Як паведаміў галоўны трэнер каманды Ігар Лукашэвіч, каб трапіць у чацвёрку, якая будзе змагацца за медалі гэтага турніру, яго падапечныя 26—27 верасня ў Брэсце гулялі да дзвюх перамог з дружынай «Лагіполія» (Вільня).

26 верасня 5:0 выйгралі «зубры»; 27 верасня ў першай сустрэчы яны ўступілі сапернікам 1:5, у другой — узялі рэванш з лікам 13:9.

«У гульні, дзе віленскія бейсбалісты былі мацнейшымі, да пятага інінгу лік быў 0:0. Але супраць нас гуляў вельмі моцны, вопытны пітчэр «Лагіполіі» Давідас Невераўскас, і гэта ў многім вызначыла вынік сустрэчы».

Паводле слоў Лукашэвіча, у чацвёрку фіналістаў Інтэрлігі па бейсболе акрамя «Брэсцкіх зуброў» увайшлі «Літуаніка» (Каўнас), «Ветра» (Уцена) і «Вікінгі» (Вільня). Дзвюм беларускім сталічным камандам — «Мінск» і БДУФК — не ўдалося прабіцца ў гэтую стадыю турніру.

Фіналы Інтэрлігі адбудуцца 3—4 кастрычніка ў горадзе Уцена.

Першую сустрэчу «Брэсцкія зубры» правядуць з «Літуанікай». Для таго каб атрымаць магчымасць змагацца за першае месца, брэстаўчанам неабходна перамога.

«Я думаю, што каманда знаходзіцца ў добрай форме, і галоўнае — настроена на перамогу. Спадзяюся, мы зможам палепшыць свае вынікі апошніх двух гадоў на Інтэрлізе. У 2007 і 2008 гадах мы былі на ёй бронзавымі прызёрамі», — заявіў Лукашэвіч.

***

Як адзначыў трэнер, у чэмпіянаце Беларусі па бейсболе пасля праведзеных кругавых гульняў «Брэсцкія зубры» займаюць першае месца. Яны выйшлі ў стадыю плэй‑оф, дзе стане вядома імя чэмпіёна і прызёраў гэтых спаборніцтваў.

Акрамя «Брэсцкіх зубраў» у плэй‑оф выступяць БДУФК (Мінск), «Цукровы шторм» (Скідаль, Гродзенская вобласць) і «Мінск». Брэстаўчане з’яўляюцца сяміразовымі чэмпіёнамі краіны па бейсболе.

Ларыса Шыганава,

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0