slashfilm.com

slashfilm.com

Калі зорка трапляе ў цяжкую сітуацыю, гэта выклікае захапленне натоўпу. Пра арышт Рамана Паланскага піша Віталь Тарас.

У армянскага радыё запытваюцца: ці праўда, што Чайкоўскі быў гей?

Армянскае радыё адказвае — праўда, але мы любім яго не толькі за гэта.

Стары анекдот успомніўся ў сувязі з арыштам у Швейцарыі знакамітага кінарэжысёра Рамана Паланскага (больш правільная транскрыпцыя — Палянскі). Праўда, гісторыя гэта зусім не смешная, асабліва, калі ўлічыць, што рэжысёру ўжо 76 гадоў.

Тут, відавочна, ёсць два бакі, якія амаль не судакранаюцца і нават пярэчаць адзін аднаму.

Першы бок — юрыдычны. Як казалі яшчэ ў старажытнасці, dura lex, sed lex — закон суровы, але гэта закон. З гледзішча закону, швейцарскія праваахоўныя органы зрабілі ўсё слушна. Палянскі быў у лісце асобаў, якіх шукае Інтэрпол. Акрамя таго, у Швейцарыі ёсць пагадненне з ЗША аб выдачы злачынцаў. (Нагадаю, што паводле гэтага закону Швейцарыя некалі выдала Злучаным Штатам іншага арыштанта — цяперашняга сакратара саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі Паўла Барадзіна).

Прадстаўніца Швейцарскай Канфедэрацыі мае рацыю, калі гаворыць у тэлеінтэрв'ю, што закон не можа дзяліць людзей на вядомых і невядомых — перад ім усе роўныя.

Да таго ж, згвалтаванне непаўнагадовых належыць да катэгорыі спраў, якія не маюць тэрміну даўніны. У 1977 годзе Палянскі быў абвінавачаны ў згвалтаванні 13-гадовай мадэлі Саманты Геймер (у той час вядомай як Гейлі) у доме ў галівудскага акцёра Джэка Нікалсана ў Лос-Анджэлесе. Рэжысёр прызнаўся ў сексуальнай сувязі з дзяўчынай, але ў 1978 г. уцёк з ЗША, а потым, каб пазбегнуць экстрадыцыі, у Францыю. Саманта Геймер нядаўна звярнулася ў суд з заявай, што яна адмаўляецца ад сваіх прэтэнзіяў да Палянскага. Але пастанова пра арышт рэжысёра не адмененая.

Тыя, хто чытаў «Лаліту» Набокава, памятаюць, што калі герой рамана Гумберт Гумберт сустрэў сваю былую каханку, ёй было ўжо 14 гадоў, і яна падалася яму старой. Справа не ў тым, ці паводзіла сябе юная мадэль як Лаліта ў дачыненні да свайго Гумберта. Літаратура літаратурай, а жыццё ёсць жыццё. За свае ўчынкі ў ім трэба адказваць поўнай мерай.

Іншая справа, што на долю Палянскага выпала столькі выпрабаванняў і трагедыяў, што яго жыццё вартае не аднаго рамана (прабачце за гульню словаў) ці кінафільма. У дзяцінстве ён цудам выжыў у Кракаўскім гета. Праз шмат гадоў асабісты досвед Палянскага дапаможа яму ў здымках аднаго з найлепшых яго фільмаў «Піяніст» («Залатая пальмавая галіна» ў Канах-2002), паводле аўтабіяграфіі польскага піяніста Уладзіслава Шпільмана, які перажыў катастрофу Варшаўскага гета.

Свой першы паўнаметражны фільм «Нож у вадзе» Палянскі зняў у Польшчы. На радзіме гэты фільм не надта ацанілі, а ў ЗША быў намінаваны на «Оскара». У 1968 годзе ён дэбютаваў у Злучаных Штатах фільмам «Дзіця Размары», які зрабіў яго знакамітым. У тым самым годзе ён ажаніўся з кіназоркай Шарон Тэйт. Праз год яе, цяжарную, а таксама траіх яе сяброў зарэзалі бандыты. Крывавая трагедыя, якая ўзрушыла тады свет, глыбока адбілася на Рамане Палянскім і яго творчасці.

На пяць гадоў ён з’язджае ў Еўропу, а калі вяртаецца, здымае «Кітайскі квартал» — адну з самых вядомых сваіх карцін. Пасля ўцёкаў з ЗША ён здымаў фільмы пераважна ў Францыі, многія з іх адзначаныя вышэйшымі ўзнагародамі на кінафестывалях у Канах, Венецыі, Берліне, а таксама прэміямі «Оскар». Французы лічаць Палянскага прадстаўніком сваёй культуры. Ганарацца ім і палякі. А амерыканцы?

І вось тут час звярнуцца да другога боку справы Палянскага. Калі зорка (вядомы мастак, рэжысёр, спявак або палітык) трапляе ў цяжкую сітуацыю, гэта заўсёды выклікае захапленне натоўпу. Арышт, скандал, цяжкая хвароба, смерць знакамітасці — усё гэта кідае абываталя амаль што ў экстаз. Успомнім нядаўні экстаз фанаў Майкла Джэксана пасля яго смерці. І не так важна, ці глядзеў абываталь фільмы таго ж Палянскага — важна абсмактаць пікантныя падрабязнасці яго жыцця. І асудзіць.

Вельмі даўно на гэтую тэму напісаў Пушкін у адным з лістоў Вяземскаму. Апошні перажываў з-за дзённікавых запісаў Байрана, спаленых адразу пасля яго смерці. «Натоўп прагна чытае споведзі, запіскі etc, бо ў мізэрнасці сваёй радуецца прыніжэнню высокага, слабасцям магутнага. Пры адкрыцці ўсялякага мярзоцця ён у захапленні. Ён малы, як мы, ён мярзотны, як мы! Ілжэце, нягоднікі: ён і малы і мярзотны — не так, як вы, інакш»...

Чым бы ні скончыўся судовы пераслед Рамана Палянскага, ён быў і застанецца, найперш, вялікім майстрам кіно.

The end.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?