1 кастрычніка суд Савецкага раёна Мінска абвясціў прысуд у дачыненні да гаспадара кампаніі «Сакуб» Сяргея Букаса. Рашэнне выклікала шок у прысутных, а сам абвінавачаны назваў гэта беззаконнем і рэйдэрскім захопам.

Гаспадару кампаніі «Сакуб» інкрымінавалася ўчыненне шэрагу злачынстваў, сярод якіх крадзёж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі 70 тыс. даляраў, перавышэнне службовых паўнамоцтваў і падробка дакументаў.

Крымінальная справа была ініцыявана грамадзянінам Германіі, з якім кампанія «Сакуб» стварыла сумеснае прадпрыемства СТАА «Хорнбахер і Боль».
Фірма стваралася з мэтай інвеставання ў будаўніцтва пад Мінскам элітнага пасёлка «Сонечны».

Планавалася, што СТАА «Хорнбахер і Боль» возьме ўдзел ў будаўніцтве пасёлку «Сонечны». Аднак рэалізацыя інвестыцыйнага праекта замарудзілася, і ў створанай беларуска‑нямецкай кампаніі ўзніклі цяжкасці. Менавіта ў гэты момант гаспадар кампаніі «Сакуб» і ўзяў у свае рукі кіраванне СТАА «Хорнбахер і Боль».

Як патлумачыў Сяргей Букас, усё было зроблена са згоды другога акцыянера.

Аднак праз тры гады Ханс Хорнбахер звярнуўся ў праваахоўныя органы з заявай на свайго партнёра, дзе адзначыў, што яго партнёр незаконна стаў дырэктарам прадпрыемства.

Акрамя гэтага, грамадзянін Германіі заявіў, што падчас свайго дырэктарства С.Букас быццам бы скраў грошы нямецкага заснавальніка. Быццам бы С.Букас пераканаў Ханса ў неабходнасці інвеставання ў будаўнічую дзейнасць таварыства шляхам прадстаўлення безадсоткавага займу. У выніку нямецкая кампанія, якую кантраляваў Ханс, зрабіла два плацяжы ў 30 тыс. і 40 тыс. даляраў. Праўда, грошы чамусьці былі пералічаныя не на рахунак СТАА «Хорнбахер і Боль», а на рахунак кампаніі Ultima T&T Co. Ltd, каторая да рэалізацыі інвестпраекту не мела ніякага дачынення. Следства заявіла, што гэта афшорная кампанія, якую быццам бы кантралюе С.Букас.

У справе супраць гаспадара найбуйнейшага беларускага тураператара процьма недарэчнасцяў і відавочных нестыковак.

Напрыклад, незразумела, якія адносіны мае С.Букас да пералічэння 70 тыс. даляраў, калі кампанія Ultima T&T Co. Ltd, каторую следства назвала афшорнай фірмай, насамрэч з’яўляецца вядомым тураператарам у Тайландзе і ўваходзіць у пяцёрку самых папулярных фірм, што працуюць на рынку Усходняй Еўропы.

Як патлумачылі «Ежедневнику» у самой кампаніі, грошы, пералічаныя Хансам, ніякага дачынення да СТАА «Хорнбахер і Боль» і С.Букаса не маюць. І ўжо зусім бязглуздзіцай будзе лічыць, што гаспадар «Сакуб» мог іх неяк скрасці ці прысабечыць.

Паводле сцвярджэння прадстаўніка кампаніі, Ханс Хорнбахер пералічыў 70 тыс. даляраў дзеля пагашэння сваёй запазычанасці перад Ultima T&T Co. Ltd на падставе дамовы пазыкі. А Сяргей Букас да гэтых дамоўленасцяў наагул не мог мець аніякага дачынення. Пра ўсё гэта кіраўніцтва кампаніі паставіла ў вядомасць следчыя органы Беларусі, але на сітуацыю гэта не паўплывала.

Слуханні крымінальнай справы Сяргея Букаса пачаліся ў жніўні.

