкляным дахам – кшталту берасьцейскага. Пытаньне, чаму пачынаюць менавіта са Шклова, а не, напрыклад, з Полацку, павісае ў паветры.

Кіруе раскопкамі сёлета археоляг з Магілёўскага дзяржунівэрсытэту Вольга Ляўко. Ні яна, ні яе студэнты не гавораць з намі па-беларуску.

Трэці Шклоў абжывае сёньняшняе месца з XVIII ст. Некалі ён належаў фаварыту царыцы Кацярыны князю Пацёмкіну. Пасьля гаспадар зьмяніўся, але справа яго жыве дагэтуль.

АРЛагарадкі

У Рыжкавічах, дзе жыве Галіна Лукашэнка, прапускны рэжым трохі памякчэў апошнім часам. «Раней, ледзь спынісься ля хаты пад зялёным дахам, адразу падыходзілі і правяралі дакумэнты», – расказваюць шклоўцы. Але на вуліцы, на якой яна жыве, дагэтуль стаіць знак «Уезд забаронены». І ня толькі гужавому транспарту.

1481 аграгарадок

Паводле дзяржаўнай праграмы разьвіцьця вёскі распрацаваны 1481 генэральны плян аграгарадкоў. На Берасьцейшчыне плянуецца ўзьвесьці 221 аграгарадок, Віцебшчыне – 256, Гомельшчыне – 238, Гарадзеншчыне – 239, Меншчыне – 325 і на Магілёўшчыне – 202.

Мяркуецца збудаваць ня менш за 50 тыс. жылых дамоў (кватэраў) сярэдняй агульнай плошчай 70 кв. мэтраў, у тым ліку ў Берасьцейскай вобласьці – 7530 дамоў, Віцебскай – 9000, Гомельскай – 8800, Гарадзенскай – 6590, Менскай – 9900, Магілёўскай – 8100 дамоў.

Агульная сума выдаткаў на рэалізацыю Праграмы складае 69,7 трлн руб. Сярэднестатыстычны кошт аднаго дамка ў гарадку складае каля 40 млн рублёў.

У Рыжкавічах вядзецца інтэнсіўнае будаўніцтва. Сёньняшняя візытоўка Шклоўшчыны – зусім ня ратуша. А новыя стандартныя дамкі, засыпаныя жвірам вулкі, роў бульдозэраў, варушэньне соцень работнікаў. Край узорных аграгарадкоў – вось што такое Шклоўшчына сёньня.

У Гарадцы «супэраграгарадок» ужо стаіць. Пад Шкловам – будуецца. У вёсцы Вялікі Мяжнік разам з хатамі ўзьнімаюцца гіганцкія фэрмы. Прычым усе аграгарадкі, як запавядаў князь Пацёмкін, будуюцца ўздоўж дарог. Нічога, што ня самае камфортнае месца для жыцьця, затое эфэктна. А за кілямэтар ад Старасельля з бліскучым аграгарадком туліцца засьценак Гвалтоўнік, да якога і дарогі людзкай няма.

Апроч Гвалтоўніка, ёсьць на Шклоўшчыне вёска Хлусы, а яшчэ – Пранцаўка і Апалёнаўка. Народ тут здаўна жыў з гумарам і бяз комплексаў. Нават Александрыя – не Александрыя зусім, як высьветлілася, а Алякса́ндрыя. Так пазначана на ўсіх дарожных указальніках. І як Александрыя Эгіпэцкая была дыямэнтам гарадоў імпэрыі Македонскага, так Александрыя Шклоўская – эпіцэнтар аграбудаўніцтва. Прыежджых работнікаў болей за мясцовых жыхароў (164 двары, 333 жыхары па стане на 1995). У самы сквар, пад пякучым сонцам будаўнікі адначасова кладуць аграходнікі, капаюць агратраншэі пад агратрубы, разбудоўваюць школу, ставяць аградамкі. І яшчэ нешта сярэдняе між трохпавярховым парніком і двухпавярховым спарткомплексам. Што ж гэта будзе? Асартымэнт мясцовай прадуктовай крамы яўна шырэйшы, чым у суседніх Ляўках. Нават гуркі прывазныя – з базы.

«...до основанья, а затем...».

