Эпідэмія грыпу чакаецца ў Мінску ў больш раннія тэрміны: у канцы снежня 2009 — пачатку студзеня 2010 года.

Пра гэта паведаміла загадчык аддзялення імуннай прафілактыкі Мінскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Ірына Глінская на прэс‑канферэнцыі ў Мінгарвыканкаме.

Спецыяліст адзначыла, што ў гэтым сезоне супраць названай віруснай інфекцыі плануецца прышчапіць ўдвая больш мінчан. У прыватнасці, калі ў мінулым годзе прышчэпкі ад грыпу зрабілі каля 10 працэнтаў насельніцтва,

то ў гэтым годзе медыкі ставяць задачу вакцынаваць 18‑20 працэнтаў жыхароў сталіцы.

«У трэцяй дэкадзе кастрычніка ў медыцынскія ўстановы паступяць вакцыны для імунізацыі насельніцтва з груп рызыкі (з хранічнымі захворваннямі, старэйшыя за 65 гадоў, медработнікі і інш.)», — сказала Ірына Глінская. Для іх за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту будзе закуплена 40 тыс. доз жывой грыпозной вакцыны (краіна‑вытворца Расія) і 3 тыс. доз вакцыны «Флюарыкс» (Германія).

За кошт сродкаў мясцовага бюджэту ў Мінску прышчэпкі будуць зроблены дашкольнікам і навучэнцам школ. «У мінулым годзе мы пільную ўвагу ўдзялілі дзецям з дзіцячых садоў і пачатковай школы. У бягучым годзе ставіцца задача максімальна засцерагчы ад інфекцыі школьнікаў — усяго каля 60 тыс., што складае каля паловы ад агульнай колькасці навучэнцаў школ горада», — адзначыла спецыяліст. Бясплатныя прышчэпкі атрымаюць у тым ліку людзі, якія забяспечваюць жыццядзейнасць горада (работнікі вода‑ і энергазабеспячэння, транспарту і інш.)

Прадстаўнік Мінскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі нагадала, што ў сталіцы пачалася вакцынацыя на платнай аснове. Кіраўнікі больш як 650 прадпрыемстваў і арганізацый горада за ўласны кошт плануюць вакцынаваць каля 60 тыс. работнікаў. За кошт асабістых сродкаў прышчапіліся ўжо каля 500 мінчан.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?