Ужо на першае паседжанне ў суд быў выкліканы і Ханс Хорнбахер. Аднак на слуханні ён не з’явіўся, у сувязі з чым далейшае разбіральніцтва было перанесенае. Але і на наступнае слуханне і на ўсе наступныя грамадзянін Германіі ў суд не з’явіўся. Спярша ён заяўляў, што не ведаў пра суд, маўляў, яму не паведамілі, а потым спаслаўся на кепскі стан здароўя. Пры гэтым сведкі заяўлялі «Ежедневнику», што падчас першых пасяджэнняў Ханс як раз знаходзіўся каля будынку суда — яго бачылі там знаёмыя. Ці быў ён там ці не — сёння ўжо неістотна. Не прыйшоўшы на тры паседжанні, да чацвёртага Ханс Хорнбахер прыслаў заяву з просьбай разглядаць справу ў ягонай адсутнасці, што і было зроблена.

Да канца не было зразумела, чым жа ж скончацца слуханні. Нават пасля таго, як прадстаўнік дзяржабвінавачвання папрасіў суд прызнаць Сяргея Букаса вінаватым і прыгаварыць яго да пакарання ў 10 год пазбаўлення волі, мала хто верыў, што суд прыме бок абвінавачвання. Аднак прысуд, што прагучаў 1 кастрычніка, выклікаў шок у прысутных у зале суда.

Суд прызнаў даказанымі ўсе эпізоды абвінавачвання і ў сукупнасці пастанавіў прысудзіць Сяргея Букаса да 8 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці і з пазбаўленнем права займаць пасады, звязаныя з улікам, размеркаваннем, захоўваннем каштоўнасцей на 3 гады.

У сваім апошнім слове, перад абвяшчэннем прысуду, С.Букас заявіў, што «не вытлумачальныя дзеянні Хорнбахера». Згодна з словамі абвінавачанага, «відавочна, што ў выніку дзеянняў, якія былі добра спланаваныя і здзейсненыя, адбыўся захоп нашага прадпрыемства (СТАА «Хорнбахер і Болль)». С.Букас перакананы, што і завядзенне крымінальнай справы і яе разгляд у судзе ёсць ні чым іншым як рэйдэрствам.

«Тое, што гэта рэйдэрства, пацвярджаюць факты, што дакладна ўкладаюцца ў схему рэйдэрскага захопу, апісаную ў артыкуле старшыні Вышэйшага Гаспадарчага суда Камянкова», — заявіў у судзе С.Букас. Паводле яго словаў, цяпер большая частка дольшчыкаў пасёлка «Сонечны» падала заявы на разарванне дамовы. За мінулую зіму каробкі будынкаў сталі непрыдатнымі для жыцця. Большая частка знішчана дажджом і марозам. Такі вынік інвестыцыйнага праекта па будаўніцтве пад Мінскам элітнага пасёлка.

«Асобна хачу спыніцца на дзеяннях следства.

Усе мае заявы і хадайніцтвы з указаннем доказаў маёй невінаватасці былі праігнараваныя.

Не было зроблена следчых дзеянняў для доказу маёй невінаватасці. Не было праведзена ў поўным аб’ёме экспертызы забраных дакументаў. Не была дадзеная ацэнка дакументам з Германіі. Не былі ўлічаныя паказанні сведкаў. Затое ёсць факты перадачы следству вынікаў камп’ютарнай экспертызы. Напрыклад, інфармацыя з вінчэстараў, забраных на фірме «Сакуб», апынулася на паштовай скрынцы Дудко. Следуючы логіцы следчага і дзяржабвінавачвання, у праваахоўных органах нараджаецца заганная практыка, неаранае поле для дзейнасці махляроў. На іх думку, маючы ўзор подпісу любога чалавека, можна зрабіць любую дамову пазыкі, звярнуцца ў органы і дамагчыся супраць гэтага чалавека завядзення крымінальнай справы», — заявіў Сяргей Букас.

Як заявіла «Ежедневнику» адвакат абвінавачанага, яна лічыць прысуд неправамерным і будзе абавязкова абскарджваць яго ў касацыйнай інстанцыі.

Ежедневник

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0