Міністэрства інфармацыі адмовіла ў рэгістрацыі недзяржаўнай рэгіянальнай газеце «Магілёўскі час» з прычыны адсутнасці вышэйшай адукацыі ў галоўнай рэдактаркі.

Пра гэта паведаміў сёння ў тэлефоннай гутарцы з галоўнай рэдактаркай выдання Ганнай Ільіной супрацоўнік міністэрства Віктар Гурэцкі. Афіцыйнага ліста з Мінінфармацыі журналістка пакуль не атрымала.

Дакументы на рэгістрацыю спадарыня Ільіна накіравала 10 верасня. «Магілёўскі час» планаваўся як выданне грамадска‑палітычнай тэматыкі. Дагэтуль газета некалькі гадоў выходзіла як малафарматнае выданне накладам да 299 асобнікаў.

Юрысты БАЖ звяртаюць увагу на тое, што ў законе «Аб СМІ» (арт. 15 — «Падставы для адмовы ў дзяржаўнай рэгістрацыі СМІ») прыведзены вычарпальны пералік выпадкаў адмовы. «Такой падставы, як адсутнасць вышэйшай адукацыі ў рэдактара, там няма, — падкрэслівае намеснік старшыні БАЖ Андрэй Бастунец. — Наогул, гэткіх дакументаў для рэгістрацыі выданняў не патрабуецца. Гэта значыць, што Мінінфармацыі без ведама Ганны Ільіной збірала асабістыя звесткі пра яе асобу».

Нагадаем, што пасля ўступлення ў сілу новага закона «Аб СМІ» Мінінфармацыі зарэгістравала шэраг недзяржаўных выданняў — у тым ліку агульнапалітычную «Узгорак», «Піўную газету» для вольнага часу, рэкламныя і забаўляльныя газеты.

У канцы верасня Міністэрства інфармацыі не зарэгістравала дзве недзяржаўныя інфармацыйна‑аналітычныя рэгіянальныя газеты «Салігорск плюс» і «Новую газету Бобруйска»,
спаслаўшыся на тое, што ў жылых памяшканнях нельга займацца вытворчай дзейнасцю. Хоць такой падставы для нерэгістрацыі закон не прадугледжвае. Гаворка ідзе толькі пра выдачу ліцэнзіі — пасведчання, а не саму дзейнасць. Нонсэнсам было б здымаць вытворчыя памяшканні задоўга да пачатку вытворчай дзейнасці і не маючы ліцэнзіі.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?