«Gazeta Wyborcza» дала цёплую рэцэнзію на польскае выданне кнігі Пятра Рудкоўскага «Паўстанне Беларусі» з серыі «Кнігарня «Наша Ніва». Прапануем яе Вашай увазе.

У Беларусі, якую часта называюць савецкім скансэнам, нягледзячы ні на што працягваецца інтэнсіўнае інтэлектуальнае жыццё. Нават у лагеры прыхільнікаў Лукашэнкі, піша «Gazeta Wyborcza».

Адзін з самых цікавых беларускіх інтэлектуалаў, філосаф і тэолаг Пётра Рудкоўскі, аўтар выдадзенай нядаўна па-польску кнігі «Паўстанне Беларусі», сутыкае афіцыйны і апазіцыйны погляды на лёс Беларусі. Чытанка гэтая вельмі цікавая і зусім не адназначная.

Рудкоўскі прызнае, што феномен Лукашэнкі — не толькі прымітыўны механізм дыктатуры, у якой аўтарытарны кіраўнік навязвае сваю волю іншым. Пасля расчаравання першымі гадамі незалежнасці і дэмакратыі, якія атаясамліваліся галоўным чынам з крызісам і хаосам — падобна як і ў суседняй Расіі — з’явіўся натуральны попыт на моцную ўладу.

Лукашэнка адчуў гэты трэнд. Паміж ім і большай часткай грамадства існуе своеасаблівая дамоўленасць, што санкцыянуе аўтарытарызм узамен за адносную гаспадарчую і сацыяльную стабільнасць.
Каму гэта не падабаецца, той можа выбраць эміграцыю.

Рэжым Лукашэнкі выдае пашпарты і не ўскладняе выездаў за мяжу. І гэтым ужо скарысталіся тысячы людзей. Было б, аднак, памылкова меркаваць, што беларускі кіраўнік папросту выконвае волю народа — як ён сам любіць часта паўтараць.

«Беларускі рэжым вельмі актыўны ў выхаванні аўтарытарнага светапогляду ў грамадстве, а таксама ў стрымліванні націску альтэрнатыўнай, дэмакратычнай культуры», — піша Рудкоўскі.
«Народ падлягае пастаяннай «апрацоўцы», такой, каб неабходнасць існавання моцнай дзяржавы была запатрабаванай. Моцную дзяржаву гарантуе асоба харызматычнага Кіраўніка».

Такая апрацоўка ажыццяўляецца з дапамогай дзяржаўнай ідэалогіі, якую вывучаюць у школах і універсітэтах, распаўсюджваюць праз СМІ. У духу дзяржаўнай ідэалогіі павінны прамаўляць і дзейнічаць чыноўнікі, прапагандуецца яна і на дзяржаўных прадпрыемствах і ва ўстановах. Галоўныя пастулаты беларускай дзяржаўнай ідэалогіі сабраныя ў кнізе «Асновы ідэалогіі беларускай дзяржавы», выданай Акадэміяй кіравання пры прэзідэнце. Яе аўтары не хаваюць, што гэта своеасаблівая квазі-рэлігія, марксісцкая прызма, праз якую сацыяльныя слаі павінны глядзець на свет.

Афіцыйная беларуская дзяржаўная ідэалогія грунтуецца на тэндэнцыйнай версіі гісторыі, што абмінае альбо змяншае значэнне Полацкага княства і ВКЛ — першых дзяржаўных утварэнняў на тэрыторыі Беларусі.
Гісторыя ў афіцыйнай версіі пачынаецца пасля 1917 года — ад стварэння Савецкай Беларусі, а сканчаецца дыфірамбамі беларуска-расійскай інтэграцыі, якую ўжо шмат год выкарыстоўвае ў сваёй палітыцы Лукашэнка. Ёсць там шмат зласлівага аб «выкармленай» Захадам апазіцыі, шмат антыамерыканскіх акцэнтаў, дэвізаў пра славянскае адзінства, а таксама крытыка заходняй «медыякратыі» (напэўна так аўтары разумеюць плюралізм у СМІ дэмакратычнай дзяржавы, які не змяшчаецца ў іхных галовах).
Галоўным дэвізам з’яўляецца тэзіс аб «адзінстве палітыкі, эканомікі і ідэалогіі». Дзяржава — гэта маці-дабрадзейка, якая гадуе інфантыльных дзяцей.
«Асновы...» былі напісаныя і выдадзеныя толькі па-расійску, а гэта азначае, што асобы беларускамоўныя знаходзяцца па-за зонай ахопу афіцыйнай ідэалогіі дзяржавы Лукашэнкі. Цікавыя таксама спасылкі і спіс крыніц. На першым месцы фігуруюць у ім дзве прамовы Аляксандра Лукашэнкі, і толькі пасля іх Канстытуцыя і Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека.

Пасля разбору афіцыйнай беларускай бібліі на асобныя фрагменты, аказваецца, што яна не з’яўляецца такой ужо радыкальнай і дагматычнай. Тэкст, створаны Акадэміяй кіравання, дыстанцыюецца, напрыклад, ад ідэяў іншага афіцыйнага палітолага Уладзіміра Мельніка, які трымаецца тэорыі «аўтарытарнага русацэнтрызма». Паводле Мельніка, у расійскасці, «рускай ідэі» захоўваецца элементарная вартасць беларускага народа. Ігнараванне расійскасці азначае «ўцёкі беларусаў ад сваёй генетычнай прыроды», — сцвярджае Мельнік. Ён адкідае абвінавачванні ў тым, што пад уладай Лукашэнкі адбываецца русіфікацыя беларускай культуры. На яго погляд — гэта не русіфікацыя, а вяртанне да прыродных каранёў. Для Мельніка развіццё Беларусі магчымае толькі ў цесным саюзе з Расіяй і перайманні расійскай мадэлі развіцця.

