Пачаўся пажар. АМАП разагнаў цікаўных.

 Фота Der Schatten.

Фота Der Schatten.

 Так выглядаў дом да пажару. Фота Harodnia.com

Так выглядаў дом да пажару. Фота Harodnia.com

У жылым доме на вуліцы 17 верасня ў Гродне адбыўся выбух бытавога газу. У выніку гэтага пачаўся пажар. На яго ліквідацыю выклікалі нават «невыязную» часць «Азоту», паведамляе Блог Гродно s13.

Агонь ахапіў увесь дом. Паводле відавочцаў, выбух адбыўся ўжо пасля таго, як пажар ахапіў дом. У мэтах бяспекі месца пажару ачапілі міліцыянты, яны адагналі ад дому цікаўных — у доме маглі застацца цэлыя балоны з газам. На месца здарэння прыехала аварыйная газавая служба.

Дарэчы, такое вось супадзенне — менавіта гэты дом улады мелі збурыць сёлета ў верасні. Дом знаходзіцца ў раёне «Новы свет», дзе пераважае драўляная забудова. За гэты раён не першы год змагаюцца з уладамі неабыякавыя гродзенцы.

***

Атрымаць інфармацыю з афіцыйных крыніц пакуль не ўдаецца — тэлефоны гродзенскага гарадскога ўпраўлення МНС маўчаць.

***

Па словах гродзенскага гісторыка Андрэя Вашкевіча, дом, у якім сёння адбыўся пажар, уяўляе сабой каштоўны помнік драўлянай архітэктуры. Ён быў збудаваны ў 1912 годзе, там размяшчалася пякарня. «Дом быў на дзесяць кватэраў, у досыць нармальным стане. Яго збіраліся зносіць, але не знайшлі грошы. Дый жыхары адтуль не спяшаліся высяляцца», — кажа гісторык.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0