Якія рэцэпты шчасця ў сэксуальным жыццi? Чаму адны людзі захоўваюць вернасць сваім партнёрам, а другія — не? Расказвае сэксолаг Дзмітрый Капусцін.

Доктар‑сэксолаг Мiнскага абласнога псiханеўралагiчнага дыспансэра Дзмiтрый Капусцін дае адказ на гэтыя пытаннi ў сваёй новай кнiзе «Асноўны iнстынкт. Урокi сэксуальнай адукаванасцi», якая днямi пабачыла свет. І ў наступным iнтэрв’ю.

— З якога моманту пачынае фармiравацца палавая свядомасць?

— Ва ўлоннi мацi, безумоўна… Самае важнае тут, каб дзiця было жаданым. У нежаданага абавязкова будуць праблемы. Яно не атрымае патрэбнай колькасцi пяшчоты i цеплынi ад мацi. Неласкавая, як i вельмi занятая, матуля — вялiкае няшчасце для немаўляцi. I як высветлiлася,

на праяўленне пяшчоты i клопату матулям адведзены ўсяго адзiн год. Менавiта ў гэты перыяд закладваецца аснова стаўлення маленькага чалавечка да людзей…
Так што жанчына, якая збiраецца нарадзiць, павiнна сказаць сабе: з моманту наступлення цяжарнасцi i яшчэ год пасля з’яўлення дзiцяцi на свет даю слова не належаць сабе — толькi гэтаму новаму чалавечку.

— Вы хочаце сказаць, што жанчына, якая ў час цяжарнасцi разважала, напрыклад, над тым, цi пакiнуць дзiця або, крый Божа, мела намер развiтацца з жыццём, найгоршым чынам паўплывае на лёс дзiцяцi?

— Абавязкова паўплывае.

Калi быў элемент адарвання ад дзiцяцi, значыць, надыдуць i наступствы.
Колькi часу таму ў адным з расiйскiх рэгiёнаў была нават спроба забаранiць раскрыццё тайны полу дзiцяцi. I ў гэтым быў сэнс. Бо калi раптам пол дзiцяцi не супадае з пажаданым, у мацi ўзнiкае адарванне ад малога. Даказана, што гэта адарванне адбiваецца на ўсiм далейшым жыццi чалавека. Наогул у справе з’яўлення чалавека на свет няма няважных рэчаў. Важна i тое, аб чым думала мацi падчас цяжарнасцi, i цi кармiлi дзiця грудным малаком, i калi аднялi ад грудзей… У мацярынскiм малаку ёсць тое, чаго не можа быць нават у самай лепшай штучнай сумесi — гармоны. Яны забяспечваюць нармальныя развiццё галаўнога мозгу, фiзiчны i псiхiчны стан. Вызначана, што лепш за ўсё дзiця развiваецца на руках у гаваркой мацi:
чым больш размаўляюць з малым, тым лепшае яго iнтэлектуальнае развiццё.
Так што на працягу года мацi не павiнна выпускаць дзiця з рук.

— А калi пяшчоту i ўвагу падорыць бабуля?

— Навуковых прац адносна таго, наколькi можна замянiць мацi, няма. Аднак замена ў любым выпадку не будзе раўназначнай. Узяць хоць бы грудное кармленне. Пакуль мацi кормiць дзiця, яна яго гладзiць, размаўляе з iм, i тым самым дае малому зразумець, што яго тут чакаюць, ён тут патрэбны.

Недагладжаныя, неданошаныя на руках, недакалыханыя дзяўчаткi адчуваюць рэзкую патрэбу ў пацалунках, дотыку, пяшчоце з пачаткам месячных. Адсюль i дзiцячая прастытуцыя. Гэта не жаданне зарабляць грошы, а дэфектнае матулiна выхаванне. Такое дзiця пачне шукаць заспакаення, будзе пагладжваць сябе, займацца псеўдаананiзмам…

Мацi павiнна паказаць, што дзiця для яе — адзiнае, самае важнае ў жыццi. Дзесьцi на працягу паўгода‑года малое наогул не аддзяляе сябе ад мацi. I таму, калi яна выходзiць у iншы пакой, яму становiцца незразумелым, «куды падзелася мая частка». Дзiця плача. Блiжэй да паўтара гадоў, яно стане здольным аддзялiцца. I гэта надзвычай важны момант, якi цесным чынам звязаны з грудным кармленнем. Адлучаць ад грудзей можна тады, калi, як вызначылi вучоныя, дзiця пачало адкiдваць ад сябе цацкi i сачыць за тым, куды яны ўпалi. Значыць, прыйшло ўсведамленне магчымасцi аддзялення ад прадметаў. Цяпер можна адлучаць ад мацярынскага малака без стратаў для псiхафiзiчнага i сэксуальнага здароўя дзiцяцi. Рана адлучаныя ад грудзей немаўляты будуць адчуваць сябе кiнутымi.

