Чым больш часу аддзяляе нас ад памятных сакавіцкіх падзеяў, тым менш застаецца адзнакаў уздыму і аптымізму, які выклікала плошча Каліноўскага. У тыя дні многім здавалася, што мы сталі сьведкамі пачатку новага адліку ў гісторыі краіны, новай старонкі барацьбы за свабоду, пачатку рэвалюцыі духу. Рэчаіснасьць, аднак, пачынае прыносіць куды больш песымістычныя сьведчаньні. Замест пачатку зьмен Беларусь відавочна вяртаецца ў сонны, апатычны стан, зь якога яе толькі ненадоўга вывелі выбары.

Відавочны спад грамадзянскай актыўнасьці. Некалькі тыдняў пасьля Сакавіка на запале яшчэ праводзіліся акцыі, у першую чаргу флэшмобы. Як толькі ўлады адладзілі мэханізм прадухіленьня гэтых новых формаў пратэсту, актыўныя грамадзкія дзеяньні спыніліся. Прычым нават раней, чым хтосьці паспеў прызначыць іх «арганізатара і натхняльніка» ў выглядзе флэшмоб-цэнтру. Уладзе спатрэбілася менш часу і высілкаў на прэвэнтыўныя дзеяньні, чым яе апанэнтам нават на рэфлексію. Спробы абудзіць балота, такія, як галадоўка маладафронтаўцаў, патанулі ў інфармацыйным вакууме. У выніку незалежнаму грамадзтву зноў не ўдалося пазьбегнуць пасьлявыбарнай апатыі – яе прыход толькі адцягнуўся на некалькі тыдняў.

Дэмакратычнае змаганьне неабавязкова павінна быць палітычным.

Фота Андрэя Лянкевіча

Гэтаксама не ўдалося пазьбегнуць крызісных тэндэнцый унутры палітычнай апазыцыі. Аб расколе дэмакратычнай кааліцыі не заяўлена, але яго праявы відавочныя. Абвастрылася барацьба за лідэрства. Ідэя аб стварэньні агульнанацыянальнага дэмакратычнага руху амаль пахаваная.

Самае галоўнае, пытаньне «Што далей?» дагэтуль застаецца адкрытым. Стратэгічныя мэты дэмакратычных сілаў так і не былі вызначаныя. Калі ня вызначаныя мэты, няма і рэальнага пляну дзеяньняў.

Нельга сказаць, што ўзровень апатыі і праз 100 дзён пасьля Плошчы параўнальны з тым, які быў у 2001 годзе. Ёсьць і працягваюцца добрыя праявы салідарнасьці і ўзаемадапамогі. Ёсьць імкненьне палітычных лідэраў далей езьдзіць па рэгіёнах. Ёсьць дробныя прыватныя ініцыятывы, якія ажыцьцяўляюцца без аглядкі на апазыцыйных лідэраў. Аднак няма ліхтара ў канцы тунэлю, хай і слабенькага. Няма кропкі на гарызонце, якую бачылі б партыйныя і беспартыйныя, арганізаваныя і неарганізаваныя, працуючыя ў рэале і ў віртуале, тыя, хто жыве ў Менску, у рэгіёнах і за мяжой. Няма нават маленькай, хай і не зусім рэальнай, але структурызаванай надзеі. Бяз гэтага дэмакратычны супраціў асуджаны на сумбурныя, разьяднаныя і ўсё менш выніковыя дзеяньні адзінак ці маленькіх групаў.

У цэлым, пачуцьцё безнадзейнасьці вяртаецца ў сьвядомасьць самых зацятых аптымістаў. Ці можна пераадолець гэтую апатыю? Ці магчыма ўвогуле ў цяперашняй Беларусі палітычная дзейнасьць?

