На працэсе па справе актывістаў незарэгістраванай грамадзянскай ініцыятывы «Партнэрства», сёньня меліся быць дапытаныя сьведкі абвінавачаньня. Большасьць сьведкаў, у асноўным гэта былыя сябры «Партнэрства», на працэс не зьявіліся. «Мяркую яны не жадаюць пацьвярджаць паказаньні, якія зь нейкіх прычынаў давалі сьледзтву», – пракамэнтаваў сытуацыю бацька аднаго з падсудных Валер Дранчук. Паводле словаў В.Дранчука, судзьдзя запатрабаваў падвергнуць сьведкаў прымусоваму прыводу.

Як вядома, судовае пасяджэньне абвешчана зачыненым, на яго не дапушчаныя ні журналісты, ні замежныя дыпляматы, ні нават сваякі падсудных. Адвакаты таксама ня могуць нічога паведаміць, бо далі ў судзе падпіску аб неабнародаваньні зьвестак.

Валер Дранчук паведаміў, што сёньня сваякі і родныя змаглі, нарэшце, убачыць актывістаў «Партнэрства». Звычайна іх выводзілі з залі суду праз «чорны ход» і вывозілі ў ізалятары. Сёньня падсудных вывелі цераз галоўны ўваход Цэнтральнага суду.

«Яны выглядалі стомленымі, але трымаліся мужна. Мы віталі іх аплядысмэнтамі», – зазначыў Валер Дранчук.

Судовае пасяджэньне працягнецца заўтра (1 жніўня), а 10-й гадзіне.

Паводле Хартыя-97

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0