— А калi да дзiцяцi прыходзiць усведамленне палавой прыналежнасцi?

— На працягу першых 1,5‑2 гадоў жыцця. Разам з атрыманнем мацярынскага малака адбываецца распазнаванне навакольных па поле.

Звычайна ўсе дзецi баяцца мужчын.
Далей дзiця адносiць сябе да канкрэтнага полу, эксперыментуе ў ролi «я‑хлопчык» цi «я‑дзяўчынка» i выбiрае галоўнага чалавека. У прынцыпе, гэта павiнна быць мацi, якая, як мы сказалi вышэй, не выпускае дзiця з рук. Толькi ад матулi можна i вельмi важна атрымаць пацвярджэнне сваёй незаменнасцi. Груба кажучы, дзiця павiнна ўсвядомiць: калi я памру, то i мацi без мяне жыць не будзе… Калi малое схавалася пад сталом, мацi павiнна быць у адчаi, шукаць «самае дарагое на свеце», а не спакойна хадзiць мiма i размаўляць па тэлефоне. Калi так, дзiця пачне нервавацца. Маўляў, калi ты сядзiш у прыбiральнi, я ж стаю пад дзвярыма, чакаю цябе, а тут я наогул знiк — i ты спакойная?! У iдэале нармальнае дзiця нармальнай мацi павiнна поўнасцю пераканацца ў любовi апошняй i… сесцi ёй на галаву. Так прыходзiць усведамленне важнай iсцiны: мама даруе ўсё. Гэта аснова дазваляе дзiцяцi пераключыцца на асваенне «тэрыторыi» таты.

— Зараз нярэдка жанчыны адважваюцца нараджаць для сябе i лiчаць, што нiчога дрэннага ў гэтым няма…

— У любым выпадку будуць праблемы. Як бы мацi нi займалася з хлопчыкам барацьбой, нi гуляла з iм у футбол, дзiця атрымае трансфармацыю палавой ролi. Тата — гэта iншы свет, цiкаўнасць да якога сапраўды прачынаецца дзесьцi пасля года. У гэты час дзiця, умоўна кажучы, задаецца пытаннем: Нам з мамай добра? — Добра. — Чаго ж у такiм разе нейкi мужык ходзiць па кватэры i камандуе? Асаблiва матуляй — яна ж багiня!». Тата ўспрымаецца менавiта як аб’ект, якi камандуе мамай.

Нармальны тата — без трансфармацыi ролi, як кажуць, не «ануча», — павiнен мець мужнасць i права пры дзiцяцi сказаць мацi «цыць!».
Даць зразумець, хто ў доме гаспадар. У супрацьлеглым выпадку будзе тое, што даволi распаўсюджана ў нашых сем’ях: жанчына — i культурная, i разумная, сама ведае «што i як», а таты па вялiкiм рахунку няма. У iдэале (калi тата камандуе, без грубай сiлы, натуральна, мамай), дзяўчынка аднойчы выбiрае момант i забiраецца на рукi тату, пачынае канкурыраваць з мацi, маўляў, ты, мама, iдзi, а мы тут з татам пабудзем. Вось толькi цяпер мама можа заняцца навукай, выйсцi на працу i г.д. Мама сваю справу зрабiла — заклала важную аснову. А дзяўчынка пачынае рабiць тое, што робiць мацi — даглядаць, прыносiць пантофлi, падаваць чай, але аднойчы яна зразумее, што гэтага мала. Прыходзiць усведамленне таго, што трэба перасягнуць мацi ў справе прыцягнення i ўтрымання ўвагi мужчыны.
Седзячы на руках у таты, дзяўчынка вучыцца спакушаць i ўтрымлiваць мужчыну праз 20 гадоў. I тата, i мама павiнны ўспрымаць гэта нармальна.

