Міжнароднае грамадскае аб’яднанне «Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» звярнулася да палаты прадстаўнікоў з заклікам узнавіць працу па распрацоўцы праекта закона, які б рэгуляваў стасункі Рэспублікі Беларусь з беларусамі замежжа.

Таксама ў лісце рэкамендуецца пры распрацоўцы законапраекта прыняць за аснову прапановы і заўвагі МГА «ЗБС «Бацькаўшчына», у тым ліку праект закона «Аб беларусах замежжа», прынятыя на Пятым з’ездзе беларусаў свету.

Пытанне юрыдычнага ўрэгулявання стасункаў беларускай дзяржавы з беларусамі замежжа «Бацькаўшчына» не ўпершыню па даручэнні суполак беларускай дыяспары ўздымае перад дзяржаўнымі органамі.

У 2001 годзе Нацыянальны цэнтр законапраектнай дзейнасці пры прэзідэнце Рэспублікі Беларусь па даручэнні кіраўніка дзяржавы пачаў распрацоўку праекта Закона Рэспублікі Беларусь «Аб суайчынніках, якія пражываюць за мяжой».

У тым жа годзе МГА «ЗБС «Бацькаўшчына» брала ўдзел у працы Рабочай групы пры згаданым Нацыянальным цэнтры і выйшла з шэрагам прынцыповых заўваг і прапановаў, якія грунтаваліся на пажаданнях беларускіх суполак замежжа. Але Цэнтр законапраектнай дзейнасці спыніў працу над праектам закона, і яго разгляд, запланаваны на восень 2002 года, не адбыўся. З просьбай паскорыць прыняцце закона звярталіся да ураду і нацыянальнага сходу ўдзельнікі Чацвёртага і Пятага з’ездаў беларусаў свету (2005, 2009 г.), але таксама безвынікова.

Такім чынам, на сённяшні дзень згаданы закон так і не прыняты. У той жа час, беларуская дыяспара — гэта велізарны нацыянальны рэсурс, які можа стаць важным фактарам эканамічнага і духоўнага ўздыму Беларусі, спрыяць росту міжнароднага аўтарытэту і павышэнню прэстыжу нашай краіны ў свеце. І каб гэта адбылося, нельга працаваць кропкава, выбарачна. Неабходна мэтаскіраваная паслядоўная праца.

Як адзначыла старшыня Рады МГА «ЗБС «Бацькаўшчына» Ніна Шыдлоўская: «Згаданы вышэй зварот, накіраваны «Бацькаўшчынай» у палату прадстаўнікоў, ёсць яшчэ адной спробай звярнуць увагу дзяржавы на найбагацейшы патэнцыял беларускай дыяспары, невыкарыстанне якога прыносіць вялікія страты дзяржаўным інтарэсам Рэспублікі Беларусь і ўсёй беларускай нацыі. Ці будзе гэтая спроба паспяховай? Час пакажа. З свайго боку «Бацькаўшчына» гатова наладзіць шырокае абмеркаванне праекта закона (ці яго канцэпцыі) у суполках беларусаў замежжа, а таксама вылучыць сваіх прадстаўнікоў у склад рабочай групы ці камісіі па распрацоўцы праекта закона аб беларусах замежжа».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?