На саміт СНД у Кішынёве, што пачнецца ў пятніцу, не прыедуць адразу чатыры прэзідэнты.

Упершыню форум праігнаруе кіраўнік Казахстана Нурсултан Назарбаеў, які лічыцца адзіным беспраблемным саюзнікам Масквы на постсавецкай прасторы і з якім тая не мае ніякіх канфліктаў.

У надзеі на сустрэчу з Дзмітрыем Мядзведзевым планаваў прыехаць Віктар Юшчанка. Аднак у Крамлі заяўляюць, што расійскі прэзідэнт такой сустрэчы ў сваім графіку не мае. А значыць, удзел украінскага прэзідэнта застаецца пад вялікім пытаннем.

У саміце СНД не прымуць удзел кіраўнікі Казахстана, Узбекістана, Туркменістана і Таджыкістана.

Замест Нурсултана Назарбаева і Эмамалі Рахмона ў Малдову прыедуць прэм’ер‑міністры Казахстана і Таджыкістана. Туркменскага лідэра Курбангулы Бердымухамедава заменіць віцэ‑прэм’ер, а Узбекістан пакуль не вызначыўся, хто ўзначаліць дэлегацыю краіны.

Лідэры краін сярэднеазіяцкага рэгіёну зладзілі свой асобны саміт у Ашхабадзе.

Не выключана, што там з’явіцца і кіраўнік Казахстану Назарбаеў. У адміністрацыях прэзідэнтаў спасылаюцца на загружаны працоўны графік. На мове дыпламатычных зносінаў тое часта азначае простае нежаданне прысутнічаць на неабавязковым і другасным мерапрыемстве. У адсутнасць прэзідэнтаў з Сярэдняй Азіі на саміце будзе зацверджана расійскае старшынства ў СНД у 2010 годзе. Плануецца таксама абмеркаваць сумесныя меры па супрацьдзеянні сусветнаму фінансава‑эканамічнага крызісу ў краінах СНД і пытанні, што датычаць інвентарызацыі дагаворна‑прававой базы Садружнасці, у тым ліку з улікам афіцыйнага выхаду Грузіі са складу СНД у жніўні гэтага года.

Плануецца, што на кішынёўскім саміце пройдзе трохбаковая сустрэча прэзідэнтаў Расіі, Арменіі і Азербайджана па ўрэгуляванню сітуацыі ў Нагорным Карабаху. Аднак чакаць ад яе нейкіх прарываў у вырашэнні гэтай праблемы не варта. Улічваючы, што адзіным бокам, які зацікаўлены ў існаванні канфлікту, з’яўляецца менавіта Расія.

У выніку кішынёўскі саміт кіраўнікоў краін‑удзельніц СНД ператвараецца ў сустрэчу па інтарэсах.

Важныя рашэнні там ніхто прымаць не плануе. Складаецца ўражанне, што такі стан рэчаў задавальняе ўсіх. Пытанні, звязаныя з бяспекай альбо гаспадаркай, даўно вырашаюцца на іншых мерапрыемствах. А СНД паступова ператвараецца ў адзін з сімвалаў былога адзінства інтарэсаў. Толькі што, у адрозненне ад СССР, СНД нават развальваць не трэба. Адзінай рэальна існуючай часткай гэтай арганізацыі застаўся хіба мінскі офіс.

АП, паводле Газета.ru

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0