У сувязі з неспрыяльнай дарожнай абстаноўкай сталічная ДАІ і некаторыя іншыя службы Мінгарвыканкама з 9 кастрычніка пераведзеныя на ўзмоцнены варыянт нясення службы.
Пра гэта журналістам паведаміў начальнік упраўлення ДАІ ГУУС Дзмітрый Карзюк.
Паводле яго слоў,
за дзевяць дзён кастрычніка ў ДТЗ у Мінску ўжо загінулі шэсць чалавек,
трое з іх — пешаходы, якія парушылі правілы дарожнага руху. Усяго з пачатку года ў Мінску ахвярамі ДТЗ сталі 56 чалавек, 70% з іх — пешаходы.
Як паведаміў Карзюк,
штодзень з 7 да 11, з 16 да 21 гадзіны, а па неабходнасці і даўжэй супрацоўнікі ДАІ і іншых служб будуць дзяжурыць каля пешаходных пераходаў у месцах найбольш інтэнсіўнага руху транспарту.Да гэтай работы плануецца прыцягнуць добраахвотныя дружыны агульнай колькасцю каля 400 чалавек, якія дзейнічаюць пры кожнай раённай адміністрацыі.
Работа ва ўзмоцненым рэжыме будзе доўжыцца да асаблівага распараджэння, да стабілізацыі абстаноўкі, сказаў Карзюк.
Закранаючы тэхнічную арганізацыю бяспекі дарожнага руху, начальнік УДАІ УУС паведаміў, што цяпер падрыхтавана тэхнічнае заданне па стварэнні інтэлектуальнай транспартнай сістэмы, заснаванай на відэакантролі дарожнай сітуацыі. У ДАІ разлічваюць, што такая сістэма будзе ўведзена ў дзеянне ў найбліжэйшыя гады.