— Рызыкну меркаваць, што роля бацькi ў дачыненнi да выхавання хлопчыка яшчэ больш важкая…

— Практычна ўсе дзецi ад пачатку фемiнiзаваныя. Да нейкага моманту i хлопчык, i дзяўчынка робяць у дачыненнi да таты тое, што робiць мама. Даглядаюць, прыносяць пантофлi, абслугоўваюць, адным словам. Нармальны тата кажа: «Не мужчынская гэта справа…» i вядзе хлопчыка ў мужчынскi свет. Ужо з 1,5 — 2 гадоў хлопчык можа асвойваць «мужчынскiя справы» — рыбалку, паляванне, лазню i г.д. Як пiшуць заходнiя псiхолагi, хлопчык павiнен першы раз у жыццi здрадзiць — адштурхнуць ад сябе жаночыя вартасцi, iдэнтыфiкаваць сябе з бацькам. I захаваць пры гэтым любоў да мацi. Тут ёсць яшчэ адна асаблiвасць. На этапе флiрту дзяўчынкi з татам, мацi спакойна ставiцца да гэтага. А вось калi хлопчык пачынае адпiхваць тату i «заляцацца» да мацi, нармальны тата не стрывае падобнай канкурэнцыi. Такiм чынам, у хлопчыка адначасова з нараджэннем жадання кiраваць жанчынай, узнiкае i страх кастрацыi — эдыпаў комплекс. Ад таго, цi ўдасца пераадолець яго, залежыць тое, наколькi беспраблемным будзе наступнае жыццё.

— Любыя псiхалагiчныя праблемы ў дзiцячым жыццi абавязкова вылiваюцца ў праблемы дарослага жыцця?

— На шчасце, не любыя, але не малая iх колькасць. Мы пакуль вялi размову пра першы этап псiхасэксуальнага развiцця, але iм усё не абмяжоўваецца. На другiм этапе —

з 2‑4 да 10‑12 гадоў вызначаецца палавая роля, паняццi вернасцi, колькасцi дзяцей, мы вучымся ўзаемадзеянню палоў на прыкладзе ўласнай сям’i.
Усё, што будзе засвоена ў сям’i, павiнна скарэктавацца сярод равеснiкаў. Бывае, што сям’я сфармiравала адны ўстаноўкi, а вулiца падпраўляе пад той соцыум, у якiм развiваецца кожнае новае пакаленне. Калi выхаванне жорсткае, вулiца, як правiла, мала ўплывае, а вось розныя варыянты i дэфекты выхавання карэктуюцца вулiцай добра. Трэцi этап — з 10‑12 да 21‑26 гадоў — гэта выбар партнёра, развiццё ўласна сэксуальнага сцэнарыя…

— А што такога павiнна адбыцца, каб сэксуальны сцэнарый пачаў развiвацца не iдэальна? Калi гаварыць пра жанчын, то я маю на ўвазе «гандаль каханнем»…

— Прастытуцыя мае месца, калi дзiця не атрымлiвае задавальнення ад аднаго чалавека.

Заходнiя даследчыкi вывучалi, ад чаго залежыць колькасць партнёраў у дзяўчынкi. Праверылi 45 пунктаў, i высветлiлася, што працуе толькi адзiн. Дабрабыт бацькi. Маюцца на ўвазе не толькi ўласна грошы. Важна наогул, колькi сiлаў, грошай, часу бацька патрацiў на дачку.
Тата павiнен дзяўчынку песціць. Кожнае «хачу», усе патрэбы, якiя будуць у жыццi, павiнен задаволiць адзiн мужчына — да нейкага моманту бацька. А калi цётка падарыла адно, бацька раз у жыццi набыў iншае, дзед — трэцяе, прыходзiць усведамленне таго, што дамагчыся розных выгодаў можна з дапамогай духоўнай прастытуцыi.

— Але ж жанчына ведае, што прастытуцыя — i духоўная, i фiзiчная — гэта дрэнна… Чаму ўсё ж такi нестае сiлаў не пачаць, спынiцца?

— Гэта вельмi складанае пытанне. Па‑першае, мы не ведаем дакладнага механiзма ўтварэння варыяцый, дэфармацый паводзiнаў, сэксуальных ненармальнасцяў. Вядома, напрыклад, што свой уклад можа ўнесцi рэзкае ўвасабленне, калi нейкая сiтуацыя моцна ўрэзалася ў свядомасць.

