1 кастрычніка ў Нацыянальным мастацкім музеі ў Мінску адкрылася выстава карціны італьянскага мастака эпохі Адраджэння Парыса Бардонэ «Мадонна з немаўлём паміж святым Энрыка з Упсалы і святым Антоніо».

Палатно з мастацкага музея правінцыі Бары «Карада Джаквінта» (Італія) адкрывае праграму, прысвечаную італьянскаму Адраджэнню ў Беларусі (1 кастрычніка — 14 лістапада). Карціна з’яўляецца вяршыняй творчасці Парыса Бардонэ (1500—1571) — аднаго з самых вытанчаных прадстаўнікоў венецыянскага жывапісу XVI стагоддзя, які пад уплывам майстроў пэндзля італьянскага Адраджэння Джарджоне і Тыцыяна стварыў арыгінальны твор на традыцыйную для гэтай эпохі тэму.

Дырэктар музея «Карада Джаквінта» Клара Джалаа назвала палатно Бардонэ «абсалютным шэдэўрам», а яго экспанаванне — «гістарычнай падзеяй,

бо на працягу 450 гадоў італьянскія карціны не прыязджалі ў Беларусь». Яна падкрэсліла, што «гэтая работа пэўным чынам звязвае Беларусь і такую далёкую зямлю, як Сардзінія, таму што карціна была напісана ў тыя гады, калі каралевай Польшчы і Вялікага княства Літоўскага была міланская герцагіня Бона Сфорца».

У інтэрв’ю журналістам міністр культуры Беларусі Павел Латушка зазначыў:

«Сённяшняе мерапрыемства падкрэслівае вельмі важную сувязь, якая спалучае беларускі і італьянскі народы ў кантэксце агульнай еўрапейскай культурнай гісторыі.

Каралева Бона Сфорца, якая пражывала ў Бары і закончыла свой жыццёвы шлях менавіта ў гэтым горадзе,
мела вельмі значны ўплыў на развіццё культуры беларускага народа. Дзякуючы ёй, на працягу 40 гадоў яе панавання ў Беларусь прыехалі новыя мастакі, архітэктары, паэты, адбываліся розныя культурныя мерапрыемствы. Вельмі важна, што сёння, дзякуючы супрацоўніцтву Беларусі і Італіі, мы аднаўляем спадчыну каралевы Боны Сфорцы на Беларусі».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?