Гэта ў Магілёве ўсё мераюць на кілямэтры. «Тры кілямэтры шчасьця», – казалі мне пра маладую беларускамоўную сям’ю, у якой нарадзіўся сын. «О-о, дзесяць кілямэтраў праблемаў», – так у двух словах аналізуюць стан справаў у мясцовай дэмакратычнай кааліцыі. «Яму да патрыёта сто кілямэтраў», – а гэта пра вядомага земляка, які апошнім часам усё часьцей гаворыць пра незалежнасьць. І ўдакладняюць: «Паўзком. На каленях».

Цяпер у Магілёве на «хіміі» сядзіць маладафонтавец Артур Фінькевіч. Самага маладога палітвязьня штодня прыходзяць падтрымаць магілёўцы, прыяжджаюць менчукі. Чытаю пра гэта і згадваю, як пару гадоў таму адзін з тамтэйшых адраджэнцаў безнадзейна махнуў рукой: «Э-э, ды тут нікому нічога ня трэба. Усе самі сабе, хата з краю. Якая салідарнасьць, пра што ты гаворыш... Дзе яна?» – і дзьмухнуў у паветра, і разьвёў рукі ў бокі: няма.

Год адседкі на лесанарыхоўках – самы час, каб спраўдзіць, ці існуе беларуская салідарнасьць. Зьмерыць яе ў Малым Сітне. Па-магілёўску – у кілямэтрах.

Кожны візыт, кожны госьць, хто й адкуль, у мяне ў асобным сшытку запісаны. Больш за 260 чалавек. Лічу, колькі праехаў каторы зь іх – сюды й дахаты, – падсумоўваю і атрымліваю неверагодную лічбу 120 000 кілямэтраў.

Тры зямныя экватары! Беларускай салідарнасьцю ў адным асобна ўзятым выпадку і толькі за год, аказваецца, можна тройчы абярнуць зямны шар!

Нават з найбліжэйшага Полацку дасюль далекавата – 50 км. Але менавіта полацкая салідарнасьць усе гэтыя месяцы давала мне і хлеб надзённы, і духовую ежу. Міждэнамінацыйная дэлегацыя полацкіх хрысьціянаў (праваслаўны, каталік ды ўніят з уніяткаю) завезла сюды бульбы й гародніны, а ў дадатак і ката Партызана. Сябры незалежнага прафсаюзу «Шкловалакно» ці не штомесяца прыяжджалі з пакункамі харчу ды вопраткі, арганізатары агратурызму зь Мёраў – зь вясковымі прысмакамі. Лідэры мясцовай апазыцыі Аляксей Трубкін ды Васіль Главацкіх забясьпечвалі газэтамі. Каталіцкая пісьменьніца Ірына Жарнасек прывозіла посную ежу ды вітаміны. Грэка-каталікі перадавалі рэлігійную літаратуру. Самым жа частым госьцем быў пісьменьнік Вінцэсь Мудроў зь нязьменным «свабодаўскім» дыктафонам.

Віцебская салідарнасьць, у сваю чаргу, дамагалася для мяне адпачынкаў і арганізоўвала транспарт. Немагчыма апісаць, колькі разоў бацькі падымалі на вушы ветрынскую, полацкую і віцебскую міліцыю пасьля кожнага парушэньня ці абмежаваньня маіх правоў. Падчас аднаго з такіх вэрхалаў уражаны опер са спэцкамэндатуры прызнаўся: «Самая моцная партыя, Павал Канстанцінавіч, – партыя бацькоў». Сябра сям’і Вадзім Баршчэўскі, Хрыстафор Жэляпаў, лідэр абласнога Фронту Кастусь Смолікаў штораз садзіліся ў машыны ды ехалі да Сітна. Валер Шчукін (пасьля якога любога барадатага наведніка сустракаюць захопленыя воклічы сіценцаў: «О! Аляксеіч!»), Яраслаў Берніковіч з Глыбокага, каталіцкія, уніяцкія, пратэстанцкія сьвятары з Полацкага ды Лепельскага раёнаў зрабіліся ў Малым Сітне ўжо сваімі.