— А чаму чалавек не можа падпарадкаваць свае жаданнi свядомасцi?

— Жаданне мяжуе са страхам, а страх танiзуе. З аднаго боку, не ўсе хочуць трымаць апошнi пад кантролем, а з другога — не ўсе i могуць. У нейкiм сэнсе гэта «няправiльнае» сэксуальнае жаданне можна параўнаць з жаданнем алкаголiка выпiць, наркатычнай залежнасцю. Нельга пiць, але ж як хочацца! Наогул у адной са сваiх кнiг я апiсаў 221 сэксуальнае адхiленне. Думаю, гэта далёка не ўсе варыянты. Праблема яшчэ ў тым, што ў нашым постсавецкiм грамадстве пацыенты не давяраюць у поўнай меры дактарам. Асобаў з яўнымi адхiленнямi ў маёй 30‑гадовай практыцы, а гэта дзясяткi тысяч пацыентаў, было чалавек 10‑20. Iм з гэтым добра. Адзiн беларускi маньяк называў абуджэнне свайго жадання «пайсцi на паляванне». Часцей за ўсё, гэтыя сэксуальныя ненармальнасцi, дарэчы, фармiруюцца на трэцiм этапе. Аднак дакладна раскрыць механiзмы гэтых сiтуацый, сказаць, як адбываецца гэта фармiраванне, сёння немагчыма. У першую чаргу па прычыне адсутнасцi ў рэспублiцы дзiцячай сэксапаталогii. У Беларусi, як вядома, працуе 9 сэксапаталогаў — i нiводнага дзiцячага.

— Як зразумець, цi няма ў тваiх сэксуальных адносiнах чагосьцi ненармальнага?

— У першую чаргу разглядаецца паняцце партнёрскай нормы. Паводле энцыклапедыi «Сучасная сэксалогiя», выдадзенай пад кiраўнiцтвам доктара медыцынскiх навук Уладзiмiра Дамарацкага, размова iдзе пра iндывiдуальныя палавыя праявы чалавека, якiя дазваляюць яму перажываць сэксуальную асалоду, мець гарманiчныя адносiны з партнёрам. Да сэксуальнай нормы адносiцца патэнцыйная здольнасць выконваць тры асноўныя функцыi сэксуальнасцi — біялагiчную (апладненне), псiхалагiчную (атрыманне задавальнення) i сацыяльную (рэалiзацыя патрэбы ў мiжчалавечых кантактах). Цяжкасцi ў рэалiзацыi гэтых функцый вызначаюць выражанасць адхiленняў ад нормы ў бок сэксуальнай паталогii.

— Вашы пацыенты — гэта, хутчэй за ўсё, людзi, у якiх якраз няма партнёрскай гармонii…

— Так i ёсць. Скажам, адзiн прымяняе сiлу, другi трывае. Праўда, той, каго нешта не задавальняе, аднойчы можа пайсцi не да сэксолага, а пачаць пошук партнёра на баку.

— Цi шмат людзей у прынцыпе мае патрэбу ў паслугах сэксолага?

— У Беларусi гэта нiхто не даследаваў. Калi ж спаслацца на заходнiх спецыялiстаў, то амерыканцы лiчаць, што 10 працэнтаў мужчын сутыкаюцца з часовымi цi пастаяннымi парушэннямi.

Па некаторых звестках, колькасць расстройстваў у мужчын адпавядае ўзросту. У 30 гадоў — гэта 30 працэнтаў, у 70 гадоў — 70.
Дарэчы, я спрабаваў неяк высветлiць, колькi такiх прэпаратаў, як вiягра, рэалiзуецца ў нашай краiне… Тайна за сямю пячаткамi! А з аднаго медыцынскага часопiса даведаўся, што прэпарат вiягра трапiў у дзясятку самых прадаваных прэпаратаў у свеце. Гэта значыць, велiзарная колькасць людзей мае патрэбу хоць бы ў кансультацыйнай дапамозе. Прэпарат дарагi, але для многiх эфектыўны, многiм дае ўпэўненасць. Аднак ёсць i адваротны бок — псiхалагiчная залежнасць.

— Жанчынам, напэўна, жывецца ў гэтым сэнсе больш спакойна: ёсць сэкс — добра, няма — яшчэ лепш?

