(«Забароненая Рэчаіснасць», фантастыка/баявік, Расія, 2009, 90хв., Рэж. — Канстанцін Максімаў. Паводле кнігі Васілія Галавачова «Смерш-2»)

Пісьменнікі Галавачоў і Лук'яненка — абое рабое. Але толькі на першы погляд.

Другі, выкшталцоны назіральнік, пераапрацоўвае ў «Дазорах» народныя расійскія матывы: малюе сакавітай лубочнай фарбай пярэваратняў ў пагонах, прадажных палітыкаў, з любовяй выштукоўвае вулічны фальклор: дрымучых бамжоў і рынкавых гандляроў-крывасмокаў, прапануючы стопудовы трыумф Дабра над Ліхам, за якой хаваецца бетонная, але вельмі павучальная мараль пра жалезную іерархію авечак і ваўкоў. У гэтым плане Лук'яненка — лірнік-медыум: без усякай прэтэнзій на лаўры адметнага, таленавіта вяртае назад у масы расійскае несвядомае ў форме сучасных сагаў, не забываючы весела так і зухавата стрыгчы купоны, не раўнуючы колішні вандроўны баяніст на вяселлях.

Васілій Галавачоў (аўтар літаратурых шлягераў «Смерш» і «Схрон»), які і прадусаваў свой сцэнар, — чалавек амбітны. Яму не хочацца задавольвацца словам фантазёр.

Ён — фантаст: ужывае разумныя словы і мудрагелістыя, як бы навуковыя і як бы фантастычныя тлумачэнні, актыўна ківае на Лема і Таркоўскага, імпэтна неафіцтвуе са старарускай спадчынай.

І сюжэт, здаецца, замяшаны жыццясцвярджальна: 2013 г. Мацвей Собалеў, прафесійны контрвыведнік, са сваім паплечнікам Курылам перавозяць найноўшую псіхатронную зброю. Курыла страляе ў сябра, але той выжыў і здолеў схавацца ў глухой вёсцы на Байкале. Адкуль уся Расія і будзе чакаць яго звароту. Тым жа часам не спячы ў шапку Курыла выношвае планы захапіць уладу (цікава, а Пуцін з Мядзведзевым, што, у гэты час нярвова кураць у фортку бункера?). Мацвей, як кожны прыстойны герой, спярша круціць носам, але пабачыўшы, што трэба і гонар знаць, вяртаецца Ахоўнікам Нутранага Кола, каб выратаваць Расію, ды што там казаць, усіх нас ад Курылы і яго надкрамлёўскага начальніка, фантастычнай пачвары Манарха Цемры.


Публіка запрасіла песні, але ў Галавачова яе няма. Казкі не атрымалася:

пярэваратні ў пагонах нейкія непярэваратныя, расійскі палітык з усімі іх бязлітаснымі заганамі і мілымі перавагамі выйшаў у выкананні Аляксандра Балуева («У жніўні 44-га») адназначна марсіянскім, чыё цела да таго ж час ад часу працінае цмянага паходжання карэнне, што вельмі нагадвае наглядную мэдыцынскую агітацыю з серыяла «Д-р Хаўз», а з каларытнымі бамжамі дык наагул брак.

Атрымаліся дарагія, пазырыць можна, карцінкі з нармальненькай, забароненькай рэчаіснасцю і эстэтычна вылічаныя (месцамі) эпізоды, у прыватнасці з прыўкрасным снежным львом.

Адным словам, «Забароненую рэчаіснасць»

забараніць нельга глядзець

(стаўце коскі, дзе ваша воля).

Чаму ўсё ж варта глядзець гэты фільм:

—Каб зацаніць новую фрызуру Ўладзіміра Ўдавічэнкава (ён жа «Брыгадны» Філ і «Бумераўскі» Кот), ад чаго фільм стаў катастрафічна падобны да «Горца». А таксама новы брунецісты імідж сэкс-бамбіні Любові Талкалінай («Кансервы» і «Антыкілер»).

— Проста пару хвілінак (гадзінак) глянуць на Таго, Хто Прыйшоў Пасля, на новую мача-зорку Расіі Ігара Пятрэнку (ён жа Верчын кіроўца і Андрый Бульба).

— Каб зазірнуць пабачыць у сапраўды забароненую рэчаіснасць — Маскву. (За паўгода, што мы перасталі ездзіць на зачыненую Чаркізаўку, там шмат чаго змянілася: новыя тэндэнцыі ў інтэр'ерным дызайне і новыя маркі «Аўдзі» на вуліцах).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?