Ваганне курсу беларускага рубля да кошыка валют у 2010 годзе запланавана на ўзроўні плюс‑мінус 5%.

Пра гэта 26 верасня на пасяджэнні Савета міністраў паведаміў кіраўнік Нацыянальнага банка Пётр Пракаповіч.

Прадстаўляючы праект асноўных кірункаў грашова‑крэдытнай палітыкі на 2010 год, ён адзначыў, што дакумент «скіраваны на вырашэнне дзвюх галоўных задач: выкананне паказчыкаў сацыяльна‑эканамічнага развіцця і высокага эканамічнага росту — з аднаго боку, і на стабільны стан фінансавай і банкаўскай сістэмы — з іншага».

У прыватнасці, адзначыў Пракаповіч, эканамічны рост будзе забяспечвацца стабільнасцю нацыянальнай валюты і значным ростам крэдытных рэсурсаў.

Акрамя абмежавання калідора ваганняў нацвалюты плюс‑мінус 5% у наступным годзе Нацбанк запланаваў павялічыць аб’ём крэдытавання эканомікі на 29—34%. «Гэта ў некалькі разоў апярэджвае планаваны рост ВУП і стварае адпаведную падушку бяспекі для эканомікі», — адзначыў кіраўнік Нацбанка.

Акрамя таго, у 2010 годзе плануецца знізіць памер працэнтных ставак па крэдытах і дэпазітах. Да канца года, паведаміў Пракаповіч, стаўка рэфінансавання можа біць паніжана да 9—12%, а стаўка рублёвых крэдытаў — да 12—15%.

Пракаповіч таксама падкрэсліў, што праект прадугледжвае ўзмацненне патрабаванняў да банкаў з боку банкаўскага нагляду і нарошчванне рэсурснай базы банкаў на 30%.

Пры паспяховым вырашэнні запланаваных задач «мы забяспечым высокі эканамічны рост, стабільнасць і значнае паніжэнне негатыўных з’яў», лічыць — кіраўнік Нацбанка.

Андрэй Кажамякін, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0