Швайцарцы ня дбаюць ні пра вопратку, ні пра касмэтыку. Затое яны, як дзеці, радуюцца кожнай магчымасьці даведацца пра новае ці зрабіць дабро. А яшчэ яны дбаюць пра наяўнасьць лаўкі ў кожным месцы, зь якога адкрываецца прыгожы краявід. Праз Познань, Аахен, Парыж і Бургундыю Юліян Гайдук і Ціна Палынская даехалі самаспынам да Швайцарыі.

У маладосьці падарожнічаюць дзеля таго, каб вучыцца, у старасьці – каб адпачываць. Прынамсі, натоўпы старых у шортах пасярод разьвешаных у Люўры палотнаў Леанарда сьведчаць пра тое. Ды, насамрэч, кожнай зьяве – сваё прызначэньне. Выпраўляючыся самаспынам ў Швайцарыю да сяброўкі Элы Скаруліс, удавы вядомага беларускага праваабаронцы Арсеня Скаруліса, мы ведалі, што ў падарожжа няма іншай мэты, як дарога.

У Швайцарыі растуць беларускамоўныя Агата і Альгерд.

Хутар у крэдыт

Правёўшы першую «замежную» ноч на спальніку пад зоркамі ў крывавай бойцы зь цярэспальскімі камарамі, у сутоньні наступ-нага дня нечакана трапля-ем у госьці да новых сяброў. Шыман і Мадзя праскочылі нас на вялікай хуткасьці, вярнуліся, і, пакуль мы ўладкоўваліся, яны ўтаймоўвалі свайго вялікага сабаку, тлумачачы, што самі абышлі Эўропу спынам...

Гаспадары жывуць на тым, што ў нас прынята лічыць хутарам. Купка вялікіх бела-шкляных катэджаў даўно спачывае – апроч пані, якая штовечар дае Мадзе сьвежае малако. Мадзя цяжарная, тры дні таму яны з Шыманам пашлюбаваліся, а праз тры месяцы яна народзіць сына. Шымана побач ня будзе – ён зьедзе на заробкі ў Англію.

Двухпавярховы дом са шкляной гасьцёўняй ды вялікай тэрасай, джып-пазадарожнік – усё гэта атрымана ў крэдыт. Выплаты расьцягнуцца на шмат гадоў, але працаваць у Ангельшчыне Шыману прыйдзецца не па сваёй гуманітарнай спэцыяльнасьці.

У Шымана з Мадзяй эўрапейская звычка прымаць гасьцей – забясьпечыўшы вячэрай ды ложкам, яны сыходзяць наверх, паклапаціўшыся ўдакладніць, дзе можна паліць. Ранкам мы атрымліваем трускаўкі ў дарогу й фатаздымак з адрасам.

Пяць эўра на каву

Паклаўшыся спаць ля трасы за Познаньню, разумееш, што такое мяжа. Бясконцы паток велікагрузаў з ровам плыве на захад. Адчуваньне, што ідзе вайна.

Нямеччына. У краявідзе не засталося нічога польскага – чырвоная цэгла мажных пуняў зьмяніла польскую кветкавую легкадумнасць, а шпілі кірхаў заместа звыклых касьцельных контураў змушаюць міжволі падціснуць вусны, настройваючы на культ стрыманых эмоцыяў. Угаварыць якога кіроўцу перавезьці празь мяжу ня надта проста – ніхто ня пэўны, што мы з гастарбайтэраў, у якіх усё ў парадку з дакумэнтамі. Урэшце нейкі пан зацікаўліваецца – хто ж мы за людцы такія? Глядзіць у мапу ды радуецца, што правязе нас аж 600 км. Амаль праз усю Нямеччыну.

