Будаўніцтва АЭС можа перакінуць масток між Беларусьсю і Захадам. Піша Аляксандар Класкоўскі.

Выступаючы ў аўторак перад айчыннымі дыпляматамі, афіцыйны лідэр даў зразумець, што будаўніцтва атамнай станцыі – пытаньне вырашанае. Гаворка ідзе, маўляў, пра энэргетычную бясьпеку і ня толькі.

Увогуле ж, заўважце, ня першы месяц рыхтуецца псыхалягічная глеба пад запуск праекту, выключна адчувальнага для постчарнобыльскай краіны. Больш таго, у вачох Захаду гэтая краіна – перадусім «апошняя дыктатура Эўропы».

Тут можна згадаць, што раней беларускі кіраўнік не аднойчы шкадаваў аб страце савецкіх ядзерных ракетаў. А ў красавіку ў Брагіне шматзначна сказаў, што каб мы мелі АЭС, то ў сьвеце да нас ставіліся б іначай.

Як толькі папаўзьлі чуткі пра пляны збудаваць станцыю, былы дэпутат Уладзімер Парфяновіч пачаў біць у званы, папярэджваючы пра небясьпеку «Паўночнае Карэі ў Эўропе», «шантажу суседзяў і ўсяго сьвету паводле прыкладу Пхеньяну», «ператварэння беларусаў ў ядзерных закладнікаў».

Захад пакуль што назірае за сюжэтам збольшага моўчкі. Чаму? Вайсковы экспэрт Аляксандар Алесін мяркуе, што, як ні парадаксальна, Менск і Захад акурат тут могуць і паразумецца. Бо і Лукашэнка, і Эўропа заклапочаныя расейскім энэргетычным дыктатам. Будаўніцтва АЭС магло б стаць выгаднай замовай, напрыклад, для французаў. Масква прапаноўвае таньнейшы праект, але ж пасьля таго, як расейская ракета сапсавала наша трыюмфальнае ўступленьне ў клюб касьмічных дзяржаў, сто разоў падумаеш, ці патрэбна нам іхняе фірмовае «дешево и сердито».

Натуральна, супрацоўніцтва з Захадам магчымае пры пільным кантролі над беларускай атамнай праграмай з боку міжнародных інстытуцыяў. Дарэчы, МАГАТЭ, марачы пра ўзмацненьне сваіх пазыцыяў, цалкам можа праявіць тут зычлівасьць, кажа Алесін.

Такім чынам, на атамнага джына можна глядзець па-рознаму – і як на страшную пагрозу, і як на добрага служку.

Перад апазыцыяй, як падаецца, узьнікае дылема. З аднаго боку, узмацненьне энэргетычнай незалежнасьці – гэта бясспрэчны плюс. Разам з тым, змагарам супраць рэжыму неяк нелягічна ігнараваць Парфяновічавы аргумэнты...

Апроч таго, ёсьць і сумневы чыста эканамічнага кшталту, дадае аналітык Валер Карбалевіч. Дый сацыялёгія сьведчыць, што бальшыня беларусаў не падтрымліваюць ідэі свайго «мірнага атаму». Прычым цікава, што сярод Лукашэнкавых прыхільнікаў доля праціўнікаў АЭС нават большая. Хіба не спакусьліва згуляць на электаральным полі дзейнага кіраўніка?

Аб’яднаныя дэмакраты пакуль што не выпрацоўвалі пазыцыі адносна АЭС, паведаміў мне Вінцук Вячорка. Сам жа ён лічыць, што такое сур’ёзнае пытаньне мусіць вырашацца галосна дэмакратычным урадам.

Слушна, але ж мы жывём у іншай Беларусі, і пытаньне пра мірны атам стаіць рубам менавіта цяпер. Улада згенэравала свой плян, добры ці кепскі. А яе палітычныя апанэнты зноў запазьняюцца з рэакцыяй, не гаворачы ўжо пра гульню на апярэджаньне. Так вось і жывём.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?