Засталіся імгненні да прыбыцця лідэраў сусветнай танцавальнай музыкі, гурту Prodigy, у Мінск. Піша Павал Касцюкевіч.

У 1994‑м Беларусь далучылася да сусветнага музычнага рынку. Згэтуль мы будзем атрымліваць амаль усе музычныя навінкі, хіты і альбомы, са спазненнем максімум у месяц. А ўсё дзякуючы аўдыёпіратам. Амаль у кожным шапіку побач з шакаладкамі і жуйкамі цяпер з’яўляецца хаця б пара касетаў: з запісамі АВВА (для шараговага меламана) і Nirvana — для прасунутага слухача.

У 1994 г. на сценах дамоў, здавалася б, давечны надпіс «Цой жыв» мяняецца на ледзьве зразумелы Nirvana, які са славянскім коранем «рваць» не мае нічога агульнага. Маецца на ўвазе амерыканскі гурт Nirvana, дзе лідэрам быў апошні рок‑ідал, Курт Кобэйн. Гэта будзе год яго апошняга бенефісу ў Мюнхене і бясконцых тэлефанаванняў яго жонкі, спявачкі Кортні Лаў, у паліцыю пра мужавы перадозы, а таксама годам яго звядзення рахункаў з бліскуча‑змрочным жыццём.

1994. Звонку здаецца, што пазіцыі року непарушныя: хоць дыназаўры, усімі любыя, «Пінк Флойд», распадаюцца, зрабіўшы апошні альбом Division Bell. Распадаюцца, аднак едуць у грандыёзны тур, які збірае па ўсім свеце нячутную датуль лічбу: 5 мільёнаў чалавек у 68 гарадах.

Тройка ацалелых «Бітлоў» у 1994‑м таемна збіраецца ў Лондане, каб аранжаваць напяяныя нябожчыкам Джонам Ленанам і захаваныя яго жонкай Ёкай Она мелодыі. Дзёрзкія Offspring і Green Day ў 1994 годзе выдаюць свае звышпаспяховыя альбомы (Smash i Dookie, адпаведна), і крытыкі кажуць пра новае віно ў старых добрых рок‑н‑рольных мяхах…

Рэп таксама красуе: крымінальнік, але таленавіты рэпер Тупак Шакур у зеніце славы. У гэты год, пад успышкі тэле‑ і фотакамер, ён адпрацоўвае 15 сутак на грамадскіх працах за збіццё прадусэра Алана Х’юджа. Мадонна, увасабленне поп‑музыкі, як заўжды, трохі пяе і шмат эпатуе. Рок, поп і рэп, здаецца, знайшлі формулу мірнага суіснавання, дзе ў кожнага будзе свая ніша і свой слухач. І менавіта тут з’яўляюцца Prodigy…

Не падпольшчыкі, а падпальшчыкі

Яны стрэлілі ў 1994 годзе альбомам Music for the Jilted Generation («Музыка для пазалочанага пакалення»). З ламанымі эпілептычнымі рытмамі, спрошчанымі да ўзроўню «Саўкі ды Грышкі» мелодыямі, сірэнамі і скавытаннем электронікі, дзіцяча‑інфантыльнымі вакаламі і абавязковай трасянкай усіх вядомых навуцы стыляў: ад металу да хіп‑хопу. Менавіта пасля гэтага альбома Prodigy ў свеце загаварылі пра феномен «паслямузыкі», дзе пасланне року і чыстая фонавасць попу адыходзяць на другі план, а ўперад высоўваецца, так скажам, узровень моцы вашага прыходу пасля слухання таго ці іншага альбома.

Калі да 1980‑х гісторыя сучаснай музыкі была паўстаннем падполляў (року, рэпу) супраць мэйнстрыму і паступовым ўліваннем іх у гэты самы мэйнстрым,

дык гісторыя музыкі 1990‑х і 2000‑х — гэта аповед пра тых, хто змог як пасклад(а)ней спалучыць ужо існыя стылі.