Разьвітаньне з панам нечакана разьвязвае языкі. Мы ўжо ведаем, што замежны стоп – не «савецкі», і справа ня толькі ў тым, што па аўтабане хадзіць нельга. Руйнаваньне стэрэатыпу пра абыякавасьць і самазамкнёнасьць заходніх людзей адбываецца адначасова з разуменьнем прыроды іхняе гасьціннасьці: яны сапраўды ня спыняцца, калі не прачытаюць твой пункт прызначэньня на самаробнай шыльдачцы – альбо не пачуюць ад цябе, чаго ты ад іх хочаш. А пачуўшы, зробяць максымум магчымага. Нават падораць 5 эўра на каву. Мы зьдзіўляліся жаданьню даць грошы валацугам з Вайс-Русьлянд і нязьменнай таксе ў 5 эўра – кошту двух кубкаў напою на паркінгу. Гэта ўсё ад жаданьня выказаць захапленьне людзьмі, якія паперліся глядзець Парыж з аддаленай у прасторы і часе «краіны Люкашэнка».

Уменьне падтрымліваць размовы

Суботнім вечарам памежным з Бэльгіяй Аахенам пазначаецца ўяўленьне пра рознакаляровасьць сьвету. Дзіўнаваты араб на адкрытым «кадылаку» спачатку адмаўляецца нас падвозіць, але, паназіраўшы за намі гадзіны з паўтары («дальнабоі» змогуць прадоўжыць шлях толькі ў панядзелак), сам жа падзывае. Мы зрываемся ў ноч, і ўсіх накрывае расчараваньне – яму няма як размаўляць з намі пра чэмпіянат, бо ўся наша пра яго абазнанасьць абмяжоўваецца падабранай на дарозе трохколернай нямецкай стужкай.

У дні футболу Эўропа дае волю эмоцыям. Практычна ўсе машыны ідуць пад сьцягамі, шмат на якіх чатыры сьцягі адразу з кожнага акна.

Араб давозіць нас да францускай мяжы. Пасьля амаль адразу нас падхопіць-возьме валагавокі каляровы хлопчык, і празь дзьве гадзіны мы апынёмся ля Аўстэрліцкага вакзалу, не разумеючы, дзе канчаецца наша стомленасьць і дзе пачынаецца Парыж.

Тры катэгорыі кляшараў

Уначы парыскія вакзалы сьпяць, таму і Аўстэрліцкі, і Ліёнскі адразу хаваюць нашы мары пра кубачак кавы. жыцьцё прадумана, уначы Парыж не турбуюць цягнікі. На вуліцы людзей сьвет – трэцяя гадзіны ночы, а іх ня меней, чым удзень, і ўсе яны відавочна ведаюць, куды кіруюцца. Шпацыруючы мосьцікам цераз Сэну, адразу натыкаемся на намёты кляшараў. Тыя сьпяць, толькі капелюшы для грошай стаяць ля намётаў. Салдат сьпіць – служба ідзе.

На мосьце цераз Сэну.

На Ліёнскім вакзале знаходзім кляшараў, якія абыходзяцца без намётаў: яны сьпяць ці проста адпачываюць на ўмантаваных у асфальт рашотках, з-пад якіх падымаецца цяпло.

Першымі ў Парыжы прачынаюцца булачнікі. Зазіраем у вокны, што запальваюцца першымі. Зь іх – хвалі дзіўных пахаў, заклапочаныя людзі мітусяцца ля печак, першыя круасаны раскладаюцца на вітрынах, што пакрысе вызваляюцца ад начных чахлоў. Праз гадзіну пачнуць сваю справу гандляры мясам, потым пакоцяцца да столікаў двухколкі з гароднінай. Неба паружавее, калі ў кандытарскай, гаспадыня якой яшчэ распраўляе абрусы, мы ўпадабаем дзівосныя пірожныя.

Брудны чароўны горад

Пакеты са сьмецьцем гадзінамі стаяць, сьмердзючы ва ўсе бакі. Самыя гожыя дзяўчаты – чарнаскурыя, яны дагледжаныя на тле «запрацаваных» белых цётак ва ўніформе з шортаў ды простых саколак. Будучыня належыць каляровым?!

