Ян Румл быў адным з лідэраў дысідэнцкага руху ў Чэхаславакіі ў 1970‑80‑х. Яго подпіс стаіць пад вядомай «Хартыяй», якую ў студзені 1977 году падпісалі 260 чэшскіх дысідэнтаў.
Людзей розных поглядаў і перакананняў, якіх аб’ядноўвала жаданне змагацца за выкананне правоў чалавека.
Румл робіць вельмі прыемнае ўражанне. У свае 56 ён захоўвае выдатную спартыўную форму. Ён прыходзіць на сустрэчу ў чорных джынсах і ў шэрай майцы з выявай жабкі‑імігранта, якая ў касцюме бусла спрабуе перасекчы мяжу. Асабіста мне Румл здаўся падобным на нейкага сіцылійскага мафіёзі з фільмаў, асабліва такое ўражанне ўзмацняе яго стылёвая сівая барада.
Праблемы Беларусі для Румла не чужыя. Ён з’яўляецца старшынём аб’яднання «Грамадзянская Беларусь»,
заснаванага ў 2004 г. шэрагам чэшскіх палітыкаў. Сярод іх, дарэчы, і былы міністр замежных справаў Карэл Шварцэнберг. Арганізацыя мае на мэце спрыянне дэмакратызацыі нашай краіны.
Пасля аксамітнай рэвалюцыі па асабістай просьбе Вацлава Гаўла Ян Румл заняў пасаду намесніка міністра ўнутраных справаў. А яшчэ праз два гады — пасля разыходжання Чэхіі і Славакіі — стаў міністрам гэтага ведамства. Адну з галоўных сілавых структураў краіны ўзначаліў быў «дэструктыўны элемент» і палітвязень, які ў пачатку 1980‑х правёў амаль год у турме.
Румл узгадвае той час са словамі, што рэвалюцыя прынесла шмат добрага, але і мноства праблемаў.
«Тым не менш, мы атрымалі свабоду. Я быў сведкам усіх тых палітычных, эканамічных трансфармацый, якія адбываліся ў краіне», — кажа Я.Румл.
Рэформы ў Міністэрстве ўнутраных справаў праходзілі непасрэдна пад кіраўніцтвам Румла. «У штат міністэрства ўваходзіла дзяржаўная бяспека, установа, якая займалася палітычным ціскам. Працавала супраць людзей, што змагаліся з камуністычным рэжымам. У тым ліку дзякуючы гэтай палітычнай паліцыі ў краіне панавала атмасфера страху. Маёй першай задачай на пасадзе было знішчэнне гэтай структуры. Супрацоўнікі ведамства павінны былі стаць «цывільнымі» людзьмі, а злачынцы — адказаць перад судом», — расказвае былы міністр.
Румл адразу паставіў перад сабой мэту дэмакратызацыі МУС. Для гэтага ён пастанавіў, што ведамства павінна знаходзіцца пад кантролем парламенту і грамадства. «А гэта немагчыма было зрабіць без правядзення свабодных выбараў, без гарантавання плюралізму думак, без падпісання асноўных міжнародных стандартаў, без вольных СМІ. Усе гэтыя крокі былі зробленыя цягам двух гадоў (1990—1992 — НН). У гэты перыяд была прынятая новая Канстытуцыя, а таксама закон аб паліцыі».
Румл ганарыцца, што пад ягоным кіраўніцтвам МУС ператварылася ў нармальны орган бяспекі краіны з установы, якая змагалася з іншадумствам.
Тым не менш, Ян Румл прызнаецца, што ягонае міністэрства сутыкнулася з шэрагам праблемаў. «Нам трэба было, каб у органы прыйшлі новыя людзі. Але ім бракавала досведу, старыя супрацоўнікі не адпавядалі таксама гэтай працы. У складаным выбары мы аддалі перавагу першаму варыянту. І маладыя паліцыянты набіралі досведу проста «ў палях», і яны спраўляліся са сваімі задачамі, — кажа экс‑міністр.
Паліцыя адразу перадала частку сваіх паўнамоцтваў іншым структурам. Напрыклад, здача на правы кіроўцы ці пашпартныя справы. Судовыя паседжанні сталі адкрытымі для грамадскасці.
Адной з галоўных праблем у той час былі афёры з прыватызацыяй. Паліцыя сутыкнулася з абсалютна новай для сябе сферай, і не заўсёды магла правільна разабрацца ў сітуацыі.
«Беларусь гэта яшчэ толькі чакае. Я нават вам зайздрошчу, бо вы можаце не паўтараць нашых памылак», — кажа Я.Румл.