У сувязі з неспрыяльнымі метэаўмовамі намечаная на 25 верасня падчас вучэнняў «Захад‑2009» пасадка на аэрадромны ўчастак дарогі (АУД) МіГ‑29УБ і Су‑25УБ беларускіх ВПС і войскаў СПА адменена.

Знішчальнік і штурмавік імітуюць заход на пасадку, пройдуць над дарогай на вышыні каля 100 м, сказаў суразмоўца агенцтва.

У палётах з выкарыстаннем АУД задзейнічаны экіпажы 927‑й знішчальнай авіябазы (Бяроза, Брэсцкая вобласць) і 206‑й штурмавой авіябазы (Ліда, Гродзенская вобласць). Авіяцыйнае прыкрыццё раёна палётаў будуць ажыццяўляць верталёты Мі‑24 181‑й баявой верталётнай базы (Пружаны, Брэсцкая вобласць).

Мэты мерапрыемства — адпрацоўка пытанняў выкарыстання ўчасткаў аўтамабільных дарог у якасці запасных аэрадромаў і аэрадромаў расканцэнтравання авіяцыі, падрыхтоўка лётнага складу да выканання палётаў з аэрадромных участкаў дарог.

У забеспячэнні палётаў будуць задзейнічаны розныя воінскія часці, падраздзяленні і службы ВПС і войскаў СПА. На асабовы склад падраздзяленняў войскаў сувязі ўскладзены задачы забеспячэння радыёсувязі, на падраздзяленні радыётэхнічных войскаў — радыёлакацыйны кантроль палётаў авіяцыі па зададзеных маршрутах, выдача радыёлакацыйнай інфармацыі на пункты баявога кіравання авіяцыяй. Падрыхтоўкай узлётна‑пасадачнай паласы, запраўкай самалётаў, ажыццяўленнем маскіроўкі авіяцыйнай тэхнікі і сродкаў наземнага забеспячэння агульнага прымянення пасля пасадкі самалётаў будуць займацца падраздзяленні інжынерна‑аэрадромнага, тэхнічнага і тылавога забеспячэння.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0