Больш за ўсё наведнікаў было зь Менску. Сталічная салідарнасьць арганізавала ў глухой лясной вёсцы агмень цывілізацыі. Рэдакцыя «Нашай Нівы» прывезла сюды побытавую тэхніку ды аптэку лекаў; генэрал Фралоў – тэлевізар, маладафронтаўцы – радыёпрымач; дэлегацыя беларускага ПЭН-цэнтру на чале з Уладзімерам Някляевым, Лявонам Баршчэўскім, Уладзімерам Коласам ды Ўладзімерам Арловым – цэлую бібліятэку мастацкай літаратуры; ініцыятыўная група БХД – кубамэтар кансэрваў (састаўлены ў масіўную вежу проста на падлозе, ён яшчэ доўга выклікаў у сіценцаў сьвятарнае трапятаньне: «А што, Амэрыка ўсіх, хто ў вашай партыі, так забясьпечвае?!»). Падзеі Плошчы, быццам на тэлеэкране, мне паказвалі запісаныя фільмам на ноўтбуку... Вячаслава Сіўчыка, які сябры з «Бацькаўшчыны» прывезьлі разам са сьвяточным сталом (!). Доўга сьмяяліся з прапановы занесьці такі сэрвіс у рэестар паслугаў МУС... Сіценцы й алешчынцы хаваліся ад камэры Юр’я Хашчавацкага, унікалі аб’ектыву фотаапарата Пётры Васілеўскага, скардзіліся на начальства ў мікрафоны Генадзя Барбарыча, Тацяны Мельнічук ды Аляксандра Старыкевіча; узгадвалі, што кніжкі Арлова стаяць у іхняй бібліятэцы, і ня верылі, што гэта ходзіць па лузе ён сам. Маладафронтаўцы й зуброўцы – гурбы камуфляжнае моладзі зь бел-чырвона-белымі значкамі ды шаўронамі – пакідалі ўражаньне, што ў вёску ўвайшоў сапраўдны беларускі партызанскі атрад і ўлада перамянілася.

Ну, а як сустракалі Аляксандра Мілінкевіча (кавалькада зь некалькіх машынаў, каманда суправаджэньня на чале зь Сяргеем Калякіным, фотаўспышкі) – лепш за ўсё сьведчаць вынікі алешчынскіх праймэрыз, дзе адзіны атрымаў 70% галасоў супраць 10% у Лукашэнкі. Падчас другога, нядаўняга візыту сп.Аляксандру ў вёсцы проста не давалі праходу: прасілі дапамагчы з рамонтам хаты, падняць леспрамгас, павысіць заробкі...

Панаехала гасьцей і з астатніх абласьцей. Эвангельскі пастар з Койданава цэлы дзень чакаў мяне з Полацкай царквы; мае дзядзькі з Гомельшчыны дабіраліся сюды двое сутак; берасьцейскія маладафронтаўцы арандавалі мікрааўтобус, каб ехаць 700 кілямэтраў праз усю краіну, а гарадзенцы на чале з Паўлам Мажэйкам прывезьлі з сабою польскую тэлевізію (адзін зь мясцовых п’янтосаў, падняўшыся з канавы, растапырыў рукі й крычаў апэратару: «Здымай! Я тут жыву!..»).

А хто-ніхто дабіраўся сюды й з-за мяжы. Пратэстанты-прадпрымальнікі ехалі з Кіева, каб абмеркаваць беларускую палітычную сытуацыю. Францускія й амэрыканскія журналісты рабілі кола зь Менску, каб пацікавіцца быцьцём сіценскай глыбінкі. Прадстаўніку Швэцыі ў Беларусі Стэфану Эрыксану, каб перадаць мне кнігі, давялося езьдзіць у Сітна двойчы – першы раз узімку яго разьвярнулі ўжо ў вёсцы, і толькі праз паўгоду, захаваўшы інкогніта, ён здолеў пранікнуць у засакрэчаныя гушчары беларуска-расейскай інтэграцыі. Пасьля візыту беларускіх студэнтаў, якія працуюць у Капэнгагене й чые нумары на аўтамабілі мяцовыя віжы зблыталі зь нямецкімі, у навакольлі быў абвешчаны сапраўдны алярм: «Немцы ў лесе!» Ледзь не дайшло да апэрацыі «Баграціён»...

Межаў артыкулу ня хопіць, каб пералічыць усіх, хто праехаў паўкраіны, каб выказаць сваю салідарнасьць. А яшчэ ж былі сотні лістоў ды пасылак – спадзяюся напісаць пра іх у наступным нумары.

Дарагія людзі! Вялізны дзякуй вам усім! Адведзіны Сітна пераконваюць: беларуская салідарнасьць здольная накарміць, апрануць, абараніць і натхніць кожнага, хто трапіў пад удар рэжыму.

Калісьці, у часы Майсея, Бог вызначыў габрэйскаму народу меру шляху да зямлі абяцанай. Свая такая мера, палічаная ў днях і кілямэтрах, пэўна, ёсьць і ў нас. Сьведчу: за апошні год толькі праездам празь Сітна беларусы яшчэ на 120 тысячаў кілямэтраў наблізіліся да нацыянальнага абуджэньня.

в.Малое Сітна

Павал Севярынец – у 1998–2004 лідэр незарэгістра-ванага «Маладога фронту». Асуджаны за арганізацыю акцыяў пратэсту пасьля рэфэрэндуму 2004 году. Цяпер у высылцы ў Малым Сітне, на поўначы Полаччыны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0