Доктар гісторыі Алег Латышонак нарадзіўся і жыве ў Польшчы. Пры гэтым ён не толькі захаваў сувязь з радзімай бацькоў, але і стаў адным з найаўтарытэтных беларускіх гісторыкаў у свеце. Падчас вераснёўскага візіту ў Беларусь, дзе прафесар Беластоцкага ўніверсітэта прэзентаваў новую кнігу «Нацыянальнасьць — беларус» (выдавецтва часопіса «Arche»). Кніга прапануе новую канцэпцыю гістарычных каранёў беларускай нацыі. З гісторыкам гутарыць карэспандэнт TUT.BY.

«Тое, што «Белую Русь» навязалі расійцы, — байка»

– Сёлета суседняя Літва адзначала 1000‑годдзе дзяржаўнасці. Беларуская ж грамадскасць у большасці сваёй сцвярджала, што гэта ўсяго толькі міленіум назвы, якая да таго ж мае большае дачыненне да сучаснай Беларусі, чым да Літвы. На вашу думку, адкуль варта пачынаць адлік беларускай дзяржаўнасці?

– Дакладна вядома, што гэта адбылося значна раней за Літву. У «Аповесці мінулых гадоў» Полацкае княства ўпершыню згадваецца пад 862 годам. Аднак відавочна, што полацкая дзяржаўнасць сягае значна даўнейшых часоў за летапісныя. Гэтак, у дацкай гісторыі згадваецца, што датчане ваявалі Полацк у 9‑м стагоддзі, і нават называецца імя полацкага валадара — Веспасій (Vespasius). Гэта значыць, што наша дзяржава ўжо тады была добра вядомая скандынавам. Таму мы маем чым ганарыцца значна больш за літоўцаў.

– І ўсё ж, ці маюць рацыю беларускія даследчыкі, якія пераконваюць, што сённяшнія літоўцы не мелі ніякага дачынення да Літвы, якая згадваецца пад 1009 годам?

– Вядома, што святы Бруна з Кверфуру быў замардаваны «на мяжы Літвы і Русі», а гэта магло быць усюды — ад Полацка да Беластока. Аднак паколькі ён меў навяртаць паганцаў у хрысціянскую веру, то, верагодна, гэта тычылася менавіта літоўцаў у сённяшнім разуменні гэтага слова. Прынамсі, я не буду ў ніякім выпадку адмаўляць гэта.

– Як замежнікам ці проста далёкім ад гісторыі людзям патлумачыць, адкуль пайшла назва «Беларусь»?

– У беларускай гістарыяграфіі ўжо сфармавалася пэўная школа, якая займаецца вывучэннем крыніцаў. Найперш яе прадстаўляюць Генадзь Сагановіч і Алесь Белы, да якіх са сваім даследаваннем «Ад белых русінаў да беларусаў. Вытокі беларускай нацыянальнай ідэі» далучыўся і я. З існуючых матэрыялаў ясна відаць, што назва «Белая Русь» (Alba Russia) — заходнееўрапейскага паходжання. У другой палове 13 стагоддзя можна, прынамсі, тэарытычна дастасоўваць яе да нашых зямель. Пад канец 16 стагоддзя яна замацоўваецца за Полаччынай і Віцебшчынай. Таму ўсе, хто сцвярджае, што гэтую назву накінула нам Кацярына ІІ ці іншыя расійскія цары, проста расказваюць байкі.

«Беларусы — літвіны без Вільні і русіны без Кіева»

– Тэза Міколы Ермаловіча, што Вялікае княства Літоўскае было беларускай дзяржавай — міф ці ўсё ж праўда?

– Справа ў тым, што беларусаў як нацыі тады не было. У цяперашнім выглядзе яна сфармавалася толькі ў 19 стагоддзі. Тады ж з’явіліся першыя меркаванні, што ВКЛ было беларуска‑літоўскай дзяржавай. Я лічу, што мы, беларусы, можам часткова адклікацца да гэтай традыцыі. Ніхто не мае права пярэчыць нам, што гэта не наша дзяржава. Але і мы не можам манапалізаваць права на ВКЛ. У сённяшніх катэгорыях гэта, безумоўна, была беларуска‑літоўская дзяржава.

– У любым замежным даведніку вы прачытаеце аб тым, што ВКЛ — сярэднявечная дзяржава сучасных літоўцаў, а цяперашняя тэрыторыя Беларусі была пад іх прыгнётам. Акрамя гэтага колішняя сталіца ВКЛ і цэнтр беларускага адраджэння Вільня сёння ёсць сталіца незалежнай Літвы. Ці згодныя вы з тым, што беларусы прайгралі літоўцам спрэчку за спадчыну ВКЛ?

– З такім самым поспехам можна сказаць, што беларусы прайгралі ўкраінцам ці расійцам спадчыну Кіеўскай Русі. Продкі большасці сучасных беларусаў — гэта не літоўцы, не ліцвіны, а русіны. У такім сэнсе наша краіна абсалютна слушна называецца Беларуссю, бо гэта адпавядае яе этнічнаму паходжанню.

