70 гадоў таму ў вёсцы Парэчча забiлi адраджэнца Палесся Рамана Скiрмунта.

Прозвiшча Скiрмунтаў на Палессi згадваюць з павагай i захапленнем. Гэтая дынастыя — дзед, бацька i сын — пераўтварыла звычайныя вёскi сярод балотаў у прамысловы цэнтр усяго рэгiёна. На заводах Скiрмунтаў выкарыстоўвалiся перадавыя тэхналогii. Аляксандр Скiрмунт увогуле лiчыцца аўтарам першага беларускага патэнта.

Ягоны ўнук Раман годна працягваў сямейную справу, аднак прыйшоў 1939 год — i новая ўлада моцна не цырымонiлася з ужо былымi панамi. 7 кастрычнiка 1939 года Рамана Скiрмунта забiлi мясцовыя жыхары — па загадзе савецкага камiсара Холадава. Без суда i следства…

Я бываў у Парэччы неаднойчы i, гледзячы кожны раз на колiшнiя фабрыкi Скiрмунта, слухаючы захопленыя аповеды мясцовых жыхароў, не разумеў: як i за што самi парачане застрэлiлi такога чалавека? Цяпер, у сумную гадавiну, я запытаўся пра Рамана Скiрмунта ў адной з найстарэйшых жыхарак вёскi Настассi Андрэеўны Вакульчык 1911 года нараджэння.

— Добры быў пан!.. — замест «прывiтання» адказала мне Настасся Андрэеўна, калi пачула прозвiшча «Скiрмунт».
— Як прыйшлы гэтыя, ён сказаў: «Добра, я болей не пан, але са сваiмi людзьмi буду жыцi». А яны бачыш што зрабiлi… А я яшчэ, людкi, радзiлася пры цару, але, слава Богу, чую добра, бачу. Як сама сабе — та я ўсё памятаю, а як гэтак — то i забуваю…

— Настасся Андрэеўна, хто канкрэтна яго забiў?

— Ткачук… Юстын яго звалi. Яшчэ Салавей — гэта мянушка такая, гарбарукi ён быў, звалi яго Пархiмчук. I Козак — так называлi Лешчука Iвана. Iм сказалi яго ў Пiнск весцi, яны па дарозе кажуць пану: адвярнiся! А той кажа: я ад людзей нiколi не адварочваўся i ад вас не буду, а я вам не жадаў бы гэтага рабiцi, вы маладыя.

Я ўжо аджыў свае гады, а вам трэба жыцi. Дык казалi, што пры гэтых словах у Iвана стрэльба выпала з рук нават…

— А вы добра запомнiлi Рамана Скiрмунта?

— Хадзiла на работу да яго, картоплi капацi, бурачкi выбiрацi. Спявалi ў абеды, картоплi пяклi… Ён дужа ветлiвы быў, як iдзе насустрач, дак адразу «дзень добры» дае.

— А на якой мове размаўляў пан?

— Па‑нашаму, па‑парэцку!..

Як я нi шукаў, знайсцi нашчадкаў цi сваякоў забойцаў не ўдалося. Паводле словаў Настассi Вакульчык, г

этыя «тры алкашы згiнулi як сабакi».
Пархiмчук знiк яшчэ да вайны, Ткачука забiлi i закапалi проста каля хаты, Ляшчук знiк у вайну… Я наiўна запытаўся ў Настассi Андрэеўны, чаму, калi Скiрмунта павялi забiваць, нiхто з мясцовых не заступiўся за яго.

— А хто ж пойдзе? — цiха адказала 97‑гадовая кабета. — Такi час быў… Брат брата прадаваў, прыходзiлi арыштоўвалi. Адна жанчына сказала была: «Што вы робiце?!» А ёй у адказ: «Зараз i з табой такое будзе!..»

«Абышоў з абразом пажар — i агонь знiк…»

Гродзенскi гiсторык, доктар навук, прафесар Алесь Смалянчук даўно цiкавiцца асобай Рамана Скiрмунта. Яшчэ ў 2000 годзе спадар Алесь узначальваў экспедыцыю ў Парэчча, каб сабраць звесткi пра гэту выбiтную асобу.

— Рамана Скiрмунта настолькi любiлi мясцовыя жыхары, што нават прыпiсвалi яму амаль чарадзейныя здольнасцi, — кажа Алесь Смалянчук. — Са слоў мясцовых старажылаў мы запiсалi аповед, як у Чамярыне гарэла хата,

але паклiкалi Скiрмунта — ён з абразом абышоў пажар — i агонь знiк. Другi раз Скiрмунт гэткiм жа спосабам «патушыў» поле, дзе занялося жыта…

Ад Настасii Вакульчык, з якой я толькi што размаўляў, Алесь Смалянчук запiсаў у 2000 годзе i такi эпiзод. У вераснi 1939‑га парэцкiя мужыкi пабачылi здалёк цягнiк — i падумалi, што гэта бальшавiкi. Схапiлi чырвонае i кiнулiся сустракаць. Аднак гэта быў польскi цягнiк. Афiцэр загадаў расстраляць «здраднiкаў».

Але Скiрмунт, якi паспеў прыбегчы, не пагiдзiўся стаць перад афiцэрам на каленi i прасiць:
«Гэта мае людзi, яны гэтага не рабiлi». Можна ўяўляць, чаго гэта каштавала 70‑гадоваму беларускаму шляхцiчу.

Скiрмунты пакiнулi вялiкi след у гiсторыi Беларусi, у гiсторыi Палесся. Намаганнямi трох пакаленняў палескiя ўладаннi Скiрмунтаў сталi адным з буйных прамысловых цэнтраў Беларусi. Спачатку — яшчэ ў 1836 годзе — была заснаваная суконная фабрыка, прадукцыя якой неаднаразова атрымлiвала ўзнагароды на мiжнародных выставах. У 1860 годзе пачаў дзейнiчаць цукровы завод. У 1861‑м Аляксандр Скiрмунт вынайшаў снарад для выпарвання цукру (першы беларускi патэнт. — Аўт.), прынцыпам якога карыстаюцца i па сёння!.. Пазней быў заснаваны бровар, крухмальны завод, наладжаная вытворчасць лесу… Скiрмунты ўтварылi ў Парэччы шпiталь на 12 месцаў, будавалi дамы для рабочых…

Раман Скiрмунт, апроч гэтага, заявiў пра сябе як палiтык — у 1918 годзе ўзначалiў урад створанай Беларускай Народнай Рэспублiкi, жадаў незалежнасцi нашай Бацькаўшчыне. Разам з князем Альбрэхтам Радзiвiлам нават паехаў у Нямеччыну i Швейцарыю як амбасадар БНР — прасiць крэдыты для маладой дзяржавы. Калi БНР спынiла iснаванне, Скiрмунт вярнуўся ў Парэчча i зноў заняўся вытворчасцю.

Незалежная Беларусь, пра якую так марыў Раман Скiрмунт, памятае i шануе свайго патрыёта. У 1992 годзе магiла Скiрмунта ў ягоным парку (там пана перапахавалi мясцовыя жыхары) была адноўленая. Iмя Рамана Скiрмунта назаўжды ўпiсана ў летапiс Берасцейшчыны.

Але старыя жыхары Парэчча, якiя памятаюць Рамана Скiрмунта, i цяпер, згадваючы жудасную расправу з iм, не здольныя хаваць слёзы.

Глеб Лабадзенка, Звязда

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0