Сацыялагічнае даследаванне «Новака» выявіла кансалідацыю нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў. Умацаваўся еўрапейскі складнік ідэнтычнасці. Парадокс назіраецца толькі з мовай. Палова апытаных лічаць людзей, якія заўжды гавораць толькі па‑беларуску, «сапраўднымі беларусамі, патрыётамі». Пры гэтым ужывае беларускую мову толькі меншасць.

Сацыялагічная лабараторыя «Новак» у кааперацыі з Беларускім інстытутам стратэгічных даследаванняў пры падтрымцы ўсюдыіснай кампаніі «Будзьма» правяла новае даследаванне. Мэтай апытання было выявіць спецыфіку нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў. Больш простымі словамі — зразумець, хто мы і да чаго імкнёмся. Апытанне прайшлі агулам 1011 рэспандэнтаў з розных куточкаў краіны, рознага ўзросту і сацыяльнага стану.

Кім мы сябе асэнсоўваем?

Самы галоўны вынік — калі параўноўваць з дадзенымі апытання Інстытута сацыялогіі 2004 года, індэнтыфікацыя беларусаў як «савецкіх людзей» і «еўрапейцаў» памяняліся месцамі. Пяць гадоў таму 16,8% беларусаў ў максімальна высокай ступені адносілі сябе да савецкіх людзей і 11,3% —да еўрапейцаў. Зараз жа 12,5% беларусаў адносяць сябе да савецкіх людзей і 15% — да еўрапейцаў.

Табліца 1. Пытанне: «Кім Вы сябе ўсведамляеце найперш?»

Расшыфроўка 1 - зусім не ўсведамляю, 2 - у мінімальнай ступені, 3 - у малой ступені, 4 - сярэдне, 5 - у вялікай ступені, 6 - у максімальнай ступені, 7 - не ведаю/цяжка адказаць.

Ці любім свой народ?

Вынікі апытання паказваюць, што для рэспандэнтаў вельмі важнай з’яўляецца прыналежнасць да свайго этнасу, а з узростам значнасць этнічнай прыналежнасці яшчэ павышаецца. Дадзеныя паказваюць і на тое, што беларусы адчуваюць пазітыўныя эмоцыі ў адносінах сваёй нацыі: гонар, любоў, адданасць, а вось абыякавасць і сорам за свой народ лічыцца рэччу непрымальнай.

Табліца 2. Пытанне: «Што вы адчуваеце, калі гаворка пра Вашу нацыянальнасць?

Які ў нас характар?

Самымі характэрнымі рысамі беларусаў рэспандэнты вызначылі гасціннасць, працавітасць, дабрыню. Разам з тым, толькі 10,5% апытаных мяркуюць, што яны ў максімальнай ступені адпавядаюць якасцям тыповага беларуса; 37,6% —што падобныя да тыповага беларуса ў большай ступені, 37,6% — падобныя сярэдне, 7,2 — падобныя мала ці зусім непадобныя. Такім чынам, каля паловы беларусаў не лічаць свой характар тыпова беларускім. Гэта значыць, што характарыстыка беларусаў як талерантных і гасцінных людзей — стэрэатыпны вобраз. На адкрытае пытанне, што менавіта адрознівае рэспандэнта ад тыповага беларуса адказалі нямногія. Але сярод адказаў ёсць наступныя: «Ад тыповага беларуса мяне адрознівае актыўнасць (5,8%), адкрытасць (6,2%), упартасць, мэтанакіраванасць (12,3%), дзелавітасць (3%), рашучасць (3%), сучаснасць (1,8).

Хто такі сапраўдны беларус?

Згодна з галасамі апытаных, ёсць чатыры індэнтыфікацыйныя прыкметы беларуса: а) той, хто выгадаваны на беларускай культуры, б) беларус паводле паходжання, в) адчувае да Беларусі пазітыўныя эмоцыі, перш за ўсё, любоў, г) лічыць сябе беларусам. То бок, гэтыя чатыры прыкметы з’яўляюцца больш важнымі, чым валоданне роднай мовай, падобнасць да тыповага беларуса ці беларускае грамадзянства.

Табліца 3. Пытанне: Каго у першую чаргу можна лічыць беларусам?

    Таго, хто выгадаваны на беларускай культуры і лічыць яе сваёй - 42,7%
    Таго, хто любіць Беларусь - 34,8%
    Таго, чые бацькі — беларусы - 32,8%
    Таго, хто сам лічыць сябе беларусам - 31,0%
    Таго, хто мае беларускае грамадзянства - 11,2%
    Таго, хто жыве ў Беларусі - 10,6%
    Таго, хто паводле складу характару падобны да беларусаў - 4,6%
    Таго, хто размаўляе па‑беларуску - 4,5%
    Таго, хто на выгляд падобны да беларусаў - 0,8%

Чым для нас ёсць мова?

Адказы на пытанні, датычныя беларускай мовы, вызначылі дзве супярэчлівыя тэндэнцыі. Як адзначае дырэктар Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў Віталь Сіліцкі, мова і культура сцвердзіліся ў якасці ідэнтыфікацыйных сімвалаў, і гэта новая якасць, але адбыўся адкат у плане актыўных моўных практык. Мову любяць, але на ёй не размаўляюць. Такі падыход характэрны для большасці.

З аднаго боку рэспандэнты ў большасці згодныя, што мова з’яўляецца нацыянальна‑культурнай каштоўнасцю, а з іншага — яны не гатовыя для практычнага яе выкарыстання. Наогул, пасіўнае выкарыстанне мовы распаўсюджана нашмат болей, чым актыўнае. Свабодна беларускай мовай валодаюць 34,2% апытаных, але часта або пастаянна карыстаюцца толькі 19,7%. З іншага боку, 22% «не чытаюць і не гавораць» па‑беларуску.