Беларусы, як я калісьці назваў гэта, двайныя сіраты. Літвіны без Вільні і русіны без Кіева. Быў гістарычны момант, калі Кіеў мог застацца за Вялікім княствам Літоўскім. У такім разе мы маглі б прэтэндаваць на традыцыю Кіеўскай Русі. Паколькі гэта не адбылося, мы мусілі знайсці ўласную традыцыю паміж Кіевам і Вільняй. Таму нашай першадзяржавай варта лічыць Полацкае княства, а не ВКЛ.

– Які міф, на вашу думку, найвялікшы ў гісторыі Беларусі?

– Відаць, літвінскі. Ён вельмі распаўсюджаны, і ягоныя прыхільнікі зацята адмаўляюць любую іншую традыцыю. Сапраўдныя міфы адпавядаюць вельмі глыбіннай праўдзе, але ў гэтым выпадку літвінскі міф — фальшывы і шкодны для беларускасці.

Паўтаруся, мы — беларусы, не літвіны і не літоўцы. Мы маем сваю традыцыю, якая старэйшая за ВКЛ, за Літву. Як нацыя мы сфармаваліся ўжо пасля знікнення ВКЛ, таму ўсе, хто адрынае ўласна беларускую традыцыю, шкодзяць агульнай справе.

«Каліноўскі належаў да трох нацыяў»

– Спадар Алег, а Кастусь Каліноўскі быў палякам ці беларусам?

– Калісьці я меркаваў, што палякам, але цяпер так не думаю. Думаю, ён сам да канца не ведаў адказу на гэтае пытанне. На жаль, мы не маем ягоных непасрэдных выказванняў наконт нацыянальнасці, але ведаем у гісторыі іншага вельмі падобнага чалавека. Начальнік польскай дзяржавы Юзэф Пілсудскі называў сябе і палякам, і літвінам, і беларусам. Самае цікавае, што тады гэта не было супярэчлівым. Можна было належаць да трох нацыяў, якія разумеліся адрозна ад цяперашняга. Можна было быць палякам як грамадзянінам Рэчы Паспалітай, літвінам як жыхаром ВКЛ і этнічным беларусам.

Напэўна, так адчуваў сябе і Каліноўскі. Прычым беларуская этнічнасць была для яго надзвычай важнай, інакш не напісаў бы апошняга верша сваёй каханай па‑беларуску.

– Яшчэ адна гістарычная асоба, вакол якой дасюль вядуцца спрэчкі, — «начальнік беларускай дзяржавы» генерал Булак‑Балаховіч, якому вы прысвяцілі кнігу «Жаўнеры БНР». Пры ўсёй супярэчлівасці — ён больш станоўчы ці адмоўны персанаж?

– У нашай гісторыі цяжка адшукаць вельмі станоўчых герояў. У кожнага ёсць слабыя бакі. Напрыклад, у Каліноўскага — стаўленне да праваслаўя. Булак‑Балаховіч — фігура неадназначная. Не буду называць яго беларускім героем, але ў збройным змаганні за незалежную Беларусь гэты чалавек зрабіў больш за ўсіх. Ніхто іншы не стварыў цэлую армію, якая змагалася за нашу незалежнасць. Ужо толькі гэтага дастаткова, каб ён застаўся ў нашай гісторыі.

«Беласточчына прагаласавала б за Лукашэнку»

– Наколькі за апошнія 100 гадоў змянілася стаўленне палякаў да беларусаў? Ці можна сказаць, што яны пачалі бачыць у нас не «ўсходнія крэсы», а самастойны народ?

– Гэта вельмі складанае пытанне. Мне здаецца, што палякі перагледзелі стаўленне да нас, але толькі пад уплывам палітычных фактаў, а менавіта — стварэння незалежнай дзяржавы. Аднак, думаю, гістарычна яны гэтага яшчэ не асэнсавалі. Прычым віна і на баку беларусаў, якія, на думку палякаў, замала пра гэта думаюць. Паляку ў галаву не ўваходзіць, як беларус можа не гаварыць на сваёй мове.

– Ці хуткімі тэмпамі асімілююцца беларусы Польшчы?

– Мы таем, як снег на сонцы. Мы стараліся, як маглі, аднак жменька людзей не можа супрацьстаяць вялікаму ціску дзяржавы, нацыі. Сёння заязджаеш у вёскі, дзе яшчэ год 20 таму гаварылі па‑беларуску, і чуеш амаль адну польскую мову.

– Часам нам тут, у Беларусі, здаецца, што Беласточчына ў Польшчы і Віленшчына вельмі станоўча ставяцца да ўлады Аляксандра Лукашэнкі. Ці так гэта?