Апазыцыйная палітычная сіла звычайна канцэнтруецца на двух напрамках дзейнасьці. Першы – гэта барацьба за ўладу. Другі – гэта папулярызацыя ў грамадзтве палітычнай альтэрнатывы, што ў сваю чаргу надае апазыцыі сацыяльны рэсурс, які і робіць магчымым барацьбу за ўладу. У нашым грамадзтве гэты попыт абмяжоўваецца ня толькі страхам удасканаленай за 12 гадоў рэпрэсіўнай машыны. Рэжым Лукашэнкі здолеў дасягнуць пэўнай раўнавагі паміж самім сабой і грамадзтвам, з аднаго боку «падагнаўшы» яго пад свой капыл, з другога – заклаўшы сьветапогляд і палітычную культуру сярэднестатыстычнага беларуса ў свой уласны падмурак. Дасягненьне такой раўнавагі адлюстроўваецца ў пэўных тэндэнцыях грамадзкага жыцьця, якія сталі асабліва заўважнымі апошнім часам.

Найперш гэта карпаратызацыя грамадзтва.

Дзяржава прадыктавала грамадзяніну ясны альгарытм узаемадзеяньня і аформіла яго інстытутамі й мэханізмамі (такімі, як прэзыдэнцкая вэртыкаль, кантрактная сыстэма, разьмеркаваньне студэнтаў і г.д.), якія яна цалкам кантралюе. Яна выпрацавала сыстэму ўзаемаабмену, якая выразна тлумачыць, што і як трэба рабіць дзеля задавальненьня сваіх патрэбаў. Як вынік, чалавек мусіць выбудоўваць свае жыцьцёвыя і кар’ерныя пляны, прымаць рашэньні (куды пайсьці вучыцца ці рабіць, як выплаціць крэдыт на жыльлё і г.д.) у поўнай адпаведнасьці зь існымі правіламі гульні. Наступствам падобнай карпаратызацыі зьяўляецца тое, што жаданьне чагосьці большага, чым «чарка і скварка» (прэстыжнай працы, добрага заробку, ліцэнзіі на канцэртную дзейнасьць, магчымасьці займацца бізнесам, напрыклад), можа рэалізавацца толькі пры ўмове ня проста прыманьня правілаў гульні, а актыўнага спрыяньня іх мацаваньню. Такім чынам дзяржава вэрбуе да сябе на службу цэлы сацыяльны пласт, які ў іншых умовах, пры існаваньні шырокіх зонаў асабістай і грамадзкай аўтаноміі ды легальных магчымасьцяў для незалежнай дзейнасьці, ствараў бы сацыяльную базу прыхільнікаў пераменаў. Нагадаю, што сярод тых, хто стаяў у чорных радах спэцназу альбо ствараў вядомыя сюжэты на БТ падчас сакавіцкіх падзеяў, большасьць складалі маладыя людзі.

Вырвацца за межы лукашэнкаўскай сыстэмы могуць дазволіць сабе нямногія. Чалавек ня толькі прыстасоўваецца да сыстэмы, ён робіцца яе ўдзельнікам. За 12 год я ня памятаю такой гатоўнасьці канфармістаў браць удзел у палітычных рэпрэсіях і такога масавага ператварэньня «кухоннай апазыцыі» ў канфармістаў.

У выніку любыя альтэрнатыўныя грамадзкія дзеяньні абмежаваныя рамкамі сацыяльнай і інфармацыйнай рэзэрвацыі. Пытаньні палітычнай стратэгіі, тэхналёгій, мэсыджу, выбару кандыдатаў і нават кааліцыйнага будаўніцтва другасныя, пакуль альтэрнатыўная палітычная дзейнасьць вядзецца ў межах рэзэрвацыі.

Раней, калі палітычны клімат у краіне быў менш рэпрэсіўны, можна было крытыкаваць апазыцыю за сьвядомае замыканьне ў паралельным грамадзтве. Сёньня іншага выбару няма. Болей таго, адміністрацыйны і інфармацыйны кантроль дзяржавы над грамадзтвам у бліжэйшы час яшчэ больш узмоцніцца. А значыць, межы рэзэрвацыі яшчэ больш звузяцца.