Prodigy нахабна бралі найлепшае з усіх стыляў і бязлітасна іх змешвалі. Жорсткасць рыфаў, дзёрзкасць іміджу, эпатаж у новай музыцы былі даведзеныя да надхмарных максімумаў. З лёгкасцю, націскам адной пімкі на кампутарнай клавіятуры, Prodigy адужвалі эстрадныя і хэвіметалічныя хрыпы ды скокі.

Святое святых року, электрагітара, у руках рэйвераў зрабіліся проста электронным рэжымам на музычных кампутарах. Цяпер яны будуць выкарыстоўваць яе, як ім заманецца: робячы гук яшчэ люцейшым за самы цяжкі метал.

А тэкст адкідаецца зусім — нашто? Пра выклік грамадству адзін кіслотны выгляд зялёных валасоў Кіта Флінта кажа больш, чым сотні словаў «Ролінгаў».

Пасля Prodigy Шаўчук будзе выглядаць як ваяўнічы бажаволак, а хэві‑металісты — як дробныя чарцяняты ад філармоніі.

Маралісты, скандалісты і эксгібіцыяністы ж цяпер аб’ядналіся ў адным гурце, дзе шалёныя рытмы, надрыў і хардкоравыя рыфы року, рэчытатывы хіп‑хопу, папсовыя сінтэзатары — адно сродак, каб як наймацней торкнула.

«Смерць акупантам!»

У Мінск пасталелыя Prodigy прыедуць прасоўваць свой новы альбом Invaders must die/»Смерць акупантам!». Паводле крытыкаў, альбом з’яўляецца данінай пашаны гурту самім сабе, нібы скарочанай гісторыяй самога гурту з усімі яго ўзлётамі і падзеннямі, пошукамі музычнага стылю, які ёсць — спалучэнне рэйву, хардкору, індастрыялу, брэйк‑біту і панку.

У Мінск едуць Prodigy.

Хто яны —выключны гурт, вяха ў гісторыі данс‑музыкі, музычныя багі, абсалютныя дыктатары ў каралеўстве сучаснай музыкі або прадукт свайго часу, выпадкова ўдалы эксперымент?

Адказы знаходзяцца недзе паміж гэтымі двума палюсамі. Эпілептычныя і шалёныя рытмы, што пераходзяць калі ў палітызаваныя рэчытатывы, калі ў зухаватыя, мала не камічныя, прыпевы. Усяго збор‑каляда — ажно цяжка зразумець, што да чаго, але гэтак добра — ну, проста як на клубных данс‑вечарынах, да развіцця культуры якіх Prodigy гэтак моцна прыклаліся.

Такім парадкам: Кіт Флінт, Ліэм Хаўлет і Максім Рыяліці 5 кастрычніка на стадыёне «Дынама», 17.00.

Кошты білетаў ад 90 тысячаў на танцполе да 350 тыс. у VIPавай зоне.

Prodigy

заснаваў класічны піяніст Ліям Хаўлет у 1990 у Англіі. Іншыя члены гурту, Кейт Флінт і Максім Рыяліці, музыку не складалі: толькі тое рабілі, што танчылі (яны так проста і пісалі на дысках сваё амплуа — «танцор») і пераконвалі маладога Ліяма Хаўлета, што ён геній, і што яго музыка вартая аўдыёзапісаў.

Пасля фенаменальнага музычнага і фінансавага поспеху альбома Music for the Jilted Generation (1994) (продаж 17 млн асобнікаў — рэкорд у гісторыі танцавальнай музыкі) хлопцы сцемілі, што яны больш чым кампанія танцораў і тэхна-музыкаў. Потым былі альбом The Fat of the Land у канцы 1990-х — вянец поспеху, пасля — няўдалая спроба Флінта сысці і с(т)варыць свой асабісты кіслотны панк, і, урэшце, са слязьмі на вачах, уз’яднанне пад канец 2000-х.

Павел Касцюкевіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0