– Сапраўды, яшчэ некалькі гадоў таму, калі б выбары праводзіліся між беларусамі Беласточчыны, Лукашэнка атрымаў бы працэнтаў 80. У людзей ёсць уяўленне, што ў Беларусі парадак, заводы працуюць, калгасы не разваленыя… Цяпер колькасць прыхільнікаў беларускага прэзідэнта менш, бо падрасло маладое пакаленне, якому ні да Лукашэнкі, ні да Беларусі няма ніякай справы. Яны накіраваныя на Захад і больш прывязаныя да такіх паняццяў, як свабода і дэмакратыя.

«Апошнія 20 год былі прамарнаваныя»

– Вы рэгулярна наведваецеся на гістарычную радзіму. Якой вам бачыцца будучыня Беларусі як нацыянальнай дзяржавы?

– Калі казаць пра развіццё нацыянальнай культуры, бачу крок назад у параўнанні з пачаткам 1990‑х. Тады ўсе пераходзілі на беларускую мову, была вялікая надзея… Цяпер жа краіна зрусіфікаваная амаль дашчэнту. Я даволі многа езджу па Беларусі і нават там, дзе яшчэ 20 гадоў таму людзі паміж сабой натуральна гаварылі па‑беларуску, цяпер чую толькі расійскую мову.

У 1970‑х я быў перакананы, што незалежнай Беларусі ніколі не будзе, але здарыўся цуд. Таму цяпер, успамінаючы падзеі 1991‑га, калі разам з сотняй тысяч чалавек я стаяў каля Дому ўраду пад бел‑чырвона‑белымі сцягамі, веру ў светлую будучыню. Паколькі ў Беларусі значна болей людзей гаворыць па‑беларуску, як у Ірландыі па‑ірландску, шанец узняцца ёсць.

– Чаму ж на пачатку 1990‑х беларусізацыя правалілася?

– Гэта зачараванае кола. Таму што не хапіла эліты, якая разумела неабходнасць беларусізацыі. Апроч гэтага ўладным колам і апазіцыі не хапіла розуму, каб аб’яднацца і зразумець, што вялікіх рэчаў адразу дасягнуць немагчыма.

Як чалавек з пэўным палітычным досведам магу сказаць адно: Беларусь вернецца да сітуацыі пачатку 1990‑х. Зноў паўстануць пытанні эканамічных і палітычных рэформаў. Шкада толькі, што гэтыя 20 гадоў былі, мякка кажучы, прамарнаваныя.

– Што неабходна для таго, каб працэс нацыятварэння ў Беларусі завяршыўся?

– Дзяржаўная структура ў Беларусі настолькі іерархізаваная, што на дадзены момант ці не ўсё залежыць ад прэзідэнта Беларусі. Але паколькі лёс нацыі не можа быць падпарадкаваны аднаму чалавеку, спадзяюся, што беларусы знойдуць унутраныя сілы ў саміх сабе і ўстануць на ногі. Каб гэта здарылася, неабходна змена мінімум аднаго‑двух пакаленняў. Вельмі смутна казаць, але я ўжо ведаю, што не дажыву да гэтага.

– Будучыня Беларусі — у Еўразвязе ці гэта буфер паміж Захадам і Усходам?

– Беларусь найперш павінна быць незалежнай беларускай дзяржавай, а ўжо з кім яна будзе ў саюзах і ўніях — абсалютна другараднае пытанне.

* * *

Алег Латышонак нарадзіўся ў 1957 годзе ў Эльблёнгу (Польшча) у сям’і беларускіх інтэлігентаў. Скончыў гістарычна‑філасофскі факультэт Ягелонскага універсітэта ў Кракаве (1980). У 1982‑м арыштаваны за ўдзел у «Салідарнасці», восем месяцаў правёў у арышце. Працаваў настаўнікам гісторыі, у Кракаўскім Гістарычным музеі і ў Інстытуце даследавання польскай дыяспары Ягелонскага універсітэта. Адзін з заснавальнікаў рок‑фэсту «Басовішча», аўтар ягонай назвы. Сябра‑заснавальнік Беларускага Клуба. Старшыня галоўнай рады Беларускага Дэмакратычнага Аб’яднання (1992‑94), сустваральнік беларускага радыё «Рацыя» (1998).

Доктар гісторыі, прафесар Беластоцкага універсітэта, выкладчык Кафедры міжнародных адносін Інстытута гісторыі. Старшыня Беларускага гістарычнага таварыства (з 1996‑га), сябра Усходнеславянскай камісіі Польскай Акадэміі Умення і Камісіі славянскіх даследаванняў Камітэта гістарычных навук Польскай Акадэміі Навук.

Адзначаны адзнакай «Заслужаны дзеяч культуры Польшчы» (2000) і Кавалерскім крыжам Ордэна Адраджэння Польшчы (2008). Аўтар кніг: «Bialoruskie formacje wojskowe 1917‑1923» (1995), «Historia Bialorusi od polowy XVIII do konca XX wieku» (з Я. Мірановічам, 2002), «Od Rusinów Bialych do Bialorusinów» (2006), «Жаўнеры БНР» (2009), «Нацыянальнасьць – беларус» (2009).

Кастусь Лашкевіч, ТUT.BY

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0