— Гадоў дзесяць таму я праводзiў «круглы стол» з удзелам псiхолагаў, сямейных псiхатэрапеўтаў па тэме пазашлюбных сувязяў. Папрасiў слухачоў напiсаць на паперы дзве лiчбы. Колькi кожны ведае мужоў, якiя хоць бы раз здрадзiлi сваiм жонкам, i жонак, якiя здрадзiлi сваiм мужам. Яшчэ за савецкiм часам, калi сур’ёзна займалiся праблемамi сям’i, была такая лiчба: дзесьцi 62‑65 працэнтаў мужоў раз або тысячу разоў здраджвалi сваiм жонкам. Па жанчынах лiчба вагалася ў межах 30‑36 працэнтаў.

Паводле ж майго апытання, 72 працэнты мужоў i 56 працэнтаў (!) жонак здраджваюць сваiм партнёрам па шлюбе.
Няхай гэта не рэпрэзентатыўная выбарка, але, думаю, лiчбы не зусiм далёкiя ад iсцiны. У апошнiя гады ўкаранiўся наступны падыход да шлюбных узаемаадносiнаў: жонкi бяруць ад мужоў тое, што тыя здольныя даць, а астатняе… можна ўзяць у iншым месцы.

— Калi разглядаць здраду як спробу адшукаць гармонiю ў сэксуальным сэнсе, цi можна сказаць, што мужчыны радзей бываюць задаволеныя тым, што ёсць у iх сем’ях?

— Усё не так складана.

Навiзна мужчыну стымулюе, а стэрэатып забiвае. У жанчын якраз цалкам наадварот.
Яе задавальняюць стабiльныя, спакойныя адносiны. З другога боку, многае залежыць ад установак грамадства. Чым больш такiх кiнастужак, як «Сэкс у вялiкiм горадзе», тым больш жанчын будзе думаць: я разумею, што такое бiфштэкс, але, можа быць, пакаштаваць курыцу, калi ўсе кажуць, што яна не горшая? Соцыум можа падштурхнуць жанчыну да эксперыменту.

— Жанчынам цi мужчынам больш складана быць задаволенымi сваiм сэксуальным жыццём?

— Як правiла, мужчына разам з аргазмам атрымлiвае i задавальненне, а вось жанчына можа не перажыць аргазм, але быць маральна задаволенай. Жаночы аргазм часцей звязаны з асобай мужчыны, а мужчынскi — з паводзiнамi жанчыны…
Наогул тут ёсць адзiн важны аспект, на якi ўжо даўно звярнулi ўвагу псiхолагi — праблема жаночых паводзiнаў, якiя «кастрыруюць» мужчыну. Жанчыне часам мала сэксу, яна патрабуе ад мужчыны шэраг «iншых пунктаў». Мужчына не спраўляецца, у яго нараджаецца пачуццё вiны, якое трэба адпрацаваць. Футрам, ботамi, якiя па факце для жанчыны больш важныя, чым яго сэксуальнае здароўе, перспектывы ўзаемаадносiнаў i яе ўласнае задавальненне. Вось вам i сэксуальная гармонiя: ён не можа, а ёй i не трэба.

— А чаму сэксуальных адхiленняў i ненармальнасцi больш сярод мужчын?

— Сапраўды, аб сэксуальных ненармальнасцях мужчын напiсана значна больш прац. Можа быць,

адхiленнi ў жанчын — больш закрытая тэма цi жанчыны радзей звяртаюцца да спецыялiстаў…
Узяць хоць бы тыя ж згвалтаваннi. Не iдуць з гэтым жанчыны да сэксолагаў. Неяк усё само сабой забываецца. Хоць псiхолагi на падставе свайго практычнага вопыту кажуць, што ад трэцi да паловы жанчын перажылi палавыя акты супраць свайго жадання.

— Можа, варта больш iнтэнсiўна развiваць сэксуальную дапамогу ў краiне?

— Наадварот. Спачатку павiнны пайсцi пацыенты, i толькi тады стане зразумелым, што варта развiваць. А пакуль… У савецкiя часы ў Беларусi было восем сэксапатолагаў, зараз дзевяць. Нас мала, i тыя, на жаль, слаба запатрабаваныя.

Гутарыла Святлана Барысенка, Звязда.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0