У Парыжы цяжэй за ўсё пераадолець «турысцкія спакусы» ў выглядзе даўно знаёмага сьпісу рэчаў накшталт Пон-Нёф ды Пале-Раялю. Выйшаўшы з-пад Нотр-Даму, галоўнае своечасова схамянуцца, набыць віно ды пацягнуцца піць яго з бутэлечкі пад квадратны жывот Эйфэлевай вежы, пацьвельваючыся з натоўпаў, якія стаяць у чарзе, каб падняцца па ёй уверх, не разумеючы, што пад ёй, пад ейнымі чатырма нагамі, – куды лепей. І адкінуць той сьпіс жаданага для прагляду – углядаючыся ў проста Парыж.

Развалы букіністаў уздоўж Сэны (Парыж).

Самыя танныя гатэлі каштуюць 21 эўра з носа. Іх адрасоў вам, вядома, ніхто не падкажа – на іх можна адно выпадкова наткнуцца, блукаючы недзе па правым беразе, – так шчасьціць толькі сапраўды ненармальным валацугам.

Бургундзкая гасціннасьць

У Шаблі трапляць мы не меркавалі. Што тая сталіца вінаробства, калі трэба пасьпець у час дабегчы пехам да Швайцарыі. Аднак, паміраючы ад смагі на выпаленым аўтабане, мы паразумеліся зь немаладой мадам. Тая кіравалася ў Жэнэву, але праз гасьцяваньне-начаваньне ў брата недзе ў глушы Бургундыі. Глуш звалася Шаблі.

І зноў уразіліся альгарытмам заходняй гасьціннасьці. Спачатку мы дамовіліся, што будзем спаць на сваім спальніку там, дзе мадам пакажа пальцам, пасьля, у Шаблі, набыўшы нам ежы на заўтрашні шлях (мы запозна даведаліся, што ў краіне эўра немагчыма памяняць даляры), мадам паведаміла, што пакажа нас брату. Патрык і ягоная жонка Матыльда пачалі з соку ды прапановы паставіць намёт у іх на лужку, увечары ж, наблукаўшыся вінаграднікамі, мы ўбачылі прыгатаваны для нас пакой ды атрымалі стос ручнікоў па дарозе ў лазенку. Затое... леглі спаць галоднымі. Дарма, памыўшыся, чакалі мы, што Патрык і Матыльда адарвуцца ад мундыялю ды прыгадаюць пра галодных людзей, дарма ляскалі зубамі, уяўляючы, колькі смачнага засталося ў нас ў багажніку аўто. Зранку мы атрымалі затое свойскі францускі сьняданак ды каву з гарачым малаком.

У францускай правінцыі ня рэдкасьць сустрэць хату з XV ст.

І яшчэ адна тамтэйшая рыса. Частуючы, мадам крытычна агледзела нашы набыткі, зьдзівілася зь іх сьціпласьці, нават адабрала ў нас малако ды памяняла пляшкі на даражэйшыя, тыцаючы ў этыкетку, дзе нешта пазначалася пра ліпіды. А пасьля асобна разьлічылася за нашы прадукты ды ўрачыста ўручыла нам рахунак. Эла Скаруліс, да якой мы скіроўваліся, пазьней давяла нам, што менавіта праз рахунак на нас выдаткаванага мадам адно і магла падкрэсьліць кошт свайго добрага да нас стаўленьня. Каб пераканаліся, якіх менавіта грошай ёй не шкада для такіх мілых людзей. І свой мэйл яна дала, сьцьвярджае Эла, таксама не дзеля разьвітальнага рытуалу – яна сапраўды будзе чакаць ад нас лістоў на дрэннай ангельскай са справаздачай аб падарожжы ды пра жыцьцё ў Беларусі. Бо заходнія людзі – адкрытыя, як дзеці, і, як дзеці, да сівых валасоў не губляюць цікаўнасьці да сьвету.

Краіна на далоні

Эла кажа, што ўсе эўрапейскія гарады, нават і Менск, падобныя ў галоўным – яны створаныя для працы. Швайцарыя – выключэньне. Ускочыўшы праз тунэлі ў горныя развалы, мы, пакуль мадам прытарможвае на небясьпечных паваротах на сэрпанціне, аглядаем зьверху жывую мапу: вось Жэнэва, а вунь там Лязана. Маленькая краіна, праўда, не спрашчае перасоўваньня самаспынам, бо сетка аўтабанаў пачынаецца адразу за горадам, а паркінгаў тут ужо няма – навошта яны, калі найвялікшая адлегласьць паміж гарадамі – 30 км? Дый вялікіх заправак няма, адно маленечкія, побач з прыватным домам, з адным «агрэгатам».

