У нядзелю ў аршанскім касьцёле Сьвятога Язэпа адбылася прэзэнтацыя кнігі Рыгора Барадуліна «Рымскі дыпціх». Кніга была напісаная народным паэтам Беларусі пасьля візыту ў Рым, і зьяўляецца своеасаблівым адказам на паэму Яна Паўла ІІ «Рымскі трыпціх», якую слынны сьвятар пісаў на працягу апошніх год свайго жыцьця.На прэзэнтацыі прысутнічала каля ста чалавек. Як распавёў айцец Андрэй Сідаровіч, сустрэча прайшла ў вельмі цёплай атмасфэры. «Кантакт залі і выступоўцаў быў на такім высокім узроўні, што нават не было патрэбы весьці прэзэнтацыю. Усё адбывалася само сабой, па жаданьні ўдзельнікаў імпрэзы. Звычайна людзі сябе паводзяць вельмі стрымана, тут жа слухачы праявілі сваю актыўнасьць і зацікаўленасьць: пытаньняў Рыгору Барадуліну задавалі безьліч», – адзначыў сьвятар.

Таксама ў прэзэнтацыі кнігі прыняў удзел Алесь Камоцкі. Ён прасьпяваў для вернікаў сьпевы на словы Барадуліна, уласныя песьні і песьні на словы Ларысы Геніюш.

Айцец Андрэй спадзяецца, што падобныя сустрэчы стануць добрай традыцыяй. «Ужо напрыканцы жніўня мы плянуем зладзіць чарговую сустрэчу нашых вернікаў з творчымі асобамі Беларусі», – дадаў ён.

Марыя Кароль, belngo.info

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0