Днямі ўсе айчынныя СМІ абляцела навіна пра найвялікшы ў гісторыі незалежнай Беларусі джэкпот сумай у 766 мільёнаў 955 тысяч 510 рублёў. Дагэтуль найвялікшы прыз у Беларусі складаў 500 000 000 рублёў.

Самае цікавае, што шчаслівага ўладальніка мільёнаў знайсці покуль не атрымалася. Але ж у яго ёсць шэсць месяцаў, каб заявіць аб сваім праве на выйгрыш. Інакш заснавальнікі абяцаюць перадаць выйгрыш у дзіцячыя дамы.

Для даведкі варта адзначыць, што латарэю «Спортлато» праводзіць кампанія «Спорт-пары». Кажуць, што адным з заснавальнікаў яе з'яўляецца «Прэзідэнцкі спартыўны клуб». А апошні, як вядома, узначальвае сярэдні сын Аляксандра Лукашэнкі Дзмітрый.

Многія мае знаёмыя, дый сам я, пачалі ўжо ўяўляць сябе на месцы пераможцы. І сапраўды, чаму б не памарыць. 737 лімонаў! Больш за 270 тысяч даляраў! Можна адразу набыць кватэру, новую машыну і рэшту жыцьця жыць на працэнты. Можна нават звольніцца нават з далёка ня самай горшай працы і паспрабаваць свае сілы ва ўласным бізнэсе. Ды ці мала магчымасцяў, калі маеш на руках такую суму. Адным словам, сон, мара, мроя...

Але ж мроя гэта толькі для мяне і маіх сяброў. Аказваецца, у Беларусі ёсць людзі, для якіх гэткія мары напэўна могуць прысніцца толькі ў жахлівым сне. Чаму ў жахлівым? Бо з іх вышыні марыць пра кватэры і машыны гэта ўдзел жабракоў.

Усе айчынныя СМІ ізноў абляцела навіна пра Яўгена Шыгалава, старшыню праўлення Гандлёвага дому «Ждановічы». Бізнэсовец цалкам кампэнсаваў нанесеную дзяржаве шкоду памерам 85 мільярдаў рублёў. Для лепшага ўспрымання канвертуем суму ў больш ліквідную валюту і атрымаем лічбу, большую за 30 мільёнаў даляраў. Вось гэта джэкпот!

Для тых, хто не ў тэме, нагадаю, што Шыгалава арыштавалі і звінавацілі ў злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі, вынікам чаго стала нанясенне шкоды экалагічнаму асяроддзю. Пад цьмянай фармулёўкай мелася на ўвазе будаўніцтва гандлёвага цэнтру без адпаведнага дзяржаўнага дазволу. Пазней ён быў вызвалены пад заставу 10 мільярдаў рублёў (каля 3,5 мільёнаў даляраў).

Я чамусьці перакананы, што гэтыя грошы былі ў беларускага бізнэсоўца зусім не апошнімі. Тым не менш, фармулёўкі «нанясенне шкоды экалагічнаму асяроддзю» ў выніку будаўніцтва гандлёвага цэнтру... на фоне дзейнасьці розных НПЗ і «Азотаў» ды планаў на будаўніцтва АЭС выглядаюць неяк недарэчна. Разумею, што наша «прававая» дзяржава лічыць сябе гэткім Робін Гудам, святы абавязак якога — забраць грошы ў багатых і аддаць бедным, але ж у такі альтруізм верыцца з цяжкасцю.

Ні для кога не сакрэт, што ў нашай вертыкальна-кланавай дзяржаве, пабудаванай на адкатна-адміністратыўнай эканоміцы, юрыдычна бязгрэшных людзей з гэткімі бюджэтамі быць не можа. Таму шчасьлівы 85-мільярдны джэкпот Шыгалава для дзяржавы выглядае зусім не выпадковасцю. Уласна кажучы, як і найвялікшы ў гісторыі незалежнай Беларусі джэкпот сумай 766 мільёнаў 955 тысяч 510 рублёў ад «Прэзідэнцкага спартыўнага клубу».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?