Валер Булгакаў нядаўна трапна вызначыў, чаму ва ўмовах «карпаратыўнай дзяржавы» дагэтуль дазваляецца фармальнае існаваньне палітычнай апазыцыі. «Чым больш я назіраю за паводзінамі нашай улады, тым больш я пераконваюся ў тым, што апазыцыю Лукашэнка дазваляе толькі дзеля таго, каб у Беларусі ўсё было як у людзей. Апазыцыя – гэта зьява, якая яшчэ нейкім чынам збліжае нас з суседнімі краінамі Ўсходняй Эўропы. Ня будзе апазыцыі – і Беларусь відавочна ператворыцца ў сярэднеазіяцкую дзяржаву».

Палітычная апазыцыя пакуль што існуе, а магчымасьцяў займацца палітычнай дзейнасьцю больш не засталося.

Інстытуцыйны стан апазыцыі фактычна не зьмяніўся з тых часоў, калі паўсталі палітычныя суб’екты, – з больш лагодных, плюралістычных часоў. Атрымалася, што форма цалкам не адпавядае жыццю. Падзелы на палітычныя партыі, звады паміж лідэрамі, спробы вызначыць «свой электарат», падзяліць яго на «правы і левы» падобныя да рэфлексаў у чалавека, у якога нядаўна ампутавалі нагу ці руку. У іх гэтая канечнасьць нейкі час працягвае «балець»: іншымі словамі, адчуваньне ёсць, матэрыяльнага аб’екту няма.

У новых умовах трэба было б пераасэнсаваць свае мэты й задачы, а таксама зьмяніць інстытуцыйныя рамкі сваёй дзейнасьці, рэканструяваць іх пад новыя рэаліі, якія ня зводзяцца да барацьбы за ўплыў той ці іншай партыі або ідэалёгіі. Аднак зрабіць гэта амаль немагчыма. Практычна нерэальна, напрыклад, зарэгістраваць новую арганізацыю, партыю, рух, а ствараць незарэгістраваную – значыць рызыкаваць трыма гадамі ў турме нават перад тым, як пачнеш актыўную дзейнасьць.

Інстытуцыйны застой непазьбежна выклікае дэфіцыт ідэяў. БНФ бачыць шлях у наладжваньні масавых акцыяў з мэтай патрабаваньня новых выбараў. АГП прапануе збор подпісаў за адмену кантрактнай сістэмы, за дэлегітымізацыю прэзыдэнцкіх выбараў, правядзеньне кампаніі «Салідарнасьць дзеля Свабоды», а таксама падрыхтоўку да мясцовых выбараў.

На жаль, можна адзначыць відавочны дэфіцыт рэпэртуару і няздольнасьць вынесьці навуку з папярэдніх беспасьпяховых кампаній такога кшталту. Такое адчуваньне, што прапануецца гонка за цягніком, які ўжо пайшоў, асабліва што тычыцца дэлегітымізацыі адбытых выбараў. Выбары можна дэлегітымізаваць толькі тады, калі яны адбываюцца, а не празь некалькі месяцаў, калі грамадзтва ўжо забылася, што яны наагул былі. Калі пачынаць сёньня, то дэлегітымізаваць можна хіба што выбары 2011 году.

Відавочная адсутнасьць стратэгічнага бачаньня. Незразумела, які будзе працяг, што рабіць пасьля таго, як мітынгі будуць разагнаныя, а подпісы недасабраныя.

Маштабныя палітычныя задачы, аб якіх гавораць лідэры, могуць рэалізавацца толькі нашмат больш магутнымі палітычнымі, фінансавымі, інфармацыйнымі і арганізацыйнымі рэсурсамі, чым тыя, якія сёньня мае апазыцыя.

Варта дадаць, што спробы правядзення падобных акцыяў рабіліся і ў мінулым, а іх вынікі былі несуцяшальнымі.

