Ліберальнымі заявамі пра адкрытасць Расіі для замежных інвестыцый Уладзімір Пуцін пачынае прэзідэнцкую кампанію 2012 года.

Выступаючы на міжнародным інвестыцыйным форуме «Расія кліча», расійскі прэм’ер зрабіў цалкам «заходніцкія» заявы. «Расія застанецца рынкавай, ліберальнай эканомікай». «Мы будзем паслядоўна працягваць лінію на стымуляванне прыватнай ініцыятывы, на інтэграцыю ў сусветную гаспадарку, на фармаванне спрыяльнага інвестыцыйнага клімату».

Хаця менавіта пры Пуціну і дзякуючы ягонай палітыцы эканамічная рэпутацыя Расіі сярод інвестараў упала «ніжэй плінтусу», зараз краіна зацікаўленая ў замежных капіталаўкладаннях.

Нават калі на хвалі ажыўлення сусветнай эканомікі Расія здолее выйсці з крызісу, грошай для інавацыйнага рыўку ў яе няма, і іх не забяспечыць новы рост цэн на нафту.

Як паказалі пуцінскія 2000-я гады, нават пры пастаянным росце цэнаў на нафту Расія не ў стане была нават элементарна мадэрнізаваць інфраструктуру – будаваць якасныя дарогі, бальніцы, магістральныя цеплатрасы, істотна абнаўляць жылы фонд.

Ёсць і больш празаічныя эканамічныя прычыны для таго, каб Пуцін пачаў заклікаць інвестараў і прызнаваць ролю прыватнага бізнесу, які ён як прэзідэнт паслядоўна знішчаў альбо замыкаў на блізкіх да сябе людзей. Расійскім кампаніям трэба дзесьці займаць грошы на развіццё (уласная банкаўская сістэма гэты амбіцыі задаволіць не ў стане). А сама расійская дзяржава, дакладней, прыватызаваўшыя яе пуцінскія чыноўнікі, не ўмеюць і не надта жадаюць эфектыўна кіраваць захопленымі актывамі.

Адна справа – атрымліваць практычна халяўны прыбытак ад бурлівага росту цэнаў на нафту, і зусім іншая – развіваць вытворчасць у посткрызіснай эканоміцы
, рэструктуроўваць неэфектыўныя прадпрыемствы, мець справу з беспрацоўем і сацыяльнымі пратэстамі ўнутры фактычна пакінутых у руках дзяржавы прадпрыемстваў, з састарэлым абсталяваннем і адсутнасцю кваліфікаваных спецыялістаў.

Ёсць і выключна палітычныя прычыны.

Пуцін, які адкрыта заяўляе пра гатоўнасць вярнуцца на пасаду прэзідэнта, мусіць мець дадатковыя козыры для вяртання. Адным з такіх козыраў будзе істотнае паляпшэнне эканамічнага становішча Расіі
і прыток у яе інвестыцый да 2012 году.

Тады Пуцін, які і зараз мае рэйтынг вышэй за рэйтынг Дзмітрыя Мядзведзева, зможа прыўлашчыць лаўры выратавальніка Расіі ад крызісу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?