Рэстаўрацыяй гродзенскіх Старога і Новага замкаў мае займацца прыватная фірма «Европрестиж». Цікавасць навіне надае тое, што фірма належыць новапрызначанаму кіраўніку праўладнага Саюза палякаў Беларусі Станіслаў Сямашка.

У інтэрв’ю БелаПАН спадар Сямашка заявіў, што зараз «праект знаходзіцца на стадыі перамоваў і нашаму прадпрыемству даюць праектаванне аднаўлення двух замкаў. Актам будзе перададзеная ўся дакументацыя на аднаўленне, мы запросім лепшых спецыялістаў у гэтай галіне,

каб зрабіць усё прыгожа».

Кіраўнік Упраўлення па капітальным будаўніцтве Гродзенскага аблвыканкама, якое непасрэдна займаецца рэстаўрацыяй замкаў, Валерый Крывец у размове з «НН» паведаміў, што ніякай інфармацыяй на гэты конт не валодае. Ён адзначыў, што ўсе праектныя працы праводзяцца установай «Гроднаграмадзянпраект».

Яшчэ больш цікавую рэакцыю выклікала тое ж пытанне, зададзенае кіраўніку Гродзенскага гісторыка‑археалагічнага музея, што месціцца ў замках, Юрыю Кітурку. Спадар Кітурка пракаментаваў навіну наступным чынам: «Хто такі Сямашка? Гэта не для яго. Проста смешна».

У афіцыйным Саюзе палякаў Беларусі каментаваць рэстаўрацыйныя планы спадара Сямашкі адмовіліся. Негледзячы на тое, што падчас размовы з БелаПАН сябра СПБ адзначаў рэстаўрацыю як крок у справе адраджэння польскай культуры.

Сябар незалежнага Саюзу палякаў Андрэй Пачобут кажа: «Я не ведаю, ці мае Сямашка дачыненне да польскай культуры. Калі ён насамрэч пачне займацца рэстаўрацыяй замкаў, то гэта будзе яго першая справа ў гэтай галіне.

Увогуле такія праекты павінны абмяркоўвацца публічна. Прыкра, што гэта адбываецца кулуарна».

«Нашай Ніве» не ўдалося знайсці інфармацыю пра які-кольвеку тэндэр на падрад выканання рэстаўрацыйных працаў.

АП

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0