Праблема шырэйшая, чым крызіс жанру ў апазыцыі. Ва ўмовах немагчымасьці кантраляваньня базавых працэсаў, што адбываюцца ў дзяржаве і грамадзтве, палітычная апазыцыя робіцца закладніцай абставінаў, мусіць пры самых сваіх актыўных дзеяньнях спадзявацца на цуд, на форс-мажор ці на натуральны ход падзеяў, які можа заняць балюча шмат часу. Яна ня можа даць аніякіх гарантыяў, што самыя эфэктыўныя індывідуальныя і калектыўныя дзеяньні прынясуць плён, што яны ня будуць ануляваныя прэвэнтыўнымі захадамі ўлады. Разам з хвастом мінулых няўдачаў гэта ператварае безнадзейнасьць у руціну: паразы, няўдачы пачынаюць успрымацца як данасьць.

Ва ўмовах, калі безнадзейнасьць стала руцінай, калі актыўныя дзеяньні трапляюць пад артыкулы Крымінальнага кодэксу, калі ўлада загадзя мае адказ амаль на любыя выклікі з боку апанэнтаў, адзіная сіла, якая застаецца непадкантрольнай і непераадольнай для ўлады, гэта сіла бясьсільных. Захаваньне надзеі на пабудову іншае Беларусі ў будучыні залежыць ад таго, ці будзе працяг у рэвалюцыі духу, пачатак якой мы ўбачылі на плошчы Каліноўскага.

Плошча Каліноўскага была змаганьнем за гонар, а не за ўладу.

Фота Андрэя Лянкевіча

Падтрыманьне і пашырэньне дысыдэнцкай грамадзкай актыўнасьці ёсьць неабходнай перадумовай для таго, каб у будучым узьнікла сур’ёзная палітычная альтэрнатыва. Такая дзейнасьць шмат у чым розьніцца ад палітычнай – яна больш індывідуальная і, калі так можна сказаць, дробнагрупавая, чым калектыўная і палітычная. Яна ладзіцца больш з уласнай ініцыятывы, чым па плянах і стратэгіях. Яна, нарэшце, праводзіцца на свой страх і рызыку – гарантыяў абароны ад ціску, шантажу і рэпрэсіяў сёньня даць ніхто ня можа.

Сёньня як ніколі патрэбнае пашырэньне і мацаваньне тэрыторыі свабоды – дэмакратычнай субкультуры, калі хочаце – палітычнага гета. Пошук новых формаў «існаваньня ў свабодзе» ўжо вядзецца незалежнымі высілкамі – і пашырэньне ўплыву палітычнага Інтэрнэту ёсьць адной зь відавочных праяваў.

Карысьць для Беларусі можна прыносіць і не зацыкліваючыся на палітыцы. Летні адпачынак, заўзятарства, краязнаўчыя экскурсіі, любая іншая непалітызаваная і дэбюракратызаваная форма аб’яднаньня аднадумцаў (апошняе – дэбюракратызацыя – сёньня асабліва важна, каб зьменшыць пагрозу крымінальнага перасьледу) могуць быць нашмат больш плённымі, чым любыя заклікі далучыцца да наступнай палітычнай кампаніі.

Тэрыторыя свабоды ня здольная выжыць без салідарнасьці і ўзаемадапамогі. Зьменшыць кошт існаваньня ў паралельным грамадзтве можна толькі супольнымі высілкамі ўсіх яго сяброў. Самая простая дапамога тым, хто трапляе пад дзяржаўны каток, ці іхным сем’ям – ахвяраваньне невялікіх грошай ці часу, каб дапамагчы ў побытавых пытаннях. Маральная падтрымка сёньня значыць больш чым калі. Тое самае тычыцца і больш шырокага грамадзтва. Трэба навучыцца заступацца за любога пакрыўджанага, наладжваць кантакты зь любымі аўтаномнымі асяродкамі, перапісаць талмуды сваіх праграмаў у некалькі радкоў канкрэтных і зразумелых прапановаў і патрабаваньняў.