У прынцыпе, у Александрыі, Гарадцы, Межніку Лукашэнка задае нармальны цывілізацыйны стандарт. Кожная беларуская вёска мусіла б стаць такой. Але «доўга гэта не пратрымаецца, – кажа адзін з шклоўскіх сьвятароў. – Усю гэтую шклоўскую прыгажосьць людзі атрымалі за так. Гэта дом, збудаваны на пяску, а не на камені». Устойлівы той дабрабыт, які зароблены цяжкой працай, а ня той, які зь неба валіцца. Дабрабыт усьвядомлены і асэнсаваны. Ня толькі ў тым сэнсе, што можа падтрымлівацца без датацый звонку, патрэбу ў якім чалавек усьведамляе. Туалет ніколі ня будзе чыстым, пакуль чалавек не ўсьвядоміць патрэбы ў тым, каб ён быў чысты. Туалетная папера такі мусіць папярэднічаць фантану з падсьветкай.

Нас найбольш уражвае 70-гадовы дзядзька ў Межніку: «Я ішачыў усё жыцьцё і паставіў хату. Другі прапіваў усе грошы – і яму цяпер аграгарадок бясплатна. І дзе ён пасьля гэтага што за свае грошы паставіць? Наставілі дамоў, няма кім засяляць. Прывозяць туды жыць алькаголікаў з гарадоў, цяпер хату страшна пакінуць».

АНТ пра аграгарадок у Александрыі

«Самы сапраўдны конкурс на вакансіі трактарыстаў – гэта ўжо новы павеў у сельскай гаспадарцы. У абласных і нават рэспубліканскіх газэтах цяпер можна прачытаць такую аб’яву: «Александрыйскай гаспадарцы патрабуюцца мэханізатары. Жытло прадастаўляецца». Але гэта яшчэ ня ёсьць гарантыяй працаўладкаваньня. Навабранцы павінны прайсьці выпрабаваўчы тэрмін».

ont.by

Крыніца прэзыдэнцтва

Лукашэнка вырас не ў самой Александрыі, а ў Александрыі Другой – гэта кілямэтар убок, за чыгункай. Александрыя Другая паўстала ў 1938 годзе ў выніку сьцягваньня хутароў у адну вёску, якая складаецца з аднае вуліцы.

«Там была хатка-пяцісьценачка. Хто яе знае, калі яна прапала. Мы і ня ўбачылі. Мабыць, ноччу», – успамінае аднавясковец. Пра месцазнаходжаньне і памеры першага жытла першага прэзыдэнта сьведчаць толькі ледзь прыкметныя ўзвышэньні на месцы падмурку і ганка. Паводле іншае легенды, мясцовае начальства тэлефанавала Лукашэнку і пыталася: мо паставіць на сялібе новую акуратную хату? «Вам што, грошы няма куды дзяваць?» – адказаў зямляк. І замест хаты зрабілі акуратную альтанку з лавамі, сталом і нават электрычным сьвятлом. Праўда, разэткі ўжо павыдзірала нечая зладзейская рука. Пад альтанкаю цьвіце корч шыпшыны. Побач пара яблынь ды старая вярба пры весьніцах. У куце – яшчэ адна альтаначка. Сардэчна, сьціпла, не па-ніязаўску, трэба сказаць. Дарожкі пасыпаныя жвірам. І ўвесь мэмарыял. Калі, вядома, не лічыць часткай мэмарыялу цьвёрдую дарогу празь вёску, на месцы колішняй непралазнае гразі. Або плот, які трапіў сюды па дзяржаўным разьмеркаваньні.

Альтанка на месцы сядзібы Лукашэнкаў.

Праўда, найбольшы цуд Лукашэнкавай радзімы схаваны ад вока павярхоўнага турыста. «Вы на крыніцы былі? Зьезьдзіце», – загадкава раілі александрыйцы. «А што за крыніца? Сьвятая?» «Сьвятая, – сьмяецца дзядзька. – Тама Ён адзін раз ногі памачыў...»

Прэзыдэнцкі вігвам

Палявая дарога канчаецца ля зарослага кустоўем адхону. Уніз да ракі Ўльянаўкі зьбягаюць прыступкі з парэнчынай трымацца. Бо ад убачанага сапраўды можна ўпасьці. Першае, што бачыш, – дзесяцімэтровы вігвам. Калі вігвамы бываюць драўляныя. Ашаляваная будыніна мае дзьвюхстворчатыя дзьверы, мураваную падлогу. Пасярэдзіне – кастрышча з прыспасобай класьці шампуры. «Сюды нават з гораду прыяжджаюць аддыхаць. Маладзёж», – кажа тутэйшы чалавек.