Дворык мастака пад Тунам.

Швайцарцы рана сканчаюць працоўны дзень: крамы працуюць да сёмай. Выключэньне – пятніца, калі на ўік-энд усе старанна затарваюцца да дзявятай, бо ў выхадныя ў прадаўцоў адпачынак, як і ва ўсіх людзей. А звыклыя нам установы накшталт «чэйндж» увогуле працуюць толькі зранку.

Эла жыве ў маленькай вёсцы зь вялікім супэрмаркетам. Ёсьць і іншыя крамы, розныя там сэкцыі фірмаў-гігантаў, але туды нам нецікава. Супэрмаркет у вёсцы, думаецца, зьмяняе настрой вясковага жыцьця: навошта імкнуцца кудысьці, калі ў сваёй краме можна набыць усё, што лучыць цябе са сьветам? А вось паштоўкі з краявідамі Ватэнвілю прадаюцца адно ў гемайдзе – «сельсавеце».

Краіну сыру ўражвае тым, як апранаюцца людзі. На жыхарах самай багатай краіны сьвету дамінуюць… тыя самыя шорты ды бясформенныя майкі. Вопратка тут сапраўды значыць мала!

Ніякай касмэтыкі

Нашых людзей дзесяцігодьдзямі вучылі таму, што духоўнае павінна ў чалавеку пераважаць над «мяшчанскім». Выглядаць абы-як ды ганарыцца сваім унутраным сьветам мы так і не навучыліся, а заходнія людзі прыйшлі да гэтага самі – праз дабрабыт.

Эла кажа: навошта купляць модную вопратку заместа старой зручнай, калі ты ведаеш, што можаш гэта зрабіць? З парогу яна ўражвае нас непадробным зьдзіўленьнем, калі мы просім прас, – як, навошта, тут ніхто не прасуе адзеньня, дый нашы «найлепшыя» саколкі падаюцца ёй вычварнымі: навошта такія прыгожыя апранаць, у іх жа сьпякотна. Касмэтыкай тут таксама ніхто не карыстаецца. Фрызура – адзінае бездакорнае ва ўсіх кабетаў. Чым тады, міжволі зьдзіўляемся, дзяўчаты тут спыняюць позіркі хлапцоў, калі яны цалкам адмовіліся ад таго, каб дбаць пра выгляд?

Выходзіць, што выключна сабой, тым самым унутраным сьветам, што б’ецца ва ўсьмешцы ды бляску вачэй.

А яшчэ эўрапейцы дбаюць пра наяўнасьць лаўкі ў кожным месцы, зь якога адкрываецца прыгожы краявід.

Сьвечка на бальконе

Гномікі, званочкі, кветкі ля сядзібаў – таксама процілегласьць нашай звычцы нагрувашчваць на падаконьні хатнія расьліны. Нікому ня прыйдзе ў галаву ўлетку трымаць іх у хаце – усё вонкі, каб упрыгожвалі сьвет.

«Індывідуальных» дамоў мала: зямля дарагая, таму кожная сядзіба – «шматкватэрная», на тры-чатыры сям’і. Гмах, у якім жывуць эмігранты, – адзіны бяз гномаў ды бяз кветак. Эла яшчэ не пасьпела пражыць тут столькі, каб адчуць сябе швайцаркай, дый клопат пра малых адбірае час, а суседзі з Шры-Ланкі – людзі іншай культуры.