Наладжваньне камунікацый з падкантрольным уладзе грамадзтвам, па-за рамкамі дэмакратычнай субкультуры, немагчыма без інфармацыйнага прарыву. Гэты прарыў сёньня можа ажыццявіцца толькі з-за мяжы. Арганізацыя незалежнага тэлевізійнага і радыёвяшчаньня на Беларусь абмяркоўваецца і мусоліцца ўжо каторы год, але гара кожны раз параджае мыш. Існуючая на сёньня палітычная апазыцыя валодае інструмэнтамі, каб як мінімум паспрабаваць арганізаваць гэты масіўны інфармацыйны прарыў. Болей за тое, я лічу гэта галоўнай яе задачай на бліжэйшы перыяд – урэшце, без інфармацыі аб палітычнай дзейнасьці гаварыць не даводзіцца. Трэба памятаць, аднак, што патрэбна менавіта інфармацыя для грамадзянаў, а не трыбуна для таго ці іншага палітыка або працоўнае месца для таго ці іншага «свайго» журналіста.

Быць дысыдэнтам ва ўмовах карпаратыўнай дзяржавы ўсё ж параўнальна лёгка. Стратэгія будуецца з шэрагу дробных справаў. Можна проста займацца тым, чым займаесься, – пісаць артыкулы, друкаваць кнігі і часопісы, рабіць інтэрнэт-сайты, размаўляць зь людзьмі...

Палітычнай апазыцыі нашмат складаней. Патрэбны мэты, патрэбны вынікі. Патрэбна сьвядомая рызыка, больш высокі ўзровень самаахвярнасьці, патрэбныя здольнасці, каб пераканаць іншых ісьці на ахвяры, амаль нічога не абяцаючы ўзамен. Сьпіс аб’ектыўных прычынаў, па якіх палітычная апазыцыйная дзейнасьць сёньня можа быць толькі малаэфэктыўнай, доўгі. Але калі палітычная апазыцыя зьмірыцца з аб’ектыўнымі прычынамі, яна канчаткова ператворыцца ў частку дысыдэнцкага асяродку. Толькі што дысыдэнтам па азначэньні не патрэбныя лідэры й начальнікі. Яны патрэбныя тады, калі зьяўляецца мэта, пэрспэктыва.

Ня выключана, што палітычная дзейнасьць у бліжэйшы час будзе магчымая толькі ў дысыдэнцкіх формах.

Фота Юліі Дарашкевіч

Пры ўсіх сваіх недахопах існаваньне арганізаванай апазыцыі дапамагае захоўваць надзею, што палітычны прарыў магчымы. У гэтым яе, калі хочаце, сацыяльная значнасьць. Але апазыцыя можа быць запатрабаваная грамадзтвам толькі як пратаганіст пераменаў, а не як праваднік партыйных інтарэсаў і ідэалёгіяў. Партыйным актывістам даўно пара ўсьвядоміць, што правы й левы, лібэральны й кансэрватыўны электараты ў Беларусі зьявяцца толькі тады, калі адродзіцца публічная палітыка. Прасоўванне асобных ідэалёгій, праграмаў, лідэраў толькі паглыбляе адчужэньне паміж апазыцыяй і незалежным грамадзтвам. Калі застаюцца палітычныя партыі, неабходна любымі высілкамі захаваць аб’яднаўчыя інстытуты, такія, як кааліцыя і Кангрэс дэмакратычных сілаў.

Палітычныя лідэры мусяць усьвядоміць, што падпарадкаваць грамадзянскую актыўнасьць у сёньняшніх умовах немагчыма. Дысыдэнтам не патрэбны рэгістрацыя, офісы і шмат чаго іншага, яны могуць існаваць дэцэнтралізавана. Калі ўзьнікне канкурэнцыя паміж апазыцыяй і грамадзкім сэктарам, першая непазьбежна прайграе. Наадварот, існаваньне палітычнай апазыцыі сёньня хутчэй апраўдваецца тым, якія паслугі яна можа аказаць незалежнаму грамадзтву. Тое, чым палітыкі мусяць займацца ў бліжэйшы час, – гэта таксама збольшага грамадзкая, а не палітычная дзейнасьць.

