Некалькі апошніх дзён адной з асноўных навінаў большасці электронных сродкаў масавай інфармацыі з’яўляецца пахаванне расійскага крымінальніка Вячаслава Іванькова («Япончыка»).

Іванькоў, якому было 69 год, памёр 9 кастрычніка у маскоўскім шпіталі, так і не ачуняўшы ад раненняў. Агнястрэльныя раненні былі ім атрыманыя падчас нападу 28 ліпеня ў Маскве. Улетку навіна аб замаху на яго таксама абляцела ўвесь свет. У чым жа прычына такой вядомасці і папулярнасці?

Прычына ў тым, што Іванькоў быў не проста грамадзянінам Вячаславам Іваньковым. Ён быў крымінальным аўтарытэтам, так званым «злодзеем у законе», які размяркоўваў грашовыя плыні, падкантрольныя разнастайным крымінальным структурам. І гэтага было дастаткова,

каб пра смерць Іванькова пісалі ўсе. І як пісалі!

Папулярнае расійскае інтэрнэт‑выданне lenta.ru ў вялікім артыкуле апісвае усе драбніцы, звязаныя з замахам і пахаваннем В. Іванькова. Прыводзіць словы следчых, якія называюць гэтага крымінальнага аўтарытэта не іначай, як «ахвярай сутыкнення сфер інтарэсаў крымінальных груповак». У матэрыяле, пададзеным lenta.ru, таксама распавядаецца аб выключна мірных мэтах візіту Іванькова ў Маскву. Ён, нібыта, павінен быў улагодзіць канфлікт паміж рознымі групоўкамі.

Іншы папулярны расійскі рэсурс — РІА навіны — паведамляе, што на пахаванні В. Іванькова прысутнічалі VIP‑персоны і вядомыя расійскія эстрадныя артысты, з якімі ён сябраваў. Акрамя непасрэдна паведамлення аб смерці і пахаванні, РІА Навіны дае падрабязны аналіз крымінальнай сітуацыі ў Расіі, а таксама спрабуе разабрацца, каму была выгадная смерць Іванькова. Называючы мноства імёнаў разнастайных крымінальных аўтарытэтаў. Пра іх вядома амаль усё, аднак боьшасць з гэтых людзей жывуць на волі.

А больш за ўсё ўражвае нават не гэтае прыхаванае ўхваленне, якім ахуталася смерць крымінальнага аўтарытэта Іванькова. У сеціве з’явіліся фотаздымкі з пахавання. Там мноства людзей з кветкамі прыйшло правесці ў апошні шлях забітага.

Побач з труной яны нясуць вялікі расійскі трыкалор, якім пазней накрыюць дамавіну. Быццам хаваюць не крымінальніка, а героя.

І гэтыя фотаздымкі перадрукоўваюць і перадрукоўваюць. Таму што любая навіна з пазнакай «япончык» будзе добра чытацца, праглядацца і каментавацца. Нават у Беларусі спрабуюць далучыцца да «славы героя».Некаторыя СМІ шукалі яго беларускія сляды.

Вось такія вартасці, так бы мовіць, у законе. Можна, вядома, заўважыць, што гэта збольшага расійскія СМІ так адрэагавалі на смерць Іванькова. Толькі шалёная папулярнасць расійскіх крымінальных серыялаў у Беларусі сведчыць зусім аб іншым. І адрозніваць герояў ад бандытаў становіцца ўсё складаней. Прычым не толькі ў серыялах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?