З Элаю дзьве ночы запар – «дзявочнік» са сьвечкаю на гаўбцы. Мэлёдыя званочкаў спаўзае з Альпаў з усіх бакоў, – ад пачатку мы не зразумелі, што за архітэктурны цуд так чароўна няспынна звоніць. А гэта каровы на выпасах. Статкі мігруюць па гарах суткамі, у кожнай каровы на шыі – званочак. Жыцьцё каровы скончыцца, і ейным званочкам гаспадар упрыгожыць гаўбец ці кухню... або невялічкі бар, калі ён ягоны ўладар. Званочкі не змаўкаюць ні на хвіліну, мы перастаём іх чуць адваротным шляхам, падабраўшыся бліжэй да Базэлю, падзеленага паміж трыма краінамі. Жыцьцё пад званочкі асабліва ўражвае ў ночным халадку, калі вяршыні гор зьнітоўваюцца цёмнымі аблокамі…

А чацьвёртай ночы разыходзімся. Дзівімся: Элка, ты кажаш, што няшмат размаўляеш з тутэйшымі, бо яшчэ не навучылася супольнаму зь імі маўленьню. Але паміжсобку яны пра нешта размаўляюць гадзінамі: глядзі, вакол, на суседніх тэрасах, вунь там і вунь там, таксама чырвоныя, жоўтыя сьвечкі ня гаснуць да ранку. Там жа пра нешта таксама цячэ гутарка! Элка сьмяецца – што вы, там нікога няма. Там даўна паклаліся спаць, у Гельвэцыі рана кладуцца. Сьвечку проста пакінулі на стале на тэрасе, каб было прыгожа. Навошта? Гаспадары ж сьпяць, і ніхто ня пройдзе па вуліцы цягам ночы. Усё адно. Яны ведаюць, што гэта прыгожа, і пакідаюць сьвечку. Няхай сьвеціць зоркам.

Ідзём у горы. Элка распавядае, што Арсень купляў ёй файнае віно ў пляшцы з крывым рыльцам… Арсень загінуў, упаўшы з гары, на якой захацеў паставіць бел-чырвона-белы сьцяг на Дзень Волі.

Наша музыка

Пасьля нямецкага воцату ды швайцарскага малака ва ўсім хочацца дахаты. Дахаты – гэта ў Польшчу. Хочацца гаварыць проста, не шукаючы пакутліва патрэбныя словы чужых моваў. Хаця ўжо прызвычаіліся казаць «грусэр» усім, каго сустракаем на вуліцы. У Ватэнвілі, як і ў беларускай вёсцы, усе вітаюцца з усімі. Толькі тут вітацца трэба хутчэй, бо ўсе, каго сустракаем, – на роварах. Сум па Польшчы ператвараецца ў звычайны голад, бо Нямеччыну пераадольваем не харчуючыся: шкада рэшты грошай на «воцат», калі наперадзе – польскія кілбаскі.

Пра Радзіму ня думаецца – яна нечакана накрывае нас сама, калі, ад’ехаўшыся трохі ад нямецкага памежжа, спыняем «дальнабоя», пытаемся «ў бок Познані», і ён вязе нас да Цярэспалю, да мяжы. Ён гойдае галавой, слухаючы пра падарожжа, кажа: мабыць, даўно ня чулі нашай музыкі – і ставіць «Уладзімерскі цэнтрал». Кілбасак болей ня хочацца. Каб назойлівы голас Круга не змушаў ванітаваць, даводзіцца напружана прыгадваць іншае. Напрыклад, Адамовічава «Ты ведаеш, а сьвет яшчэ пякнейшы...».

Фота аўтара

За больш дэталёвай інфармацыяй пра жыцьцё Эўропры зьвяртайцеся да ўэб-бачынаў http://www.belarus-europe.info/ і www.belarus-europe.info.

Тэлепраграма “Акно ў Эўропу” трансьлюецца на канале RTV і праз кабэльнае тэлебачаньне штонядзелю а 17-й і з паўторам у панядзелак (а 5.00), аўторак (12.00), чацьвер (5.00) і суботу (2.00).

Штотыднёвая радыёпраграма “Акно ў Эўропу” трансьлюецца на Эўрапейскім Радыё для Беларусі на частотах АМ і FM, праз спадарожнік і ў Сеціве а 8-й раніцы (АМ: AM: 612 kHz, спадарожнік: 11013 Mhz, Сеціва: http://www.belradio.fm/, www.belradio.fm/, FM: 103.4 а 5.40).

Гэтыя праграмы фінансуюцца Эўракамісіяй.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0