На крыжы гарадзенскага касцёла бернардынцаў.

На крыжы гарадзенскага касцёла бернардынцаў.

Птушкай наступнага году ў Беларусі была абраная невялікая драпежная птушка — сокал‑пустальга.

Пустальга — адзін з трох відаў сакалоў, якія гняздуюцца ў Беларусі (яшчэ — сокал‑кабец і сокал‑дрымлюк), яшчэ тры залятаюць на тэрыторыю нашай краіны (вандроўны сокал і сокал‑шулёнак — даволі рэгулярна, сокал‑балабан быў упершыню адзначаны толькі ў 2008 годзе). Усе сокалы занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь.

Сваю дзіўную назву — дарэчы, вельмі падобную ў многіх славянскіх мовах — гэты невялікі сакалок атрымаў яшчэ ў часы папулярнасці сакалінага палявання. З‑за невялікіх памераў і прызвычаення лавіць невялікіх грызуноў птушка была прызнаная «пустой», непрыгоднай для палявання. Назва ў такім выглядзе дайшла да нашых часоў. Лацінская, або навуковая назва Falco tinnunculus значыць «звонкі сокал», а, напрыклад, украінская назва «борівітер» найлепш перадае самую характэрную рысу пустальгі — пад час палявання яна на нейкі час завісае ў паветры, трапечучы крыламі, выглядаючы здабычу. Часта гэта адбываецца супраць ветру, таму і выглядае як барацьба птушкі з ім.

Пустальгі — параўнальна невялікія сакалкі: даўжыня цела толькі каля 30 см, размах крылаў — каля 80 см, а вага птушак каля 250 г. Самкі трошкі большыя за самцоў і не так ярка афарбаваныя.

У Заходняй Еўропе пустальгі даўно сталі звычайным — але і надзвычай прыгожым — элементам гарадскіх краявідаў. Гадоў 20‑30 таму падобны працэс «урбанізацыі» пустальгі пачаўся і ў Беларусі.

У Брэсце штогод гняздуюцца 50‑60 пар гэтых птушак, прычым колькасць пустальгі ў гэтым горадзе паступова расце. У Гродне пустальгі на працягу некалькіх апошніх гадоў займаюць касцёл бернардынцаў і тэлевізійную вежу, яшчэ некалькі птушак засялілі ВА Азот і мікрараён Дзевятоўка. Спадзяемся, што з дапамогай людзей такіх месцаў (дзякуючы развешаным гнездавым скрыням) стане больш па ўсёй Беларусі.

Пустальгі з паўднёвых папуляцый на зіму нікуды не адлятаюць, нашы і птушкі з больш паўночных месцаў пералятаюць на зіму і Паўднёвую і Заходнюю Еўропу, хаця часам застаюцца ў невялікай колькасці і ў нас.

Агульная колькасць віду ў Беларусі ацэньваецца ў 1400‑2000 пар, і, напэўна, працягвае змяншацца — па меншай меры па‑за пасяленнямі чалавека.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?