Бразільскія паліцэйскія паведамілі пра знікненне вядучага папулярнага тэлешоў «Крымінал» Уолеса Соўзы. У жніўні праваахоўныя органы заявілі, што раскрылі таямніцу аператыўнасці ягоных рэпарцёраў, якія прыбывалі на месца злачынства раней за следчых: забойствы, што станавіліся тэмамі чарговага выпуску, Соўза арганізоўваў сам.

У Бразіліі паліцэйскія пачалі пошук вядомага тэлевядучага Уолеса Соўзы, які абвінавачваецца ў арганізацыі заказных забойстваў.

Як паведамляе тэлеканал «Бі‑бі‑сі», затрыманы ў жніўні 51‑гадовы Соўза здолеў пазбегнуць арышту толькі дзякуючы наяўнасці ў яго дэпутацкай недатыкальнасці, але на мінулым тыдні ён быў з ганьбай выключаны з парламенту, і следчыя выдалі ордэр на яго арышт.

У сераду, як толькі ордэр быў атрыманы, шоўмэн знік.

Скандал з удзелам тэлезоркі ўспыхнуў у жніўні гэтага году. Тэлешоў Соўзы «Крымінал», што выходзіла на тэлеканале Canal Livre у паўночным бразільскім штаце Амазонас, мела зашкальныя рэйтынгі на поўначы краіны. Рэпарцёры праграмы часта аказваліся на месцы злачынства задоўга да паліцэйскіх і паведамлялі факты, якія станавіліся вядомымі прафесійным крыміналістам толькі пасля доўгага расследавання. Удзельнічаць у рэпартажах імкнуўся і сам Соўза. Нязменна ў бронекамізэльцы, ён з’яўляўся перад захопленымі тэлегледачамі на месцы чарговага крывавага забойства, заканчваючы рэпартаж сваёй кароннай фразай: «Мы болей не можам жыць з такім высокім узроўнем злачыннасці».

Пасля чарговага падобнага рэпартажу ў паліцыя з’явіліся падазрэнні, што ў падтрыманні ўзроўню злачыннасці на патрэбнай вышыні ўдзельнічае сам Соўза.

Пасля таго як начальнік службы бяспекі тэлепраграмы Маасір Жоржэ да Кошта на допытах прызнаўся, што па асабістай просьбе шоўмэна забіў сама меней аднаго чалавека,

паліцэйскія заявілі, што раскрылі таямніцу папулярнасці Соўзы. Хутка па падазрэнні ў арганізацыі як мінімум дзевяці забойстваў былі затрыманыя сам тэлевядучы, яго старэйшы сын Рафаэль і некалькі калег, што дапамагалі весці перадачу. Агулам паліцыя затрымала 15 супрацоўнікаў тэлешоў, але на свабодзе дзякуючы дэпутацкай недатыкальнасці застаўся толькі Соўза.

Тыя два месяцы, на працягу якіх ішло следства, тэлевядоўца казаў, што абвінавачваць яго самога і працуючых на яго рэпарцёраў «фактычна ў залішнім прафесіяналізме ‑‑ дурасць», а крымінальны пераслед — справа рук канкурэнтаў, што зайздросцяць рэйтынгу тэлешоў. «Проста ўсе перадачы рыхтаваліся старанна і з поўнай адказнасцю», — цытавалі абуранага Соўзу бразільскія СМІ.

Аднак паліцэйскія працягвалі сцвярджаць, што ўжо на канец верасня яны здолелі сабраць дастатковую колькасць доказаў віны шоўмэна і ўстанавіць, што на свабодзе застаюцца яшчэ некалькі нанятым ім кілераў, чые імёны ім вядомыя.

Падобны скандал з удзелам журналіста ў ліпені 2008 года адбыўся ў Македоніі.

Мясцовая паліцыя затрымала 56‑гадовага крымінальнага карэспандэнта газеты «Нова Македониjа» Влада Танеўскі па падазрэнні ў згвалтаванні і забойстве чатырох пажылых жанчын. Следчыя доўга не маглі даць рады пры расследаванні серыі загадкавых забойстваў: усе трупы яны знаходзілі аголенымі, з пераламанымі рэбрамі і тэлефонным дротам, зацягнутым на шыі. Паралельна сваё журналісцкае расследаванне вёў Танеўскі. Ён кантактаваў са сваякамі забітых жанчын і пісаў, спасылаючыся на крыніцы, пра падрабязнасці забойстваў.

Урэшце, Танеўскі пракалоўся: у ягоных рэпартажах сталі з’яўляцца такія падрабязнасці, якія маглі быць вядомыя толькі непасрэднаму выканаўцу злачынства.

Танеўскі быў затрыманы і змешчаны ў СІЗА. Там ён цалкам прызнаў сваю віну, а праз некалькі дзён следчыя знайшлі яго мёртвым: журналіст утапіўся ў вядры з вадой, што стаяла ў ягонай камеры, не патлумачыўшы, што ж штурхнула яго на злачынствы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?