Кніга, вырабленая прэзідэнцкай Акадэміяй кіравання, туманна кажа аб славянскім братэрстве, аднак выразна выказваецца за ўласную дзяржаву.
Некаторыя раздзелы былі напісаныя палітолагамі, якія ў іншых сваіх працах могуць дазволіць сабе ліберальныя тэндэнцыі, застаючыся аднак у афіцыйным інтэлектуальным асяроддзі. Яны адзначаюць ролю беларускай мовы і нацыянальнай свядомасці, збудаванай на падвалінах айчыннай гісторыі, а не толькі расійскай. Робіцца тое вельмі далікатна, з мноствам асцярожных агаворак у бок афіцыйнай ідэалогіі. Падкрэсліваецца, што Беларусь — гэта памежная тэрыторыя між Еўропай і Расіяй, каталіцтвам і праваслаўем, заходняй рацыянальнасцю і ўсходнім містыцызмам. А свядомае аб’яднанне процілеглых рысаў не абавязкова мае быць перашкодай. Наадварот — фундаментам нацыянальнай свядомасці.

Рудкоўскі называе гэтую супярэчнасць паміж ліберальнымі і цвердалобымі ідэолагамі Лукашэнкі падзелам на «афінскую» і «спартанскую» тэндэнцыі ў рамках рэжыму. Першая гатовая на асцярожныя, нерэвалюцыйныя рэформы. Другая абапіраецца на ментальнасць выключнага становішча. Іншы разлом у межах рэжыму прабягае між прыхільнікамі славянафільска-прарасійскага курса і курса памяркоўна-адраджэнскага. Рудкоўскі — магчыма вельмі аптымістычна — лічыць, што паступовая «афінізацыя» Спарты раней ці пазней немінучая.

З другога боку, Рудкоўскі апісвае апазіцыйныя погляды на беларускасць. Адзін з іх — гэта праект Зянона Пазняка, які адстойвае стварэнне дзяржавы монаэтнічнай, абапертай на традыцыі ВКЛ і БНР. Праект прадугледжвае беларусізацыю дзяржаўных устаноў, адукацыі, культурнага жыцця. Сёння такі праект падаецца анахранічным.

Рудкоўскі прагназуе поспех саюзу прыхільнікаў умеранага нацыянальнага адраджэння, але з максімальна адкрытым характарам — такі спосаб мыслення прапагандуе асяроддзе часопіса ARCHE, рэдакцыя газеты «Наша Ніва», пераследаваны ўладамі Беларускі Калегіюм, а палітычна — А. Мілінкевіч — з асяроддзем расійскамоўным, але дэмакратычным, якое атасаямлівае сябе з беларускай дзяржаўнасцю. Дыскусія паміж гэтымі асяроддзямі цягнецца некалькі год і, падаецца, што пасля пераадолення першапачатковага недаверу, пачынае даваць першыя вынікі.

Адраджэнцы выразна баяліся зліцця з расійскім элементам — гэта магло прывесці да распушчання ў ім пачаткаў беларускасці. З іншага боку, расійскамоўныя беларускія інтэлектуалы лічылі, што вельмі моцны націск на адраджэнне беларускасці можа лёгка ператварыцца ў выбух некантраляванага нацыяналізму, які падзеліць грамадства на лепшых і горшых, касты прывілеяваных і дыскрымінаваных. Рудкоўскі спрабуе аб’яднаць абодва кірункі, паказваючы, што паміж імі няма вялікай супярэчнасці.

Талерантны, адкрыты і пазбаўлены дагматызму нацыянальны праект, рэалізаваны ў дэмакратычных умовах не мусіць аспрэчваць пастулат аб «слабым суверэнітэце», ці «слабай нацыянальнай ідэі», што прапагандуюць расійскамоўныя беларускія інтэлектуалы.

Рудкоўскі прапануе, каб у Беларусі пытанне адраджэння нацыянальнай самасвядомасці разглядалася таксама, як ва Украіне. Над Дняпром кожны вызначае сам, кім хоча быць. Няма падзелу на украінцаў этнічных і украінцаў па выбары.

Ці ўдасца ў Беларусі рэалізаваць такі сцэнар — залежыць ад тэмпу змен. Рудкоўскі, апіраючыся на меркаванні большасці беларускіх інтэлектуалаў, сцвярджае, што Беларусь жыве яшчэ ў часах Брэжнева, але вымушаная пастаянна стрымліваць эру Гарбачова, якая літаральна стукае ў дзверы. Не выключае, што калі змены стануць магчымымі, можа дайсці да паразумення ліберальна і прабеларуска настроенай часткі апарату Лукашэнкі і звязанай з рэжымам інтэлігенцыі з памяркоўнай часткай апазіцыі. Невядома, калі тое будзе. Невядома таксама, як рэжым Лукашэнкі будзе на гэта рэагаваць. Пытанне пра будучыню Беларусі застаецца адкрытым. Аднак важна, што з’яўляюцца асобы, якія бачаць сітуацыю шырэй класічнага падзелу на «іх» і «нас», сяброў і ворагаў. Гэта добры знак для будучых перамен.

Марцін Вайцяхоўскі, «Gazeta Wyborcza»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0