Два фільмы вытворчасці беларускага незалежнага тэлеканалу «Белсат» возьмуць удзел у берлінскім фестывалі «Prix Europa».

Журы аднаго з найважнейшых форумаў для радыё- і тэлежурналістаў Еўропы выбрала беларускія фільмы, у ліку 33 іншых, да ўдзелу ў конкурсе ў катэгорыі «тэлевізійны дакументальны фільм».

«Свята на нашай вуліцы» — стужка, якую зняў рэжысёр, што працуе пад творчым псеўданімам Адам Галін.

Сучасная Беларусь у фільме паказваецца з перспектывы тыповага менскага двара. Тут на кожнае са святаў — а іх у нашай краіне шмат — размаўляюць, п’юць, спяваюць, танчаць, спрачаюцца, б’юцца, выклікаюць хуткую дапамогу, шпацыруюць з дзецьмі, ядуць і зноў п’юць, спяць (часта пад лаўкаю) і зноў п’юць жыхары інтэрнатаў адной з менскіх фабрык.

Побач са «Святам на нашай вуліцы», сярод фільмаў якія сёлета пазмагаюцца за прэстыжную ўзнагароду, ёсць яшчэ адна стужка, створаная з удзелам першага незалежнага тэлеканалу.

Фільм «Рабінзоны Мантсінсаары», які «Белсат» зняў у супрацы са сваймі партнёрамі з Нямеччыны, Фінляндыі ды Францыі, распавядае пра двух немаладых ужо мужчынаў, якія жывуць на апусцелым востраве на Ладажскім возеры. Адзін з іх — беларус Клюня, а другі — фін Маці. Яны жывуць ва ўзаемнай варожасці.

Прычына ў тым, што да ІІ сусветнае вайны востраў Мантсінсаары на Ладажскім возеры належаў Фінляндыі. Фіны жылі тут заўсёды, любілі сваю прыроду, лясы. Але пасля вайны востраў быў заселены грамадзянамі Савецкага Саюзу, адным з іх быў беларускі ляснік Клюня. Аднойчы ён трапіў у пастку, нібыта пастаўленую суседам. З гэтага і пайшла няпрыязь. Маці не лічыць сябе браканьерам. У яго тыпова фінскі характар: ён ціхі і спакойны, людзей да сябе не дапускае. Беларус зусім іншы: вясёлы, артыстычны, з адкрытаю душою. На востраве ён стварыў свой уласны свет, уласную краіну. Ён і распавядае гісторыю двух народаў і гэтай выспы.

Штогод у фестывалі ў нямецкай сталіцы ўдзельнічаюць аўтары сотняў якасных фільмаў і праграмаў з усяго Старога свету. Сёлета 23-ці «Prix Europa» пройдзе з 17 да 24 кастрычніка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?