Паказальна, што рэспандэнты пазначылі, што беларускую мову часцей выкарыстоўваюць у зносінах са сваякамі, сябрамі і, асабліва, землякамі. А вось у публічных месцах, у транспарце і на працы — намнога радзей. Такім чынам, каланіяльнае выцясненне беларускай мовы з публічнай прасторы працуе і надалей. Выкарыстанне беларускай мовы замыкаецца ў вузкім коле «сваіх».

Асноўная прычына невыкарыстання беларускай мовы ў паўсядзенным жыцці — адсутнасць «беларускамоўнага» атачэння, а не няведанне мовы.

Можна зрабіць выснову пра тое, што беларусы не выракаюцца роднай мовы, хацелі б на ёй размаўляць, але не маюць неабходных для гэтага ўмоў.

Табліца 4. Пытанне: «Чым з’яўляецца для Вас беларуская мова?»

    Нацыянальным набыткам, што трэба берагчы і шанаваць - 47,1%
    Нацыянальным сімвалам беларусаў - 36,9%
    Мовай беларускай вёскі, глыбінкі - 16,6%
    Адной з еўрапейскіх жывых моў, каторай неабходна карыстацца сёння - 12,3%
    Мовай, што практычна не патрэбная ў сучасным жыцці - 8,6%
    Мовай беларускай інтэлігенцыі - 8,0%
    Нічым для мяне не з’яўляецца - 3,9%
    Мовай беларускай апазіцыі - 3,4%
    Іншае - 0,9%
    Не ведаю/Цяжка адказаць - 2,7%

Табліца 5. Пытанне: «У якой ступені Вы валодаеце беларускай мовай?»

    Свабодна валодаю: размаўляю, чытаю, пішу, думаю - 34,2%
    Чытаю, разумею гутарковую мову, але кепска пішу і практычна не размаўляю - 43,2%
    У асноўным разумею гутарковую мову, але не чытаю і не размаўляю і не пішу - 19,6%
    Не разумею гутарковай мовы, не чытаю, не размаўляю і не пішу -1,7%
    Іншае - 0,1%

Табліца 6. Пытанне: Ці хацелі б вы …

Вялікую надзею для адраджэння камунікацыйнае функцыі мовы дае факт выключна пазітыўнага ўспрымання грамадствам яе носьбітаў. 49,3% апытаных лічаць людзей, якія размаўляюць па‑беларуску «сапраўднымі патрыётамі».

Табліца 7. Пытанне: Што Вы думаеце пра людзей, якія заўжды гавораць толькі па‑беларуску?

    «Сапраўдныя беларусы, патрыёты» - 48.2%
    «Дзярэўня» - 5.4%
    «Апазіцыя» - 4.0%
    «Дзіўныя людзі» - 3,0%
    «Нацыяналісты» - 3,6%
    «Працуюць на публіку: хочуць пакрасавацца, выпендрыцца» - 6,9
    «Эліта нацыі» - 5,1%
    Не зважаю на гэта (ніколі не думаў пра гэта) - 24,7%
    Не ведаю/цяжка адказаць - 4.1%

Такое стаўленне дае выключна спрыяльную глебу для патэнцыйнага пераходу на беларускую мову.

Таксама апытанне паказала, што людзі жадаюць больш ведаць пра беларускія традыцыі, нацыянальную кухню, гісторыю, адна трэцяя частка апытаных хацела б палепшыць сваё веданне беларускай мовы.

Ідэнтычнасць і рэжым

Відавочна, што пытанне ідэнтычнасці і культурнага выбару цесна звязана з палітычным курсам дзяржавы. І тут апытанне яшчэ раз нагадала, што беларускае грамадства застаецца падзеленым на няроўныя паловы. З тэзісам «Беларуская дзяржава дбае пра сваіх грамадзянаў, як бацькі ў сям’і дбаюць пра сваіх дзяцей» цалкам ці часткова пагадзіліся 60,5% апытаных. Гэта сённяшні стан прыхільнікаў існага рэжыму.

У той жа час зусім не мала, аж 31,9% цалкам ці часткова пагадзіліся з цверджаннем: «Я крытычна стаўлюся да той дзяржавы, якая цяпер існуе ў Беларусі. Той вобраз, які навязваецца афіцыйнай прапагандай, для мяне непрымальны». Гэтая вялікая маса людзей схіляецца да змены аўтарытарнага статус‑кво.

З меркаваннем «Вытокі нашае дзяржавы ў Вялікім Княстве Літоўскім, таму для Беларусі натуральна арыентавацца на еўрапейскую мадэль», згодныя 59,8% апытаных. А вось гэта ўжо тая патэнцыйная кааліцыя, на падтрымку якой можна разлічваць пры правядзенні новага палітычнага курсу краіны, арыентаванага на еўраінтэграцыю. Праўда, калі арганізоўваць яе возьмецца цяперашняя ўлада, ёй прыйдзецца спачатку заваяваць давер нацыянальна‑дэмакратычнага электарату.

Патрэбны прыклад

Якія вывады можна зрабіць з даследавання? Коратка кажучы, нацыянальная ідэнтычнасць узмацняецца.

«Прапанентам беларускай мовы трэба больш гаворыць НА МОВЕ, чым АБ МОВЕ», — так падсумоўвае вынікі Віталь Сіліцкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?