Вада ў плыткай Улянаўцы крынічная. У натаптаным месцы ля берагу відаць гарэлачныя цэтлікі – тут наведнікі вігваму астуджаюць напоі. Цераз раку перакінуты акуратны масток. А вакол гэтага пункту культурнага адпачынку стаіць дзікае някошанае бадыльлё.

Над крыніцай, зь якой вёска некалі брала ваду, акуратная калодзежная стрэшка. З празрыстым шкляным верхам. Крыніца стаіць поў-ная. Рукою дастанеш, каб зачарпнуць смачнае вады. На ёй выгадаваўся Лукашэнка. Нездарма прэзыдэнтам ён прыяжджаў да сваёй першай крыніцы. У каго з нас няма такой? Але і шашлычны вігвам – таксама частка эпохі, іншы бок мэдаля, гатовы экспанат у будучы скансэн А.Р.Лукашэнкі.

Ён сам прыйшоў

Ці бывае ў Александрыі Лукашэнка? «Вядома, у той самы год, як яго выбралі, ён з трыма ахоўнікамі сюды на лыжах прыйшоў», – кажа тутэйшая кабета. Праўда? Легенда? «Яшчэ прылятаў на верталёце, – дадае бабуля. – Вунь там сядаў верталёт. Ішоў па вёсцы, са мной паздароўкаўся, ахове сказаў, каб адышлі. Мне ля яе ахова ня трэба, сказаў».

Бабуля – суседка Лукашэнкаў. Трыццаціградуснай гарачынёй яна поле кветнік не разгінаючыся, нават няёмка нам яе адрываць. Аказалася, што не разгінаецца, бо такая сагнёная і ёсьць. «А скуль вы, паны далёкія?» – пытаецца. Ёй 90 гадоў, і Саша гадаваўся пры ёй.

Найстарэйшая жыхарка Александрыі пражыла жыцьцё насупраць Лукашэнкаў.

«Што вы тут у бабушкі выпытваеце?» – падае голас яе дачка, якая прыехала на лета з Барані. Яны трохі напалоханыя тым, што напісала «Камсамолка»: нібы Лукашэнка вырас у іх бабулі на руках. Людзі ў Александрыі пабойваюцца гаварыць. «Наш прэзыдэнт маладзец, – кажа бабуліна дачка. – Дарогу зьдзелалі, астаноўку зьдзелалі, заборы во якія зьдзелалі. Але дамоў людзі ў вёсцы не купляюць, дарма што яна знакамітая. Каб яшчэ дзярэўню адстроілі… Бо тута якіх можа шэсьць дамоў і ё цяпера, што людзі жывуць... На месцах прэзыдэнту мяшаюць. Мы во прасілі бабе печ адрамантаваць, бо зь нёба цэгла валіцца, дык ніхто й пальцам не паварушыў. А прэзыдэнт маладзец: на фэрме матцы заўжды памагаў і ў хаце…» Вы хоць не пішыце няпраўды, просіць яна наастатак. Пахне суніцамі. Гэта бабуліна праўнучка зрабіла сабе сунічную маску.

Зьяжджалі з Александрыі-2 з адчуваньнем лёгкай крыўды за... Быкава. У пісьменьніка ж ніхто не папытаўся, і на яго радзіме ў Бычках цяпер стаіць не густоўная альтанка, у якой добра думаецца пад пошум дрэваў, а новая лякіраваная пацёмкінская хата.

…Між Александрыяй і Копысьсю, на месцы аднаго з апошніх у Беларусі паромаў, будуецца бэтонны мост. Гіганцкія быкі, як калёны Парфэнону, уздымаюцца над нешырокім яшчэ Дняпром. Копысь належыць ужо да Аршанскага раёну, і тут няма ніякіх прыкметаў аграбудаўнічае ліхаманкі, апроч абкладзенага сайдынгам «Бару» з чабурэкамі. І платоў. Платы цяпер стаяць бэтонныя, штыкетныя, харошыя, бясплатныя па ўсёй краіне. Машэраўскай якасьці!

З магутных валоў копыскага замчышча Александрыя за ракой здаецца вялікім мурашнікам. І ўспамінаецца Эклезіяст: «І гэта мінецца...».

Фота Андрэя Лянкевіча

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0