Да 16 лістапада міністры замежных справаў ЕС павінны вырашыць, што рабіць з візавымі санкцыямі супраць лукашэнкаўцаў.

Яны былі ўведзеныя ў адказ на ўмацаванне ў Беларусі дыктатуры. Дружба з Расіяй супраць Еўропы была таксама прычынай для іх. Але пачаўся флірт з ЕС і сціплая лібералізацыя — і санкцыі прыпынілі да восені.

Еўрапейцы хацелі б скасаваць іх зусім. Для адмены трэба падстава. А ніводнага новага кроку насустрач лукашэнкаўская адміністрацыя не зрабіла.

Выбарчае заканадаўства застаецца нязменным: падлік галасоў бескантрольны, як і раней. Палітвязень Арцём Дубскі працягвае сядзець. Беларуская хрысціянская дэмакратыя замест рэгістрацыйнага пасведчання атрымала выкрывальніцкі фільм на БТ. Больш за тое, АМОН бязлітасна рассеяў акцыю пратэсту супраць беларуска‑расійскіх манеўраў. Самі ж вучэнні адпрацоўвалі сцэнар рыўка беларускіх войскаў праз тэрыторыю Літвы да Балтыкі, на дапамогу Калінінграду.

Нямецкі пасол у Мінску ў інтэрв’ю на тым тыдні з недвухсэнсоўнай горыччу намякнуў на адсутнасць канкрэтыкі з беларускага боку. «Усё, што ад нас патрабавалася, мы зрабілі», — заявіў Лукашэнка ў Вільні між тым.

Лабістам рэжыму выступіла Італія. Міністр замежных справаў Франка Фраціні пабываў у Мінску.

У той жа час Галандыя настроеная на вяртанне санкцый. Кіраўнік яе дыпламатыі Максім Верхаген сустрэўся з лідэрам Руху «За Свабоду» Аляксандрам Мілінкевічам і Паўлам Севярынцам, апляваным на БТ .

Гутарка Лукашэнкі з Грыбаўскайтэ пазбавіла еўрапейцаў ілюзій.
Не выключана, што выніковае рашэнне можа быць палавіністым: супраць паловы спісу санкцыі будуць знятыя, а супраць другой будзе працягнутае прыпыненне.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?