Пачалася практычная праца па стварэньні нацыянальна-дэмакратычнага блёку. Якія мэты, задачы гэтай новай кааліцыі? Як зьбіраецца ўдзельнічаць нацыянальна-дэмакратычны блёк у прэзыдэнцкіх выбарах? Ці магчыма атрымаць перамогу на аснове вузкай ідэалягічнай плятформы? На пытанні Валера Карбалевіча адказвае Павал Севярынец.

— Якія мэты, задачы новай кааліцыі?

Павал Севярынец:

Кааліцыя незалежніцкіх дэмакратычных сілаў ствараецца з мэтай дасягненьня лідэрства нацыянальных сілаў у апазыцыі, затым у грамадзтве і затым у дзяржаве праз прыход да ўлады.
Задачай гэтай кааліцыі зьяўляецца зьяднаць усіх тых беларусаў, якія прытрымліваюцца каштоўнасьцяў незалежнасьці, бачаць Беларусь эўрапейскай, хрысьціянскай, дэмакратычнай.

Кааліцыя не ствараецца ні пад кога, яна ствараецца ў прынцыпе. Бо менавіта цяпер склаліся ўмовы для аднаўленьня лідэрства незалежніцкіх сілаў, згубленага дзесяць гадоў таму пры расколе БНФ.

— Блёкі, кааліцыі звычайна ствараюцца дзеля вырашэньня канкрэтных палітычных задач, прычым кароткатэрміновых. Пад бягучую палітычную кампанію — напрыклад, выбарчую кампанію. А ваша кааліцыя ствараецца дзеля дасягненьня нейкіх далёкасяжных мэтаў?

Павал Севярынец: Так.

Стварэньне кааліцыі незалежніцкіх дэмакратычных сілаў — гэта стратэгічны крок.
Кааліцыйны праект Аб’яднаных дэмакратычных сілаў (АДС) скончыўся, ён не давёў сваёй эфэктыўнасьці. І настаў час вяртацца да таго вобразу, які на мяжы 1980—1990-х гадоў увасабляў БНФ.

Як зьбіраецца ўдзельнічаць новая кааліцыя ў прэзыдэнцкіх выбарах?

— Як зьбіраецца ўдзельнічаць нацыянальна-дэмакратычны блёк у прэзыдэнцкіх выбарах? Якія задачы ён ставіць у гэтай кампаніі? Каго будзе вылучаць кандыдатам у прэзыдэнты?

Павал Севярынец: Рашэньня няма пакуль, пытаньне дыскутуецца.

Ёсьць тры вэрсіі. Першая — байкот. Другая — змаганьне за зьмены выбарчага заканадаўства. Трэцяя — безумоўны ўдзел у выбарах хаця б дзеля таго, каб прапанаваць альтэрнатыву рэжыму.

Якое б ні было рашэньне, кааліцыя будзе яго выконваць згуртавана. Галоўнае — аб’яднацца на каштоўнаснай плятформе. Пытаньне дзеяньняў — другаснае. Яшчэ раз падкрэсьліваю: кааліцыя ствараецца не пад канкрэтную кампанію, а стратэгічна.

Нават тактыка байкоту не выключае перамогі. Ёсьць процьма прыкладаў, калі байкоты перарасталі ў агульнанацыянальныя страйкі і вялі да зьмены ўлады.

На першым пасяджэньні па стварэньні кааліцыі мы засьведчылі, што задача-максымум — гэта перамога падчас выбарчай кампаніі. А вось праграма-мінімум — гэта прадмет дыскусіі: які мінімальны вынік будзе задавальняючым?

Пытаньне пра тое, хто будзе адзіным кандыдатам, не прадвырашанае.
Гэта можа быць і Мілінкевіч, і Рымашэўскі, і Міхалевіч, і нехта іншы. Мы не падводзім арганізацыйную плятформу, пастамэнт пад нейкага кандыдата. Мы будзем ісьці натуральным шляхам: спачатку зьяднаць сілы, а потым вызначацца зь лідэрам.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?