9 кастрычніка ў сталіцы пачаў працу Пакроўскі кірмаш. Мерапрыемства, што праходзіць ужо шосты раз, атрымала блаславенне мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта.

На кірмашы можна не толькі набыць духоўную літаратуру, ікону, альбо іншыя прадметы, неабходныя для рэлігійнага чалавека. У плане мерапрыемства таксама правядзенне канферэнцый, прэзентацый, круглых сталоў і іншых самых разнастайных мерапрыемстваў. Сярод якіх паэтычныя вечарыны, дабрачынныя акцыі і нават дзіцячая гасцёўня, створаная адмыслова для самых шчырых і маленькіх наведвальнікаў.

На Пакроўскі кірмаш з’ехаліся не толькі беларускія вернікі і манахі. Шмат удзельнікаў з Расіі.

А асаблівую увагу наведнікаў прыцягвае выстава манастыра са святой гары Афон, што ў Грэцыі. Тут можна набыць нават славуты афонскі кагор.

Свята Пакрова, да якога і прымеркаваны кірмаш, мае даўнюю гісторыю. Паводле падання, у 910 г. Канстанцінопаль быў асаджаны сарацынамі. Жыхары горада сабраліся ў Влахеронскім храме, дзе захоўвалася рыза — пакроў — што належала Божай Маці. Падчас малебна людзі заўважылі яе над сабой, трымаючай пакровы. Багародзіца малілася разам з людзьмі. Дзякуючы гэтаму цуду горад быў выратаваны і сарацыны адступілі.

Вытокі народнай трактоўцы Пакрова — у старажытным славянскім земляробчым свяце якое прыпадала на гэты дзень, які лічыўся пераломным момантам у жыцці прыроды.
Да яго звычайна завяршаліся ўсе работы на полі і ў садзе, уцяпляліся жыллё і гаспадарчыя пабудовы. Пасля Пакрова у сялянскім жыцці пачынаўся новы цыкл работ — нарыхтоўка паліва, перавод жывёлы на стойлавае ўтрыманне. Таксама пасля Пакрова пачыналася пара вяселляў і попрадак (вячорак, супрадак), якія працягваліся да Вялікадня.

Кірмаш можна наведваць да 17 кастрычніка ад 10‑ай да 20‑й гадзіны. Ён працуе ў будынку Палаца мастацтваў.

АП

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0