Выдатны помнік драўлянага дойлідства быў занядбаны ўжо некалькі дзесяцігоддзяў. Справы да яго не было ані праваслаўным папам, ані выканкамаўскім чыноўнікам. Тыдзень таму царква не вытрымала...

Дзейнасць петрыкаўскай святыні скончылася ў 1967 годзе. Тады былі праведзены малебны ў апошні раз. З таго часу яна гніе на мясцовых могілках, і нікому да яе няма справы. Тыдзень таму царква не вытрымала – і абрынулася. Унікальны крыж, якому таксама было трыста год, у гэты ж час некуды знік...

«Пабудаваная без аднаго цвіка...»

У горадзе Петрыкаве Гомельскай вобласці на старых могілках дажывае свой век унікальны помнік народнага дойлідства – Свята-Пакроўская царква. Пабудавана яна была ў канцы XVII стагоддзя з дрэва ў Аголіцкай пустыні вёскі Сотнічы як стараверская, з 1746 – уніяцкая, у 1836 годзе перанесена ў горад і перададзена праваслаўным.

Царква ўяўляе сабою невялікі трохзрубны храм з бярвенняў з шасціграннымі астаткамі. Зруб малітоўнай залы накрыты шатровым гонтавым дахам, які завершаны чацверыком з двухяруснай купальнай галоўкай. Над прытворам чацверыковая шатровая званіца, ніжэйшая за асноўны аб’ём і далучаная да яго кароткім бабінцам. Ашаляваныя фасады прарэзаны прамавугольнымі аконнымі праёмамі ў простых ліштвах, апяразаны вуглавымі лапаткамі і карнізам простага профілю. Зруб выкананы без аднаго цвіка, пры дапамозе ўрубак і драўляных нагеляў. У перакрытую плоскай бэлечнай столлю залу храма вялікімі праёмамі адкрываюцца апсіда і прытвор.

На Беларусі, ды і ўва ўсёй Еўропе, такіх цэркваў засталося ўсяго некалькі. У нас гэта Порплішчанская Спаса-праабражэнская царква 1627 года, Збірожская царква Параскевы Пятніцы 1610 года, Кашэвіцкая Успенская царква 1642 года, Дарапеевіцкая Прачысценская царква 1671 года, Давыд-гарадоцкая Георгіеўская царква 2-ой паловы XVII стагоддззя ды Валеўская Петрапаўлаўская царква 1685 года. Дзіўная недарэчнасць: усе паралічаныя цэрквы, апроч Петрыкаўскай, дагледжаныя, адрэстаўраваныя і цяпер дзейнічаюць...

Нам гісторыя не трэба

Яшчэ з месяц таму наш драўляны цуд выглядаў зусім па-іншаму. Зрубы з круглых бярвён стаялі так упэўнена, як і некалькі стагоддзяў таму. Былі на сваіх месцах званіца і купал, але час бярэ сваё – і яны пачыналі нахіляцца. Быў захаваўся нават арыгінальны крыж. Унутры царквы адчуваеш сябе як за каменнай сцяною, бо сцены тут на самой справе моцныя, але час ад часу паглядаеш уверх – як бы чаго не звалілася на галаву. Царква прыходзіла у заняпад. І вось – не вытрымала людскай няўвагі ды абыякавасці...

Абрынуўся купал, званіца над бабінцам... Нехта тут жа скраў крыж. Але магутны зруб застаўся стаяць. Хаця, няма верагоднасці, што цяпер яго не расцягнуць на дровы мясцовыя «аматары даўніны»...

Чаму царкву не аднаўляюць?

На гэтае пытанне адказвае адказная за помнікі адзела культуры адміністрацыі Петрыкаўскага раёна, якая ў тэлефоннай размове назвалася Надзеяй Іванаўнай.

– Па-першае, могілкі, на якіх стаіць царква, вельмі старыя, і магілы проста сціснулі святыню, падкраўшыся пад самыя яе сцены, што б склала значныя перашкоды пры рэстаўрацыі, – разважае жанчына, – а па-другое, была сфарміраваная камісія, якая зрабіла заключэнне аб тым, што царква знаходзіцца ў аварыйным стане і аднаўленню не падляжыць.

Гэта і стала прысудам трохсотгадовай царквы, якая пры належным даглядзе перажыве і Надзею Іванаўну, і нас з вамі. Праваслаўная царква таксама не спяшаецца рэстаўраваць унікальную царкву. Мясцовы поп сказаў, што яму ёсць дзе адпраўляць набажэнствы – у Петрыкаве таксама ёсць мураваная Мікалаеўская царква. Да таго ж, аднаўленне – гэта грошы. Якія можна патраціць на новы «мэрсэдэс» ці дублёнку...

* * *

Сёння, як і шмат гадоў таму, сярод магільных крыжоў усё яшчэ ўзвышаюцца рэшткі Свята-Пакроўскай царквы, чакаючы свайго лесу. А калі яна абваліцца да канца, недзе недалёка ад яе плануецца узвесці новую. А тым часам людзі, што прыходзяць наведаць сваіх продкаў, кожны раз паглядаюць на Свята-Пакроўскую прыгажуню ціха кажуць адно аднаму: «Пакарае нас Божанька за такое стаўленне да храма...»

Алесь Гардзевіч

Сож, bulletinonline.org

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0