Любое высьвятленьне адносінаў, любыя канфлікты, зьвязаныя з барацьбой за лідэрства, сёньня дыскрэдытуюць увесь дэмакратычны рух. Скліканьне новага Кангрэсу дэмакратычных сілаў, перагляд раскладу сілаў унутры кааліцыі, вызначэньне новых лідэраў мэтазгодныя толькі тады, калі ўсе ўдзельнікі аб’яднаньня будуць гатовыя прызнаць яго вынікі без скандалаў, кулюарнай барацьбы і абструкцыі.

Падзеі на плошчы Каліноўскага засьведчылі мабілізацыйны патэнцыял ілюзіі. Бессэнсоўныя выбары ўрэшце мелі пэўны сэнс, калі нехта захоўваў хай сабе наіўную надзею на тое, што яны могуць штосьці змяніць. У гэтым і палягае сэнс удзелу апазыцыі ў выбарах. Аднак трэба памятаць, што ўдзел у выбарах мае сэнс толькі тады, калі кожная кампанія – мясцовая ці парлямэнцкая – зьяўляецца падрыхтоўкай да паўстаньня новай плошчы Каліноўскага падчас заканчэньня кампаніі прэзыдэнцкай.

Рэалізацыя буйных палітычных стратэгіяў ва ўмовах татальнага кантролю, актыўных прэвэнтыўных дзеяньняў рэжыму і існаваньня ў рэзэрвацыі маларэальная.

Пытаньне аб уладзе падчас палітычнай кампаніі 2006 году не стаяла ні да яе пачатку, ні ў канцы. Сцэнар, скапіяваны з украінскага, мог ажыцьцявіцца толькі тады, калі барацьба за ўладу ня несла фізычнай пагрозы яе ўдзельнікам.

«Крызісу ўлады», аб якім апавядаў Мілінкевіч, пакуль насамрэч не назіраецца. Наадварот, улада выйшла з апошніх палітычных падзеяў кансалідаванай. Яе крызіс магчымы толькі тады, калі рэсурсы, неабходныя для падтрыманьня адміністрацыйнага і эканамічнага кантролю над грамадзтвам ды ляяльнасьці ўласнага бюракратычнага і адміністрацыйнага апарату, згаснуць альбо радыкальна зьменшацца. Менавіта тады ўзьнікне попыт на палітычную альтэрнатыву, а палітычная апазыцыя атрымае магчымасьць вырвацца з рэзэрвацыі.

Апазыцыя няздольная прысьпешыць гэты працэс. Яна здольная, аднак, прадбачыць ці спрагназаваць магчымыя сцэнары яго. Яна мусіць быць гатова да магчымага крызісу ўлады ня толькі ў арганізацыйным аспэкце, але і ў ідэалягічным. Крызіс ператвараецца ў палітычныя магчымасьці толькі для таго, хто здольны інтэрпрэтаваць яго прычыны і прапанаваць гэтую інтэрпрэтацыю грамадзтву.

У любым выпадку, дэмакратычная апазыцыя і незалежнае грамадзтва пакуль застаюцца закладнікамі безнадзейнасьці. Варыянт таго, што дэмакратычны супраціў у найбліжэйшы час будзе магчымы выключна ў дысыдэнцкіх формах, выключаць нельга. Індывідуальны супраціў – гэта самае галоўнае ў такіх абставінах. Варта памятаць, што ён непазьбежна прынясе плён, што канструкцыя карпаратыўнай дзяржавы ня вечная. Дысыдэнт усё ж мае адну перавагу, якую не здольныя адняць ніякія рэпрэсіі, – ён бачыў і ведае, як руйнуюцца дыктатуры.

Гэты тэкст – урыўкі з артыкулу В.Сіліцкага «Памятаць, што дыктатуры руйнуюцца», поўны варыянт якога быў зьмешчаны ў «ARCHE» №7–8 за гэты год.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0