Гэты чалавек проста нічому не вучыцца!

Фота Ройтэрз.

Прэм'ер-міністр Італіі, Сільвіё Берлусконі, зноўку ўблытаўся ў праблемы, калі назваў амерыканскага прэзідэнта, Барака Абаму, а таксама яго жонку Мішэль — «загарэлымі». Інцыдэнт адбыўся на сходзе партыі Берлусконі ў Мілане, калі той вярнуўся з Пітсбурга, з сустрэчы кіраўнікоў 20 індустрыяльна развітых краінаў.

Удзельнікам сходу Берлусконі сказаў, што «перадае сардэчныя прывітані са Злучаных Штатаў, у прыватнасці ад хлопца, як там яго зваць?.. Ну, такі загарэлы… А-а, Барак Абама!»

Падобным парадкам італьянскі прэм'ер-міністр выказаўся і летась, пасля таго, як Амерыка абрала першага чорнаскурага прэзідэнта. Кароткая апісальная характарыстыка («Малады, прыгожы, нават з выдатным загарам»), дадзенае тады італьянскім прэм'ерам Бараку Абаму, прыўзняла ў свеце нямала здзіўленых броваў.

Але сёлета Берлусконі строіў кепікі таксама за рахунак першай амерыканскай спадарыні. «Вы не паверыце, — сказаў Берлусконі. — Яны абое хадзілі на пляж, бо яго жонка таксама загарэлая».

Нібы адчуўшы, які жарт італьянскі прэм'ер-міністр мае адпаліць па вяртанні дадому, на сустрэчы ў Пітсбургу Мішэль трымалася з ім досыць холадна. Амерыканскія СМІ транслявалі карцінку, на якіх Мішэль Абама вітае шмат каго з сусветных лідэраў абдымкамі і пацалункамі, але, калі чарга даходзіць да Берлусконі, жонка амерыканскага прэзідэнта абыходзіцца адным сухім поціскам рукі. На фатаздымках выяўлены Берлусконі, які абглядае сукню Абамы замест таго, каб глядзець у вочы, і падымае рукі на знак захаплення ўбачаным, у той жа час, як Барак Абама цешыцца значна менш.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?